Урожай-2016. Основная нагрузка не только на комбайнерах, но и на зерносушильных комплексах

Сельское хозяйство

Убраць ураджай з палёў без страт у сціслыя тэрміны – сёння адна з самых галоўных задач аграрыяў. Пры гэтым у перыяд жніва асноўная нагрузка кладзецца на камбайнераў, але па сёлетнім надвор’і не менш адказным участкам працы з’яўляюцца і зернесушыльныя комплексы.

– Зноў непагадзь! Ну  як тут разгарнуць работу на поўную моц? – у чарговы раз на гэтым тыдні з сумам зазначалі працаўнікі ААТ “Ільюшынскі”, калі хмарамі зацягнула неба і пачаў накрапваць дождж.

Сапраўды, неспрыяльнае надвор’е значна замаруджвае тэмпы сёлетняга жніва, на асобных участках тэхніцы складана праехаць, а зерне з палёў паступае вельмі вільготным. Летась у перыяд уборачнай стаяла сухое надвор’е і збожжа калі і патрабавала, то мінімальнага дасушвання. У гэтым жа  годзе вільготнасць дасягае 20 працэнтаў пры аптымальных 13­-14.

А таму ў Ільюшыне гэтымі днямі не змаўкае гул зернесушыльнага комплексу – дасушваюць практычна ўсё зерне – і тое, што пойдзе на насенне, і тое, што здаецца ў залік дзяржзаказу.

– Больш за сто тон дапрацоўваем за суткі, магутнасць зернесушылкі разлічана і на большыя аб’ёмы, аднак дажджлівае надвор’е не дае поўным ходам працаваць зернеўборачным камбайнам. Вільготнасць можна сказаць “зашкальвае”, а таму зерне абавязкова трэба прапускаць праз комплекс. Толькі жыта было блізкім да нормы. Для эканоміі працуе комплекс на дрывах, а не на дызельным паліве, – расказвае ды­рэктар гаспадаркі С.А.Халімоненка.

Наяўнасці ў Ільюшыне такога зернесушыльнага комплексу могуць пазайздросціць іншыя сельгаспрадпрыемствы, не нарадуюцца яму і самі гаспадары. За шэсць гадоў, якія прайшлі з моманту запуску абсталявання, сёлета як ніколі яно запатрабавана. Калі ў іншых гаспадарках дапрацоўваюць зерне на старых, ужо зношаных зернесушылках, прыходзіцца сушыць яго на пляцоўках у сонечнае надвор’е, то тут усё аўтаматызавана, за працэсам загрузкі, ачысткі, тэмпературай можна прасачыць на камп’ютары. З пачатку эксплуатацыі комплексу кожны сезон у аператарскай сустракаем Віктара Васільевіча Казачэнку. Усе моманты і нюансы работы аператар ведае ўжо на выдатна.

Насеннаму фонду ў гаспадарцы заўсёды стараюцца ўдзяляць належную ўвагу. Побач з комплексам на петкусах праходзіць дадатковую апрацоўку і ачышчаецца тое збожжа, што будзе закладвацца пад будучы ўраджай. Тут за працэсам ачысткі на момант нашага візіту сачыў малады работнік С.Пранік, ужо гатовае да захоўвання зерне адвозіў да складоў С.Клопаў. На насенне толькі з азімага зерня плануецца закласці 220 тон. Пасільную  дапамогу гаспадарцы ў  час “гарачай” пары на тэрыторыі комплексу аказваюць мясцовыя школьнікі.

Пакуль у “Ільюшынскім” толькі наблізіліся да экватара ўборачнай, адпаведна і на зернесушыльным комплексе работа будзе кіпець яшчэ не адзін дзень.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: В.Казачэнка, С.Клопаў, С.Пранік, С.Каранеўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *