В Ушачах прошёл праздник мёда и конкурс «Мисс Лето-2016»

Общество

У суботу на тэрыторыі сквера насупраць раённага Дома культуры было надзвычай ажыўлена. Вакол усё яркае, маляўнічае: штучныя і жывыя кветкі, шарыкі і цацкі, танцуючыя “пчолкі” прыцягвалі ўвагу дарослых і дзяцей. А ў паветры лунаў водар мёду – у культурным жыцці нашага раёна свята ў гонар усімі любімага прадукту за кароткі час стала адметным і адным з самых любімых.

Пра карысныя якасці гэтага ўнікальнага прадукту вядома практычна кожнаму, чалавек спрадвеку выкарыстоўвае яго ў самых разнастайных мэтах. Мёд не проста салодкае рэчыва, а найкаштоўнейшы дар прыроды, у склад якога ўваходзіць вялізная колькасць неабходных чалавеку кампанентаў. Таму многія прытрымліваюцца народнай мудрасці: «Кожны дзень прымай мядок, будзеш моцны, як дубок!».

– Мёд у маім рацыёне пастаянна, – расказваў добра вядомы ўшачанам прыхільнік здаровага ладу жыцця Пётр Юльянавіч Варатынскі. – Ужываю па некалькі лыжак штодня, і гэта дапамагае трымаць арганізм у тонусе – ніякія лекі не патрэбны!

У цяперашні час працэс атрымання мёду якасна змяніўся, шмат з’явілася ўдасканаленага інвентару, абсталявання, якія значна палягчаюць і паляпшаюць працу. Аб гэтым можна было пачуць ля кожнага стала, дзе гандлявалі карысным прадуктам, бо пчаляры з ахвотай расказвалі пра свой занятак. Трэба сказаць, што гэты год няпросты для ўладальнікаў пасек з­за надвор’я, аднак многія з іх адгукнуліся на запрашэнне, і асартымент кірмашу задавольваў густ заўзятых аматараў. Добра разыходзіўся ліпавы мёд з Глыбачанскага лясніцтва, які работнікі лясгаса прапаноўваюць наведвальнікам на многіх раённых мерапрыемствах – напрыканцы свята засталося зусім нямнога нерэалізаванай прадукцыі. У іх “канкурэнтаў”­прыватнікаў мёд быў больш разнастайны па сартах. “Бабуля, не паверыш, там мёд з пяску!” – цягнула за руку пажылую жанчыну дзяўчынка. Канечне, бабуля не паверыла, а літаральна праз некалькі імгненняў смяялася разам з унучкай – аказваецца, што ля стала, дзе сабралася ўнушальная колькасць патэнцыяльных пакупнікоў, свой тавар рэкламавала В.П.Глінская: “З Пяскоў, вёскі з экалагічна чыстай зоны!” Мёд у жанчыны быў некалькіх відаў, але асноўная колькасць з разнатраўя.

– Ужо каля дваццаці год, як пераехалі з мужам у вёску з Наваполацка, – ахвотна ўступае ў гутарку Валянціна Пятроўна, пастаянная ўдзельніца падобных мерапрыемстваў. – У яго сям’і тры браты і ўсе мёдам займаюцца. Мой Мікалай і Міхаіл Пятровіч Глінскі са Слабады ўжо даўно, а некалькі гадоў таму да справы, якую можна назваць сямейнай, далучыўся і іх брат Пётр, які жыве ў Завячэллі.

Усе прыехаўшыя на свята мёду пчаляры прымалі ў ім удзел не першы раз. Ужо не назавеш аматарам, як падчас правядзення першых мерапрыемстваў, Міхаіла Мікалаевіча Мацюшэнку. У Глыбокае, Полацк выязджае з прадукцыяй уласнай пасекі Аляксандр Мікалаевіч Маркевіч, які і сваім землякам прапанаваў салодкі тавар, бойка ішоў гандаль і ў Валянціны Макараўны Бурак.

Вядома ж, перад тым, як набыць мёд, трэба яго прадэгуставаць. А паспрабаваўшы, нямногія адказвалі сабе ў жаданні купіць ласунак, які растае ў роце і пахне травамі – прыгожа выпісваючы ўзоры, якія наслойваліся і неахвотна расцякаліся, ліўся ён у тару рознай ёмістасці. У пчаляроў і адносіны да пакупнікоў асаблівыя: хаця людзей і шмат, але прадаўцы кожнаму параяць, які мёд лепш набыць, бо розныя гатункі лечаць розныя хваробы. Частаваліся госці і духмяным фітачаем.

Арганізатары паклапаціліся не толькі пра фізічнае аздараўленне наведвальнікаў, але і пра духоўнае. Свята праходзіла напярэдадні мядовага Спаса і сама яго назва звязана з Ісусам Хрыстом, а руплівых пчолак нездарма называлі “Птахамі Божымі”. У даўніну толькі з надыходам гэтай даты ў календара дазвалялася ўжываць у ежу мёд новага ўраджаю. Па традыцыі медазбор сёлетняга года асвяціў благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў, пасля чаго амаль усе наведвальнікі з ліку тых, хто вагаўся – “купіць або не”, набылі рознакаляровыя слоікі з салодкім змесцівам. Цана на мёд была мінулагодняя і прымальная для кішэні: каля 10 рублёў за літр.

На свяце і станоўчыя эмоцыі таксама, як мёд, чэрпалі лыжкай. Пакупка і дэгустацыя карыснай прадукцыі суправаджалася музычнымі нумарамі. Наведвальнікі ўдзельнічалі ў віктарыне, гульнявых конкурсах, маглі паспяваць. А адпаведны настрой і асаблівы каларыт мерапрыемству надавалі не толькі выступленні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а і “кветкі жыцця” – дзеці ў касцюмах розных красак нашага краю. Было іх звыш дваццаці з усіх куткоў раёна і прадэманстравалі яны сапраўдную “Кветкавую фантазію” – дзейства адпавядала назве конкурсу. Арганізатары не паскупіліся на ўзнагароды, і дыпломам быў адзначаны кожны ўдзельнік, а Аляксандру Казлову за адмысловы ўбор вядучыя мерапрыемства абралі сабе ў памочніцы.

У прамым жа сэнсе слова ўпрыгожваннем свята стала правядзенне конкурсу “Міс Лета­-2016”, у якім прынялі ўдзел 6 прадстаўніц цудоўнага полу. Маладыя, прыгожыя, таленавітыя – кожная знайшла сваіх прыхільнікаў сярод гледачоў, а прыз іх сімпатый дастаўся Ірыне Крацёнак, якая ўсіх зараджала пазітывам, бо ўсмешка не сыходзіла з твару дзяўчыны. Яно і не дзіўна – яна ідзе па жыцці з дэвізам “атрымлівай асалоду ад кожнага імгнення” і нават месца працы абрала з кветкавай назвай – цырульнікам у салоне “Камелія”.

Уразіла гледачоў і членаў журы, якое ўзначальвала начальнік аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Васільеўна Азевіч, будучы медык Насця Севярын. Навучэнка Полацкага медыцынскага каледжа зачароўвала не толькі знешнім выглядам, але і непасрэднасцю, адкрытасцю. За гэта і была прызнана лепшай у адпаведнай намінацыі “Міс Зачараванне”.

Цалкам заслужана атрымала тытул “Міс Грацыя” Валерыя Цвяцінская, якая таксама яшчэ набывае прафесію ў Полацкім гандлёва­тэхналагічным каледжы. У гэтай канкурсанткі вельмі шырокі спектр захапленняў, сярод якіх ёсць і незвычайныя – калекцыяніраванне фарфоравых лялек у нацыянальных касцюмах розных народаў свету.

Толькі падчас першага конкурсу, калі ўдзельніцы паказвалі свае візітоўкі, дазволіла сабе быць гарэзлівай Анастасія Бернікава, якая прадставіла сябе ў тэатралізаваным стылі. У астатніх жа маладая маці і эканаміст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі была даволі сур’ёзнай, а падчас дэфіле ў вячэрніх сукенках гледачы трапна параўналі яе з княжной – гэта быў адзін з самых запамінальных вобразаў мерапрыемства. А.Бернікава, якая паралельна з працай і сямейнымі клопатамі завочна яшчэ набывае і вышэйшую адукацыю, каб больш упэўнена адчуваць сябе ў свеце лічбаў, безальтэрнатыўна атрымала званне “Міс Інтэлект”.

Дзяўчаты рыхтаваліся да ўдзелу ў конкурсе, хадзілі на рэпетыцыі. У гэтым плане, напэўна, складаней за ўсіх было выходзіць на суд гледачоў Аляксандры Лях, студэнтцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава з Глыбачкі, бо яна выступала “з чыстага ліста”, нават арганізатары не ведалі, што прадэманструе адна з самых юных канкурсантак. Яна ўразіла сваёй арыгінальнай візітоўкай, да якой падышла нестандартна. Знешне дзяўчына таксама выглядала эфектна, але яе выступленне запомнілася менавіта крэатыўнасцю, не па гадах філасофскім падыходам да сур’ёзных тэм, і тытул “Міс Крэатыў”, якога была ўдастоена дзяўчына, яшчэ раз прадэманстраваў, што моладзь глыбінкі мае вельмі высокі патэнцыял.

Наогул, усе канкурсанткі акрамя выдатных знешніх даных прадэманстравалі самыя разнастайныя таленты – чыталі ўласныя вершы, выконвалі сольныя нумары вядомых аўтараў і паказалі іншыя бакі шматгранных талентаў.

“Хачу, каб мая дачушка мной ганарылася!”, – казала напачатку конкурсу Ілона Фурманёнак. Маці маленькай Лізы працуе ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, хаця па спецыяльнасці з’яўляецца майстрам лесу, сябруе са спортам: бегае, плавае, абліваецца вадой і нават нырае зімой у палонку! Яшчэ і майстрыха на ўсе рукі – умее практычна ўсё па хатняй гаспадарцы, доказам чаму сталі зробленыя сваімі рукамі цудоўны торт і ўбор, упрыгожаны кветкамі. Акрамя таго, Ілона паказала неблагія арганізатарскія здольнасці, наладзіўшы песенныя спаборніцтвы сярод каманд гледачоў, і па суме ўсіх этапаў конкурсу стала “Міс Лета­-2016”! (на здымку: І.Фурманёнак, І.Крацёнак, А.Бернікава, А.Севярын, В.Цвяцінская, А.Лях)

Усе канкурсанткі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а ўзнагародай гледачам сталі станоўчыя эмоцыі і добры настрой. Дыпломы за ўдзел атрымалі і пчаляры, якія адзначылі, што з кожным годам Свята мёду на Ушаччыне становіцца больш масавым і змястоўным, набывае новыя фарбы, якіх так не хапае напрыканцы лета.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *