Хто з нас не бываў на Глыбоччыне, Полаччыне, Міёршчыне?! Такіх, напэўна, не знойдзецца: хтосьці ездзіў туды да родных ці сяброў, іншыя праводзілі шопінг. Аднак за будзённай мітуснёй нам, як правіла, не хапае часу на знаёмства з культурай гэтых мясцін. Як, дарэчы, і самога Ушацкага раёна. Што з гісторыі нашага славутага краю мы ведаем? Наколькі гэтыя звесткі поўныя, а ўражанні – яскравыя?
Знайсці адказы на гэтыя пытанні прапанавалі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якія напачатку жніўня запрасілі ўшачан далучыцца да велапрабегу па тэрыторыі адразу чатырох раёнаў. Мерапрыемства было прымеркавана да Года культуры, якім аб’яўлены 2016ы, таму ўвага акцэнтавана на наведванне памятных мясцін, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, знаёмства з культурнагістарычнымі аб’ектамі рэгіёнаў.
Стартаваў чатырохдзённы велапрабег у пятніцу, 5 жніўня. Яго “штурманамі” сталі галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Клімашэўская і вядомы на Ушаччыне прафесіянал велатурызму Валерый Корань.
Прыпынак першы – мемарыяльны комплекс “Прарыў”.
Кожны з удзельнікаў прабегу бываў у гэтым знакавым месцы Ушацкага раёна не раз. Тым не менш, абмінуць славуты мемарыял, на месцы якога нашы землякі ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года ажыццявілі легендарны прарыў вогненнага кола і вывелі за сабой 15 тысяч чалавек мірнага насельніцтва, проста не маглі.
– Пасля праведзенай рэканструкцыі комплекс яшчэ больш уражвае сваёй веліччу, – падзялілася ўражаннямі Рыта Півульская. – Кожны раз, бываючы тут, адкрываю для сябе нешта новае. Напрыклад, не адразу заўважыла, што многія элементы зараз зроблены менавіта з граніту – сімвала ўстойлівасці, вечнасці. Прычым, гэты матэрыял мае пераважна чырвоныя адценні – значыць, мірнае неба над нашай галавой каштавала многіх жыццяў.
Ушачане з цікаўнасцю паглядзелі на “Прарыве” выставу ваеннай тэхнікі, прайшліся па “Партызанскай вёсцы”, пазнаёміўшыся з бытам народных змагароў. Накіроўваючыся ж у далейшы шлях, кожны выказаў жаданне ў бліжэйшы час зноў прыехаць на мемарыяльны комплекс.
Ля касцёла святой Веранікі
Удзельнікі велапрабегу наведалі галоўную славутасць вёскі Селішча – руіны кляштарнага комплексу пачатку 18га стагоддзя. Цэнтральнае месца ў ім займае касцёл святой Веранікі, пабудаваны ў 1726 годзе. Ён, як і былыя манастырскія карпусы, працягвае разбурацца. Тым не менш, руіны маюць нейкую асаблівую прыцягальнасць і маляўнічасць.
На радзіме пісьменніка
Наступным прыпынкам ушацкіх велатурыстаў стала вёска Бычкі – радзіма Васіля Уладзіміравіча Быкава.
Вось як выказала свае пачуцці Таццяна Ярмак: “Здаецца, тут у паветры вітае своеасаблівы дух творчасці. Хочацца і самому ўзяцца за пяро і паспрабаваць сябе ў ролі паэта ці празаіка”.
Пра вёску Празарокі Глыбоцкага раёна нашы велатурысты дагэтуль ведалі няшмат: толькі тое, што тут захоўваецца прах родапачынальніка беларускага прафесійнага тэатра І.Буйніцкага. Таму пабываць на магіле гэтага славутага чалавека, дзе зараз устаноўлены помнік, даведацца, што ў 90я гады ў сяле планавалася адкрыццё музея памяці Ігната Цярэнцьевіча, было надзвычай цікава.
– У тыя гады, калі Буйніцкі пачынаў сваю актыўную творчую дзейнасць, у Празароках з пераважна яўрэйскім насельніцтвам быў пабудаваны касцёл Божай Маці і СвятаПетрапаўлаўская царква, – успамінае паездку і атрыманую інфармацыю Таццяна Клімашэўская. – Ля першага храма наш позірк прыцягнуў каменны крыж над галоўным уваходам – на ім буслы звілі гняздо. Кажуць, што гэтыя птушкі селяцца ў экалагічна чыстых месцах. Гледзячы на буслінае гняздо на крыжы, падумала і пра духоўную чысціню гэтага краю.
Возера-рэкардсмен
Возера Долгае, што ў Глыбоцкім раёне, па праве можна было б назваць і Глыбокім, паколькі па названым паказчыку ў Беларусі яно з’яўляецца “рэкардсменам”: глыбіня вадаёма дасягае 50 метраў. Аднак і эпітэт “долгае” падыходзіць, бо даўжыня складае каля 6 кіламетраў, а гэта ў 20 разоў больш шырыні сярэднестатыстычнага возера.
Самы маленькі горад
Удзельнікам велапрабегу цікава было пабываць у населеным пункце, які носіць неафіцыйны статус самага маленькага горада ў Беларусі – у Дзісне, што на Міёршчыне, пражывае крыху больш за 1,5 тысячы чалавек. Аднак адметнасці тут практычна на кожным кроку: Замкавы вал на выспе, паром, вулачкі з “брукаванкай”, дарэвалюцыйныя дамы. Найбольш уразіў ушачан аўтамабільны мост, які злучае берагі Дзісны. Лічыцца, што ён самы стары ў Беларусі, яму больш за 100 гадоў. Мясцовыя жыхары так яго і называюць – Стогадовы. Дарэчы, ён уваходзіць у топ10 самых незвычайных мастоў Расіі і СНД. У даведніках для турыстаў збудаванне апісваюць як “унікальны аркавы мост з драўляным пакрыццём на металічнай і каменнай аснове”. Пасля вайны пашкоджаны пралёт замянілі на трафейны, з Германіі, але ўжо іншай канструкцыі. У 2002 годзе мост капітальна адрамантавалі. Зараз драўляны насціл “закаталі” пад асфальт, але дошкі ўсё роўна бачныя.
Трапіўшы на полацкую зямлю, недаравальна было б абмінуць размешчаныя тут абарончыя збудаванні 30х гадоў мінулага стагоддзя, якія ўваходзілі ў так званую “Лінію Сталіна”. У чэрвені 1941га тут ішлі крывавыя баі, у якіх загінуў 21 савецкі воін. Наведваючы комплекс, удзельнікі велапрабегу пабывалі ў сапраўдным доце і бліндажы, прайшліся па акопах, шмат даведаліся пра людзей, якія стрымлівалі сілы праціўніка і ўнеслі важкі ўклад у набліжэнне Перамогі.
* * *
Вядома, гэта далёка не ўсе прыпынкі, якія зрабілі на сваім шляху ўшачане. За чатыры дні, пераадолеўшы некалькі соцень кіламетраў і неаднаразова сутыкаючыся з цяжкасцямі (накшталт паломкамі веласіпедаў ці неспрыяльнага надвор’я), удзельнікі “культурнага” велапрабегу атрымалі шмат эмоцый і станоўчых уражанняў. І не дзе-небудзь за морам-акіянам, а тут, на роднай зямлі, сярод гасцінных людзей, хлебасольных гаспадароў, таленавітых суайчыннікаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.