Бригада каменщиков Ушачской ПМК-66 трудится на строительстве 40-квартирного дома в Ушачах

К профессиональному празднику

Брыгада муляраў Ушацкай ПМК-­66, якой у пошуках работы давялося паездзіць па суседніх раёнах, зараз працуе ў гарпасёлку на будаўніцтве 40-­кватэрнага дома. І робіць гэта з добрым настроем, бо хоць і прывыклі работнікі да камандзіровак, але працаваць на месцы, ля сваіх сямей, куды зручней. “Усе гэтыя дамы, за выключэннем аднаго, мы ўзводзілі!” – з вышыні другога паверха паказвае на кааператывы вуліцы Віцебскай Віктар Шайтар. Будаўнічай галіне ён і Васіль Шарыпа аддалі не адно дзесяцігоддзе, а Пётр Мянецкі наогул усю сваю працоўную дзейнасць прысвяціў нашай ПМК-­66 – малады майстар Мікалай Грыневіч нарадзіўся толькі праз восем год пасля таго, як Пётр Леанідавіч пачаў класці цэглу на сваім першым аб’екце. Гэта не перашкаджае ладзіць мужчынам розных пакаленняў. Сталыя прафесіяналы маладога начальніка паважаюць, а спрыяе гэтаму і той факт, што хлопец асэнсавана і мэтанакіравана выбраў прафесію будаўніка, не пабаяўся пачаць працоўны шлях у арганізацыі, якая перажывала нялепшыя часы. “Скончыў Віцебскі індустрыяльна­будаўнічы каледж, адслужыў у арміі, уладкаваўся выратавальнікам у Наваполацку, – расказвае Мікалай. – Нічога не маю супраць гэтай патрэбнай службы, але хутка зразумеў, што не маё – цягне на будоўлю. Праца мне падабаецца, а паралельна завочна набываю вышэйшую адукацыю ў Полацкім дзяржуніверсітэце”.

Іншыя муляры брыгады таксама маюць розны ўзрост і стаж у прафесіі. Пачынаючыя прыслухоўваюцца да парад заслужаных будаўнікоў, вучацца на іх прыкладзе – класічны сплаў вопыту і маладосці, сёння і заўтра арганізацыі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ

На здымку: В.Шарыпа, М.Грыневіч, В.Шайтар, П.Мянецкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *