Более 30 лет в строительной организации отработала Вера Петровна Кандакова

К профессиональному празднику

Застаць на месцы загадчыка вытворчасці галоўнай будаўнічай арганізацыі раёна – ПМК-66 Веру Пятроўну Кандакову аказалася не так проста. Мноства рабочых пытанняў не дазваляюць ёй сядзець у кабінеце. Адправіўшы з тэрыторыі бетонамяшалку на аб’ект, яна вылучыла хвілінку для размовы, але паралельна яшчэ адказвала на тэлефонныя званкі, абяцаючы хутка быць на месцы.

Здавалася б, не жаночая гэта справа – быць загадчыкам вытворчасці, і такі ўчастак лепш даверыць мужчынам. Аднак Вера Пятроўна ўжо не першы год выдатна спраўляецца са складанымі абавязкамі. Наогул яна з тых людзей, якія адданы сваёй прафесіі і маюць адзін запіс у працоўнай кніжцы.

Няпростую ж спецыяльнасць сабе В.Кандакова выбірала сама, не слухаючы парад бацькоў і сяброў. Паступіла ў Наваполацкі тэхнікум нафтавікоў, а напрыканцы вучобы атрымала накіраванне на працу ажно ў Чыцінскую вобласць Расіі. Але пакідаць родныя мясціны ў планы маладой дзяўчыны ніяк не ўваходзіла, і яна вырашыла знайсці сабе працоўнае месца непадалёк ад дома. Вырасла ў Варонічах на суседняй Полаччыне і неаднаразова чула пра ўшацкую будаўнічую арганізацыю. Менавіта тут і пачаўся яе працоўны шлях у маі 1983 года. І зараз добра памятае, як пачынала простай рабочай, бетоншчыцай. Настолькі ўмела яна спраўлялася з гэтым і так добра ведала працэс, што кіраўніцтва арганізацыі неўзабаве назначыла В.Кандакову майстрам цэха жалезабетонных вырабаў. Успамінаючы аб’ёмы будаўніцтва ў тыя часы, Вера Пятроўна сцвярджае, што без работы сядзець не прыходзілася.

Няма ў яе ніводнай вольнай хвіліны і зараз. Не абысціся ў вытворчым працэсе без свайго сталярнага цэха – гэты ўчастак таксама “ва ўладаннях” жанчыны. Выконвае яна і абавязкі кладаўшчыка, запраўшчыка.

– Маючы больш трыццаці гадоў стажу, з упэўненасцю магу сказаць, што выбрала правільны шлях. Неяк яшчэ ў юнацтве быў перыяд, калі хацела стаць настаўнікам. Але цяпер разумею, што не змагла б ім працаваць – зусім не маё. Наша ПМК-66 мне як родны дом, – расказвае Вера Пятроўна.

Сапраўды, нават калі арганізацыя перажывала цяжкія часы, практычна не было аб’ектаў будоўлі, В.Кандакова заставалася ёй вернай.

Жанчына ўнесла свой  уклад у будаўніцтва новых дамоў на Віцебскай і многіх іншых аб’ектаў, якія ўзводзіла ПМК-66 у гарпасёлку і на раёне за апошнія 33 гады. У ліку ж самых вялікіх аб’ектаў, калі прыходзілася найбольш напружана працаваць, Вера Пятроўна называе малочнатаварны комплекс у Завячэллі.

– Вельмі рада таму, што хутка ва Ушачах вырасце яшчэ адзін дом, што з’явіцца ў нас сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. І ніколькі не засмучае мяне, што прыходзіцца працаваць з адным выхадным на тыдзень, а часам заставацца і без адпачынку, – гаворыць В.Кандакова.

Строгая, прынцыповая і патрабавальная да сваіх падначаленых, яна па праве карыстаецца ў іх аўтарытэтам і павагай.

…Тым часам у рабочых узніклі пытанні да загадчыка вытворчасці, да адпраўкі на Віцебскую рыхтавалася чарговая бетонамяшалка, усё гэта яшчэ раз пацвярджала, што мая суразмоўца – чалавек запатрабаваны. Дастойным прызнаннем укладу ў справу прадпрыемства стала і ўзнагароджанне В.Кандаковай да сёлетняга Дня будаўніка Ганаровай граматай райвыканкама.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *