Тэсціраванне даўно здадзена, прыёмныя камісіі разгледзелі прынятыя ад патэнцыяльных студэнтаў заявы, уступная кампанія падышла да заканчэння. Учорашнія школьнікі раёна восьвось раз’едуцца па розных гарадах, каб працягнуць сваю адукацыю. Якія навучальныя ўстановы стануць іх “альма-матар”? Сёння пра гэта нам раскажуць выпускнікі Ушацкай школы.
Сяргей Арцюх:
– Я паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на факультэт кіравання Інстытута кіруючых кадраў, спецыяльнасць – “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”. Буду атрымліваць кваліфікацыю эканамістаменеджэра. Не магу вылучыць, што канкрэтна падштурхнула да выбару навучальнай установы, захацелася паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. Я вельмі рады ўдаламу паступленню.
Ганна Герцык:
– Я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на інжынернаэканамічны факультэт па спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у лагістыцы)”. На выбар ITсферы шмат у чым паўплываў мой старэйшы брат, які скончыў БДУІР і зараз працуе ў гэтай галіне. Таксама прыцягнуў новы напрамак лагістыкі, які зараз даволі перспектыўны. Вядома ж, было хваляванне, так як для некаторых спецыяльнасцей у параўнанні з мінулым годам прахадны бал падняўся на 30 адзінак. І толькі калі ўбачыла сваё прозвішча ў спісе рэкамендаваных да залічэння, рэальна ўсвядоміла новы статус.
Марыя Паншына:
– Паступіла ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на мастацкатэхналагічны факультэт. Спецыяльнасць называецца “Дызайн прадметнапрасторавых комплексаў”, кваліфікацыя – дызайнер інтэр’ераў. З дзяцінства падабалася маляваць, ды і сям’я ў мяне творчая. Мама па першай адукацыі жывапісец па фарфоры. Думаю, што гэта аказала вялікі ўплыў на мой выбар. Дзякуючы паступленню з’явіўся шанс рэалізаваць свой творчы парыў не на аматарскім узроўні, а на прафесіянальным. Зараз я вельмі чакаю пачатку навучальнага працэсу, хутчэй хочацца ўсё даведацца і паспрабаваць.
Улада Клімашэўская:
– Я з малодшых класаў цікавілася нішай сацыяльнай камунікацыі, аднак доўга вагалася паміж мовазнаўчым накірункам і журналістыкай. Паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт англійскай мовы. Для мяне цікава вывучэнне мовы, замежнай літаратуры, звычаяў, менталітэту прадстаўнікоў іншых краін. Таксама ў выпускнікоў МДЛУ ёсць магчымасць разлічваць на працаўладкаванне ў лепшых прадпрыемствах і кампаніях краіны сферы міжнародных зносін, інфармацыйных тэхналогій, аховы парадку. Параілі ВНУ і прывілі любоў да англійскай мовы мае школьныя настаўніцы Таццяна Мікалаеўна Шкіндзер і Людміла Сямёнаўна Варанько. Я ў захапленні ад знаёмства са сваімі аднакурснікамі, з нецярпеннем чакаю навучальнага года.
У наступны раз мы раскажам, у якія навучальныя ўстановы паступілі выпускнікі іншых школ Ушаччыны.
Падрыхтавала Вольга СЕВЕРЫНА.