У адпаведнасці з артыкулам 269 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, фізічныя асобы, якія з’яўляюцца ўладальнікамі сабак, старэйшых за тры месяцы, павінны плаціць падатак.
Стаўкі падатку ўстанаўліваюцца ў кожным раёне Віцебскай вобласці рашэннямі мясцовых органаў улады і складаюць у асноўным ад 0,1 да 0,5 базавай велічыні.
Нагадаю, што Правілы ўтрымання дамашніх сабак, кошак, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь абавязваюць уладальнікаў сабак зарэгістраваць іх у жыллёва-эксплуатацыйных арганізацыях па месцы жыхарства. Рэгістрацыя сабак патэнцыяльна небяспечных парод праводзіцца толькі пры наяўнасці ва ўладальніка даведкі аб праходжанні адпаведнага навучання.
За парушэнне парадку рэгістрацыі сабак устаноўлена адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 1 да 15 базавых велічынь.
Уплата падатку за валоданне сабакамі налічаецца адначасова з платай за жыллёва-камунальныя паслугі: іншымі словамі, пасля рэгістрацыі вашага гадаванца ў “жыроўцы” з’явіцца дадатковы пункт.
Калі ж уладальнік не плаціць падатак або робіць гэта несвоечасова, яму пагражае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры 15 працэнтаў ад незаплачанай сумы падатку, але не менш 0,5 базавай велічыні.
Ёсць уладальнікі, якія вызваляюцца ад падатку за валоданне сабакамі. Гэта інваліды па зроку, якія ўтрымліваюць сабаку-павадыра; пенсіянеры па ўзросце, інваліды першай і другой групы (за аднаго сабаку) пры адсутнасці сумесна пражываючых працаздольных членаў сям’і; грамадзяне, што жывуць у індывідуальных дамах, пры ўмове ўтрымання імі не больш аднаго сабакі.
В.УЛІНОВІЧ, інспектар інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ушацкім раёне.