Заўзятая “тэлефаністка”
У “паслужным спісе” жыхаркі вёскі Старына 1991 года нараджэння ўжо былі крадзяжы мабільных тэлефонаў. Аднак на гэты факт яе знаёмы, жыхар гарпасёлка, увагі не звярнуў, ідучы на сустрэчу з жанчынай. А калі пасля сумеснага застолля, фінал якога мужчына слаба памятае, знік і яго мабільны сродак сувязі, западозрыў нядобрае… У адносінах заўзятай “тэлефаністкі” ўзбуджана крымінальная справа, ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Вось дык пагасціў!
Звяртаючыся ў райаддзел міліцыі з заявай аб знікненні з дома 150 долараў ЗША, жыхарка вёскі Старае Сяло Жарскага сельсавета нават не здагадвалася, чым усё можа скончыцца. У ходзе праверкі супрацоўнікамі крымінальнага вышуку ўстаноўлена асоба злодзея – ім аказаўся… родны сын пацярпелай 1992 года нараджэння, які прыехаў да яе ў госці з месцаў пазбаўлення волі.
Ні прыбытку, ні працы
Сумніўны спосаб абагаціцца прыдумалі сабе двое работнікаў ПУП “КВАТ” 1993 і 1982 гадоў нараджэння. Прыгледзеўшы на тэрыторыі прадпрыемства зварачны апарат, электракабель і шліфмашынку агульным коштам каля 700 дэнамінаваных рублёў, мужчыны вырашылі іх прысвоіць. Вось толькі спроба гэтая аказалася няўдалай і каштавала зламыснікам не толькі звальнення, але і ўзбуджэння ў адносінах іх крымінальнай справы.
Двойчы ў адну раку
Дарэмна паспадзяваўся на беспакаранасць жыхар Наваполацка 1992 года нараджэння, які ў нецвярозым стане адправіўся на аўтамабілі “Аудзі” ў падарожжа. На тэрыторыі Ушацкага раёна яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Высветлілася, што для маладога чалавека гэта ўжо другое “п’янае ралі” за год. Парушальніку пагражае арышт да шасці месяцаў і канфіскацыя аўто.
Б’е – не значыць кахае
Пракуратурай Ушацкага раёна ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах жыхара аграгарадка Арэхаўна 1983 года нараджэння. Працяглы час мужчына “выхоўваў” сужыцельніцу здзекамі і рукапрыкладствам. Не спыніла хатняга тырана нават цяжарнасць жанчыны… Гэта і прымусіла яе звярнуцца ў праваахоўныя органы.
Правёў рэвізію
“Праверку” дачнага дома ў вёсцы Малінаўка ажыццявіў нядаўна невядомы пакуль злодзей. Гаспадыню, жыхарку сталіцы, ён пазбавіў электракабелю коштам 52,5 тысячы рублёў.
Дзе зарабіў, а дзе і згубіў
Жыхар Быхава прыехаў на Ушаччыну на заробкі і, уладкаваўшыся ў ПУП “Ленга-Вест”, разлічваў на хуткі прыбытак. Вось толькі чаканні не спяшаліся спраўджвацца. Замест гэтага практычна сярод белага дня мужчына пазбавіўся бензапілы “Шціль” і каністры з палівам агульным коштам 600 рублёў, якія на некаторы час пакінуў без нагляду. Дарагія рэчы прыкмеціў беспрацоўны жыхар гарпасёлка 1967 года нараджэння. Здабыты ім скарб канфіскаваны, а ў адносінах злодзея ўзбуджана крымінальная справа.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.