“Чыстыя палі”. Прыгожая назва праграмы, зацверджанай Віцебскім аблвыканкамам. Прыгожы і вынік працы меліяратараў, якія яе выконвалі. Сапраўды, чыстыя палі стаяць абапал шашы Сарочына-Гарбаціца, выразна бачны каналы, зробленыя для сцёку вады. А сэнс праграмы ў гэтым і заключаецца, каб можна было араць участкі, на якіх расло кустоўе, стаялі вымачкі і складана было пускаць тэхніку з-за малой контурнасці. Падобных участкаў у нашым раёне многа, а паколькі ідзе інтэнсіўнае пашырэнне пасяўных плошчаў, то і гаспадарак, жадаючых атрымаць паслугі меліяратараў за бюджэтны кошт, канечне, нямала. Сёлета ж на праграму “Чыстыя палі” раёну выдзелена 190 мільёнаў рублёў. Прычым, гэта не меліяраваныя землі, а невялікія ўчасткі, да якіх не даходзілі рукі, як напрыклад ля фермы Хадакова КУСГП “Дубраўка” ці супраць жывёлагадоўчага комплексу ў Слабадзе КУСГП “Арэхаўна”. Асвоена пакуль 34,6 мільёна, бо дзейнасць меліяратараў заўсёды абмяжоўваецца рамкамі сельскагаспадарчых работ. Зямля не павінна пуставаць, і работы імкнуцца зрабіць да пачатку пасяўной ці пасля ўборачнай.
Гэта ж датычыцца і аднаго з асноўных відаў дзейнасці – рэканструкцыі меліяраваных аб’ектаў. Адзін з такіх – “Арэхаўна”, дзе ўжо наноў пакладзена 5,2 кіламетра дрэнажу, а да кастрычніка ўсе работы будуць завершаны на 197 гектарах. Калі ж яны здаюць аб’ект, то туды адразу можна пускаць пасяўны агрэгат. Вялізны масіў меліярацыйнай сістэмы “Царкавішча”. Адзін з першых аб’ектаў дырэктара прадпрыемства Мікалая Аляксеевіча Гваздзя. Не было тады палявой дарогі, па якой зараз едзеш нават на легкавым аўтамабілі, стаялі суцэльныя кусты і мноства вымачак. Асобныя, з-за таго, што з цягам часу забіваюцца сцёкі, і ліквідуе зараз брыгада майстра Мікалая Аляксеевіча Дырко. Яны лёгка чытаюць схему пракладкі, выходзяць на калодзежы і робяць прачыстку дрэнажнай сістэмы. За дзень адрываюць больш 20 вусцяў, а так аператыўна працаваць стала магчыма з набыццём новай тэхнікі, якая пад ціскам і чысціць трубку, замена робіцца толькі там, дзе зламана. Усяго пяць чалавек на аб’екце, а аб’ёмы робяць вялікія, праведзены аграмеліярацыйныя работы на 91 гектары аб’екта “Залужэнне”, заканчваюць на 89 “Царкавішча”, асвоены 61 мільён са 114, яшчэ 419 выдзелена на рамонтна-меліярацыйныя работы, 65 асвоена на эксплуатацыйных работах. Усяго ж за 5 месяцаў, прычым зусім не спрыяльных для работы меліяратараў, асвоена 1 мільярд 549 мільёнаў рублёў, – 110,6 працэнта да ўзроўню мінулага года. Атрымана 40 мільёнаў прыбытку. І немалаважным будзе дадаць, што бюджэтныя сродкі пад выкананне дзяржаўных праграм складаюць усяго 23 працэнты ад аб’ёмаў, якія асвойвае прадпрыемства. Усе астатнія работы шукаюць самі.
Работа меліяратараў звычайна пад зямлёй і для людзей нябачна. Аднак, гэта ў мінулым. Ушачане выдатна знаёмы з прадпрыемствам па водаправодзе і інжынерных сетках, па новых вуліцах з тратуарамі і газонамі, якія налічваюць не адзін кіламетр. Як будаўнікоў бачна па новабудоўлях, так нашых меліяратараў па добраўпарадкаваных вуліцах. А кладзецца асфальт і садзіцца газонная траўка там, дзе ўжо пракладзены ўсе інжынерныя сеткі.
Дату свайго першага водаправода прараб У.В.Напрыенка называе па памяці – 1996, тады і пачыналі асвойваць нехарактэрныя віды работ. Ну а самым складаным у памяці застанецца, пэўна, 2010 і вуліца Е.Лось. Да сямі метраў даўжынёй дасягала траншэя, з-за таго што высока грунтовыя воды, зямля абсыпалася і бурыла ўсё, што было зроблена да гэтага. Плюс іншыя кабелі, ці дакладней – вялікі мінус у тэмпах работ. Тое, што ля новых домікаў, напрыклад, пры будаўніцтве на сяле, робяць імгненна, тут яўна зацягнулася. І працавалі людзі да позняга, бо на прадпрыемстве гэта прынята, каб не зрываць шчыльны графік запланаваных работ. Ведаюць, што гадзіны перапрацоўкі абавязкова будуць улічаны, што немалаважна.
Колькі было зваротаў наконт тратуара ад жыхароў мікрараёна па Віцебскай, паток людзей, а размежавання паміж тратуарам і дарогай няма. Зараз яны адбіты нават газонам, таксама як і па вуліцы Камсамольскай. Цывільныя прыгожыя вуліцы атрымаліся, дзе можна спакойна і адным ісці дзецям. Гэтыя аб’екты райвыканкам смела перадае прадпрыемству меліярацыйных сістэм. Гадамі праверана якасць, а яшчэ ў іх невялікія расцэнкі за работы.
Каб зарабіць, сёлета выконвалі зямельныя работы на “Нафтане”, вялі расчыстку прасекі пад лініяй электраперадач для Полацкіх электрычных сетак, водаправод у вёсцы Старое Сяло Жарскага сельсавета, сянажную траншэю на новай ферме ў Завячэллі, будавалі ачышчальныя збудавані ў аграгарадку Вялікія Дольцы. Два апошнія важныя аб’екты – брыгада вопытнага прараба Юрыя Анатольевіча Сазанкова. Усё гэта зусім не ў сезон, які толькі распачаўся, а ў вялізныя маразы і амаль метровы снег.
Яшчэ раз паўтаруся, што людзі тут – працаголікі, а іх зарплата сапраўды заробленая. І кадры на прадпрыемстве расцяць і цэняць. З кожным годам кіраўніцтва разам з прафсаюзнай арганізацыяй імкнецца палепшыць умовы. У кутку майстэрні з’явілася мікрахвалевая печ і апарат з гарачай і халоднай ачышчанай вадой. Адышла чарга тэрмасаў, непасрэдна на аб’екты не першы год развозіцца гарачае харчаванне, якое аплачваецца толькі часткова. Канечне ж, прэміруюцца лепшыя работнікі, і не толькі да прафесійнага свята, якое сёлета прайшло ў раённым Доме культуры, дзе спецыяльна заказалі канцэрт. Прыжыліся і калектыўныя падарожжы, выезды на рыбалку, актыўна прымае калектыў удзел у спартыўных спаборніцтвах.
А вось адпачыць душой усе ідуць у вытворча-тэхнічны аддзел, якім кіруе Вольга Пятроўна Шэўчанка. Такі тут здаровы мікраклімат, павага і ўзаемавыручка. Чатыры жанчыны ператвараюць метры ў рублі і наадварот, праз іх рукі праходзяць усе дакументы майстроў і брыгадзіраў, яны ў курсе ўсіх спраў калектыву. Пяць гадоў працуюць разам (калі не ўлічваць маладога спецыяліста – інжынера па якасці Ганну Прускую). Столькі, як прыйшла ў меліярацыю Вольга Пятроўна. І хоць заўсёды складана на новым месцы, хутка асвоілася, бо ў дакументацыі быў дакладны парадак, а сельская гаспадарка, дзе працавала раней, з’яўляецца добрай школай. І канечне, падказкі калег, вядучага інжынера Таццяны Васільеўны Гвоздзь і эканаміста Наталлі Адамаўны Рачкоўскай.