Далёка не кожны чалавек, працаўладкаваўшыся ў дзяржаўную ці прыватную арганізацыю і сумленна выконваючы ўскладзеныя на яго службовыя абавязкі, дакладна ведае пры гэтым правы і гарантыі, якімі ў адпаведнасці з заканадаўствам яго павінны забяспечыць на рабочым месцы. Сёння пра некаторыя асаблівасці прадастаўлення працоўных адпачынкаў (водпускаў) мы папрасілі расказаць намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вікторыю Станіславаўну ГУГІНУ.
– Згодна з арт. 167 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, водпуск (асноўны і дадатковы) за другі і наступныя гады прадастаўляецца работніку ў адпаведнасці з вызначанай у арганізацыі чарговасцю. Адмысловы графік штогод зацвярджаецца наймальнікам па ўзгадненні з прафсаюзам (калі такое ўзгадненне прадугледжана калектыўным дагаворам).
– Пры складанні графіку наймальнік павінен улічваць жаданні работнікаў?
– Так, аднак пры ўмове, што гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі і рэалізацыі права на адпачынак іншых работнікаў. А вось для непаўналетніх асоб, жанчын, якія маюць двух і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў або дзіцяінваліда да 18ці, па іх жаданні наймальнік абавязаны запланаваць водпуск на летні ці іншы зручны час.
– Калі наймальнік павінен паведаміць работніку аб даце яго водпуску?
– Зрабіць гэта ён павінен не пазней чым за 15 каляндарных дзён да пачатку працоўнага адпачынку. На практыцы такое паведамленне можа ажыццяўляцца пад подпіс адпаведнага загада ці запіскі аб водпуску. Дарэчы, работнік можа не падаваць заяву на водпуск, які быў запланаваны графікам. Аднак калі працоўны адпачынак па просьбе чалавека быў перанесены, без пісьмовай заявы не абысціся.
– Бывае, што работнікі па некалькі гадоў не ходзяць у водпуск…
– Калі гэта адбываецца па віне наймальніка, то гаворка ідзе аб сур’ёзным парушэнні працоўнага заканадаўства. Аднак у такой сітуацыі работнік не пазбаўляецца права на водпуск ці замену яго частак грашовай кампенсацыяй. Для іх атрымання трэба звярнуцца да наймальніка з пісьмовай заявай.
– У якіх выпадках працоўны адпачынак можа быць падоўжаны ці перанесены?
– Тут ёсць некалькі варыянтаў: пры часовай непрацаздольнасці работніка (што пацвярджацца “бальнічным”); наступленні тэрміну адпачынку па цяжарнасці і родах; у выпадку прыцягнення работніка да выканання дзяржаўных абавязкаў з правам на вызваленне ад працы; пры супадзенні працоўнага адпачынку з адпачынкам у сувязі з атрыманнем адукацыі; у выпадку нявыплаты работніку ва ўстаноўлены тэрмін заработнай платы за час адпачынку і інш. Калі гэтыя акалічнасці наступаюць падчас працоўнага адпачынку, то той падаўжаецца на адпаведную колькасць каляндарных дзён, або па жаданні работніка нявыкарыстаная частка водпуску пераносіцца на іншы, узгоднены з наймальнікам тэрмін. Пры гэтым права выбару – перанесці ці падоўжыць водпуск – належыць работніку.
– Дзякуй за тлумачэнні!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.