Здаўна наш край лічыўся прыстанкам веры. Месцам пакланення, асэнсавання зямных і духоўных дарог для людзей былі храмы: і вялікія каменныя, і маленькія драўляныя – сціплыя знешне, але не менш прыцягальныя па сіле духоўнасці. У 1914 годзе ў Віцебскай губерні, куды ў складзе Полацкага і Лепельскага паветаў уваходзіла сучасная тэрыторыя Ушаччыны, налічвалася 666 праваслаўных цэркваў, мелася 149 касцёлаў, 53 сінагогі, 262 яўрэйскія і 81 стараверскі малітоўныя дамы, 14 кірхаў. Як бачна, праваслаўе традыцыйна займала першынство па колькасці вернікаў і месцаў, дзе яны збіраліся на службы. Адбіткі купалаў плылікупаліся ў сінечы нашых азёр, узнімаліся над пералескамі і нівамі ў многіх населеных пунктах.
Амаль усе яны адносіліся да Лепельскіх благачынняў Полацкай епархіі, якіх было аж чатыры! Старажытныя Чарсцвяды, вядомыя з пісьмовых крыніц з 1533 года, былі адным з цэнтраў духоўнасці. З даўніх часоў тут існавала капліца, царква Святога Міхаіла. У 1754 годзе пабудаваны праваслаўны храм Іаана Прадцечы, у 1868 годзе адкрыта народнае вучылішча з інтэрнатам на 50 вучняў. Было гэта на пагосце, які належаў царкве. А ўсяго населеных пунктаў з назвай Чарсцвяды налічвалася пяць! Вёскі Чарсцвяды 1, 2, 3 з’яўляліся ўласнасцю сельскай абшчыны, аднайменнае сяло – валаснога праўлення, а маёнтак – мешчаніна А.Емельянава. Да прыходу адносілася некалькі дзясяткаў вёсак з насельніцтвам каля 2 тысяч чалавек. З тых, што існуюць зараз, згадваюцца Альшаны, Лабані, Мажэйчына, Пятніцы, Атрошкава (да 1940 года – Лабані2), Загор’е, Забалацце, Косаўшчына, Ляхі, Пілатоўшчына, Слабада.
Глыбокія карані праваслаўя ў Кублічах, дзе з канца XVII cтагоддзя вернікі наведвалі храм Казьмы і Дзям’яна. У 1713 годзе пабудавана Петрапаўлаўская царква, якая неаднойчы перабудоўвалася. Аб яе велічнасці сведчыць і той факт, што яшчэ з 1846 года тут дзейнічала царкоўнапрыходская школа. На пачатку XX стагоддзя буйной была і тэрыторыя прыходу, да якога адносіліся Чарапоўшчына, Андрэйчыкі, Чамярычына, Лажані, Загуззе, Смалякі, Воцькавічы, Бычкі, Капылоўшчына, Бараўляны, Астапаўшчына, Баяршчына, Кляпцы, Лісічына, Мажуйкі, Дарошкавічы, Пруды, многія іншыя вёскі. Уваходзіла сюды і само мястэчка, цэнтр аднайменнай воласці, а вось маёнтак Кублічы шляхціца Арлоўскага адносіўся да каталіцкай парафіі касцёла Святой Веранікі ў Селішчы.
Адзін са старажытнейшых храмаў узвышаўся ў Вялікіх Дольцах, непадалёк ад сучаснай школы. Зараз на гэтым месцы ў аграгарадку ўстаноўлены адразу два крыжы – металічны з’явіўся раней, а абчэсаны каменны знайшлі пры будоўлі аграгарадка і размясцілі побач (на здымку). Праваслаўная царква ў Вялікіх Дольцах вядома аж з 1623 года, а яе назва – СвятаДухаўская – з 1880. Да прыходу адносіліся Замошша, Адворыца, Глінішча, Заляддзе, Рагозіна, Старына, Бабовішча, Лясіны, Весніцк, Пораўна, Воснава, Садкі, Стараселле, Афераўшчына, дзе таксама згадваецца царква. Звестак пра наяўнасць храма ў Царкавішчы, вёсцы з бадай што самай “духоўнай” назвай, адшукаць не ўдалося. Цікава, што зусім побач знаходзіцца яшчэ адна, з не менш яскравым імем – Папоўка.
Сяло Вялікія Дольцы ў 1870 годзе было цэнтрам аднайменнай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, і царква адносілася да Мінскай епархіі. Як і праваслаўная СвятаМікалаеўская царква ў Малых Дольцах, дзе з 1880 года дзейнічала царкоўнапрыходская школа, магчымасць наведваць якую мелі дзеці з Храмёнак, Ветча, Казімірова, Заазер’я, Лагоў.
Два храмы з сярэдзіны XIX стагоддзя існавалі ў Арэхаўне. Былі яны драўлянымі, а ў 1850 годзе пабудавана каменная Мікалаеўская царква, потым – Параскевы Пятніцы. Тут хрысціўся і вянчаўся вясковы люд з Федаронак, Лутава і Лутава Сяльца, Кублішчына, Лагавых, абоіх Концаў, Гарадка 2га, Крывога Ручая. Тры апошнія назвы на сучасных картах не знойдзеш: двое Концаў аб’ядналіся ў Канцавыя, Гарадок 2гі з 1933 года стаў Крыскавічамі, а Крывы Ручай з пачатку мінулага стагоддзя – Кулінавам.
У 1781 годзе была пабудавана царква Сашэсця Святога Духа ў Апанаскавічах. У нядзелю і на святы наваколле невялікай зараз вёсачкі абуджалася – на службу спяшаліся жыхары Ляснеўшчыны, Адворні, Славеняў, Увалок, Бікульнічаў, Шнітак, Газбэрка, Гарбаціцы, Ліпавак, Лозаў.
Размешчанае на скрыжаванні шляхоў Сарочына таксама было намоленым месцам. Першае прыгадванне аб праваслаўнай царкве тут датуецца 1665 годам, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя пабудаваны храм Архістратыга Міхаіла. У ім ушаноўвалася ікона Сарочынскай Божай Маці, у дзень Узнясення Гасподняга адбываўся хрэсны ход з Апанаскавіцкай царквы ў Сарочынскую.
Вялікі храм меўся і ў Цётчы. Напрыканцы XVII стагоддзя (1683 год) тут існавала ўніяцкая царква, а ў 1721 годзе была пабудавана драўляная праваслаўная прарока Іліі, у 1887 годзе адкрыта царкоўнапрыходская школа. У Цётчанскі праваслаўны прыход Ільінскай царквы ўваходзілі Баброва, Асінаўка, Рацькава, Загаваліна, два Бярозава (сучасных Вяркудскага і Глыбачанскага сельсаветаў), Вяркуды, Краснае, Шалапечына, Заполле. Дарэчы, сустракаецца ў асобных крыніцах і іншая назва праваслаўнай царквы ў Цётчы – Пакроўская.
Ва Ушачах праваслаўная царква і кляштар згадваюцца з 1668 года. Дакументальна пацверджана, што ў 1857м пабудаваны драўляны храм, да якога была прыпісана каменная царква Аляксандра Неўскага, дзе ўшаноўваўся вобраз “Маці Божая Ушацкая”, дзейнічалі дзве царкоўнапрыходскія школы. У 1906 годзе прыход царквы Успення Прасвятой Багародзіцы аб’ядноўваў мноства навакольных вёсак. Цікава, што ўладальнік мястэчка Г.Плятэр сам быў каталіком.
Паводле інвентару 1846 года, да праваслаўнага прыхода Бельскай царквы Святой Тройцы адносіліся Вялічкаўцы, Кісялёва, Губінка, Шасцярні, Немірова. Спачатку драўляная, а потым і каменная Дабравешчанская царква пабудавана ў Мосары ў канцы XIX стагоддзя. Да мясцовага праваслаўнага прыходу была прыпісана і Занавінаўская царква Раства Багародзіцы. Драўляны храм здаўна ўпрыгожваў Павулле – звесткі аб гэтым датуюцца 1748 годам.
Гамылёва, Пад’язна, Масцішча, Скачыхі, Лажаншчына, Слабодка, Сорзава, Забалоцце адносіліся да Гушчынскага праваслаўнага прыходу Благавешчанскай царквы, якая хутчэй за ўсё знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Гушчынскай Слабодкі. Яшчэ ў канцы XVII cтагоддзя праваслаўныя храмы былі вядомы ў Судзілавічах, Казьянях.
У 1830 годзе каменны храм Мікалая Цудатворца (Свяціцеля Мікалая) пабудаваны ў Завячэллі. Ва Усаі царква вядома з 1662 года, асобныя жыхары і зараз памятаюць яе назву – Покрыва Прасвятой Багародзіцы. Прыход ахопліваў 20 навакольных вёсак. У Глыбачцы праваслаўная царква Іаана Прадцечы ўзведзена ў 1830 годзе. Храм Покрыва Прасвятой Багародзіцы, які адносіўся да Полацкага благачыння, існаваў у Усвіцы, у 1894 годзе пабудавана могілкавая праваслаўная царква Пятра і Паўла ў Ваўчо, мелася капліца. Як і ў Старым Сяле Жарскага сельсавета, дзе ўпамінанне пра яе датуецца 1868 годам.
Вялікую тэрыторыю меў прыход царквы Мікалая Цудатворца, пабудаванай у Звоні ў 1852 годзе. Яе наведвалі жыхары Качаноў, Памялкова, Чарнаручча, Дворыцы, Жароў, Самоўкі, Бараўцоў, Сержаноў, Броўчына, Ільюшына, Рагуцкіх, Вашкова, Вуглоў, Гарадца, Чарнаручча, Зарубаўшчыны, Ідуты, Гуты. Сярод вёсак, сёлаў, маёнткаў і фальваркаў, прыпісаных да прыходу, сустракаюцца назвы, якіх не адшукаеш нават у спісе неіснуючых населеных пунктаў Ушацкага раёна, змешчаным у гісторыкадакументальнай хроніцы “Памяць” – Журкі, Ліхалецце, Пальчыкі. Магчыма, гэта вёскі Лепельскага раёна, бо і многія нашы населеныя пункты адносіліся да праваслаўных прыходаў цэркваў, якія знаходзіліся за сучаснымі межамі Ушаччыны. Напрыклад, жыхары Азаранак, Петухоў, Бачкароў, Жароў наведвалі царкву Праабражэння Гасподняга ў Ворані, да праваслаўнага прыходу Улы былі прыпісаны Бальбінава, Капусціна, да Тураўлянскага праваслаўнага прыходу Дабравешчанскай царквы – Паўлаўшчына, Плігаўкі, Быстрыкі, Адэліна, Глыбачка.
Культавыя пабудовы прайшлі праз цяжкія выпрабаванні – гарэлі, разбураліся, але аднаўляліся, набывалі новае жыццё. Не толькі войны, а і паслярэвалюцыйныя гады бязбожніцтва, барацьбы з рэлігіяй сталі сапраўднай навалай для храмаў. Страчаным аказаўся вялікі пласт культурнай і духоўнай спадчыны, бо на тэрыторыі раёна амаль не захавалася цэркваў, а некаторыя ж з іх у былыя часы памерамі сваіх прыходаў выдзяляліся нават у межах вобласці. Але не страчана на Ушаччыне вера. А таму адраджаюцца праваслаўныя храмы. Адбудавана царква ў Арэхаўне, створаны прыходы ў Дубраўцы і Кублічах, узведзена капліца ў Вашкове, а хутка адчыніць свае дзверы для вернікаў новая прыгожая царква ва Ушачах.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.
Из «Писцовых книг XVI века» (московиты делали опись захваченных земель Полотчины) под редакцией Калачова Н.В.; 1877 г.
«…A се въ Полотцкомъ повете за Двиною рекой волости и села по книгамъ
письма Семена Офонасьева сына Бортенева да Русина Тимофеева сына
Мошнина, лета 7071 (1563 г.):
….
Волость Телитеничи, на речке на Ушаче , а въ ней храмъ страстотерпца Христова Георгія. Да въ той же волости земетцкихъ деревень съ мещанскими — 19.
…
А се волости и села Полотцкого повету за Двиною жъ pекой по книгамъ письма Ивана Львова съ товарыщи:
Волость Устьшачи, а въ ней храмъ Сошествіе св. Духа…»
«…Ва Ушачах праваслаўная царква і кляштар згадваюцца з 1668 года…» адкуль гэтая інфармацыя? Да сёньня лічылася, што Д. Радзімінскі-Францкевіч фундаваў ва Ушачах БАЗЫЛІЯНСКІ кляштар і адпаведна уніяцкую царкву.