Учебный год не за горами. Собираем портфель к школе

Общество

Навучальны год ужо хутка надыдзе. Прыспеў час збіраць школьныя ранцы, прымяраць новыя сарафаны, блузкі і касцюмы. З асаблівым імпэтам да гэтай справы ставяцца, канечне, будучыя першакласнікі. Аднак для бацькоў набыццё ўсяго неабходнага для сваіх дзяцей – сапраўдны стрэс. Па­-першае, варта саставіць спіс патрэбных рэчаў. Па­-другое, абраць гандлёвую кропку, дзе знайшлося б усё гэта высокай якасці, па разумным кошце і даспадобы школьніку. Таму штогод перад вучэбнай парой мы робім імправізаваную “шпаргалку” цэн, найменняў тавару і месцаў для шопінгу. У гэтым нумары размова пойдзе пра канцылярскія прыналежнасці.

Ва “Універмагу” дзённікі ў мяккай вокладцы каштуюць 73­-79 капеек (цэны прыведзены ў дэнамінаваных рублях). Сшыткі ў клетку і лінейку аб’ёмам 12 аркушаў – ад 11 капеек, на 48 -­50 капеек. Вокладка для сшыткаў каштуе 6 капеек, для падручнікаў – 39. Ад 23 капеек стартуюць цэны ручак і простых алоўкаў, гумак – ад 39, лінеек – ад 26. Пластылін (8 колераў) можна набыць за 2 рублі 22 капейкі, а набор з ножыка і дошкі для лепкі – за 2.35. Акварэльныя фарбы (24 колеры) каштуюць 5.50, гуаш на 6 колераў – 2.59, альбом для малявання – 84 капейкі, набор пэндзляў – 3.19. Асартымент фламастараў і алоўкаў вельмі шырокі, сярэдняя цана ўпакоўкі – 2 рублі.

На рынку гарпасёлка дзённікі ў цвёрдай вокладцы каштуюць 2 рублі. Тонкія сшыткі можна набыць па 11 капеек за штуку, на 48 аркушаў – за 65. Цана вокладкі для сшытка – 10 капеек, для падручніка – ад 40. Ручкі, простыя алоўкі, лінейкі, гумкі каштуюць ад 30 капеек. Цана пластыліну (10 колераў) – 1.70, набор прыстасаванняў для лепкі – 2.90. Акварэль на 18 колераў каштуе 3.95, гуаш – у сярэднім 3 рублі. Наборы каляровых фламастараў і алоўкаў – ад 2.35 да 4.60, альбом для малявання на 40 лістоў – 1.60.

Як заўсёды, шматлікі і даволі недарагі тавар напярэдадні навучальнага года прапануе пакупнікам крама “Белбланкавыд”, размешчаная на першым паверсе будынка аддзела статыстыкі. Дзённікі ў цвёрдай вокладцы тут каштуюць 1.65. Сшыткі на 12 аркушаў – 11 капеек, паўагульныя і агульныя – ад 45 да 75. Прысутнічаюць шчыльныя вокладкі для сшыткаў па 30 капеек і наборы вокладак для падручнікаў па 4.50. Алоўкі, ручкі, гумкі можна набыць за 30­40 капеек, набор лінеек – за 1 рубель. Акварэль ці гуаш будуць каштаваць да 3 рублёў 20 капеек за ўпакоўку, альбом для малявання – 1.30, набор пендзляў – 1.15. Фламастары, каляровыя алоўкі каштуюць да 3.60. Пластылін – ад 2 рублёў 45 капеек. Пеналы ва ўсіх пералічаных кропках каштуюць ад 4 да 7.50, ну а ранцы – ад 24 да 68 рублёў.

Можна набыць некаторыя патрэбныя школьнікам канцтавары таксама ў кіёску “Белсаюздрук” і ў краме “Усё за капейку” (2­-гі паверх аўтастанцыі).

У наступным нумары мы раскажам пра тое, дзе і па якіх цэнах можна набыць школьную форму і абутак.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *