Великодолецкая детский сад-средняя школа — храм знаний и оазис красоты

Благоустройство

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з пераўтварэннямі, якія адбыліся за час летніх канікул ва ўстановах адукацыі Ушаччыны. І сёння наша гаворка пойдзе пра Вялікадолецкую дзіцячы сад-­сярэднюю школу, якую па праве можна назваць не толькі храмам ведаў, але і аазісам прыгажосці.

У ліпені тут зроблена надзвычай многа для таго, каб у новым навучальным годзе вучні з задавальненнем і цікаўнасцю прыйшлі ў родную альма-­матэр. Так, каля школы з’явіўся дэкаратыўны тын. Для ўпрыгожання будынка, кветнікаў, дзіцячай пляцоўкі з фанеры выраблены цікавыя архітэктурныя формы: рэалістычныя буслы і вясёлыя героі вядомых мультфільмаў.

Сапраўды, творчым ідэям вялікадальчан можна толькі пазайздросціць. Так, напрыклад, непрывабнаму пню ад спілаванай ссохлай елкі яны хутка знайшлі прымяненне – зрабілі з яго прыгожы грыб ля гульнявой пляцоўкі. Ну а каб дапоўніць кампазіцыю, побач стварылі вадаём, які аздобілі жывымі раслінамі і пасялілі там вясёлую жабку – вядома, штучную. Удала выкарысталі і звычайныя камяні – другое сваё жыццё тыя займелі ў выглядзе баравікоў і падасінавікаў, размешчаных пад тутэйшымі блакітнымі елкамі.

Не першы год упрыгожваюць прышкольную тэрыторыю дэкаратыўныя туі, падораныя Ушацкай раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь”. А нядаўна пачэснае месца каля іх заняў казачны драўняна­саламяны домік – падарунак ад сёлетніх выпускнікоў.

Грунтоўныя змены адбыліся і непасрэдна ў будынку навучальнай установы. Тут праведзены рамонт падмурка, ганка, аконных блокаў, а таксама касметычны рамонт даху, сталовай, бібліятэкі, санвузлоў. Значна папрыгажэлі спартыўная і актавая залы. Цёплую атмасферу ў холе другога паверха і памяшканні школьнай бібліятэкі стварылі стыльныя шторы. Абсалютна новы выгляд атрымаў кабінет фізікі, у якім паклеілі новыя шпалеры, за пазабюджэтныя сродкі і спонсарскую дапамогу набылі жалюзі, ноўтбук, праектар. Пераўвасобіўся і кабінет экалогіі, дзе з’явіўся дэкаратыўны роспіс на сценах.

Каб ажыццявіць усе гэтыя планы, педагогі і тэхперсанал школы не адзін тыдзень працавалі не пакладаючы рук. Сярод найбольш актыўных – Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі, Наталля Мікалаеўна Чарнаокая, Людміла Іванаўна Волах (на здымку), Тамара Сямёнаўна Тухто, а таксама Аляксандр Міхайлавіч Кісель, “аўтар” большасці размешчаных тут архітэктурных форм. Задавала ж тон работам дырэктар установы Рыма Леанідаўна Аніскевіч, якая нягледзячы на водпуск штодзень з пэндзлем, матыкай і іншым інвентаром шчыравала ля альма­матэр.

Несумненна, усё гэта выхаванцы навучальнай установы абавязкова ацэняць – і акрамя трывалых ведаў будуць атрымліваць тут эстэтычную асалоду.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *