ОАО «Ушачский райагросервис» утратил былые высокие позиции по животноводству

Сельское хозяйство

Дзвюма апошнімі пятніцамі давялося пабываць на Днях жывёлавода ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, калісьці флагмане вытворчасці малака і мяса. Што і казаць – настрой у мясцовых працаўнікоў зусім не вясёлкавы і зараз пра былыя пазіцыі тут застаецца толькі марыць. Здаецца, па выніках першага паўгоддзя ёсць зрухі да лепшага: за студзень­чэрвень надоена 792 тоны, узровень мінулага года перавышаны на 21,1 працэнта, ды гэта не тыя паказчыкі, якія могуць задавальняць, бо крытычна нізкая кропка адліку. Нягледзячы на рост заданне па вытворчасці малака не выканана – недаатрымана 72 тоны. Мінус назіраецца і па першым месяцы другога паўгоддзя. Надоена 144,3 тоны малака супраць 157,5 у ліпені мінулага года.

Гаспадарка мае нізкі паказчык таварнасці, які за паўгоддзе склаў 86,2 працэнта. Да прыкладу, КУСГП “Вялікадолецкае” за паўгоддзе рэалізавала 91,4 працэнта ад усяго аб’ёма малака, звыш 90 працэнтаў гэты паказчык і ў ААТ “Дземенец”. З­за невялікай рэнтабельнасці недаатрымана 23,6 тысячы рублёў.

А вось якасць у “Райаграсэрвісе” адна з лепшых – сортам “экстра” здадзена 68 працэнтаў, што на 25 вышэй сярэдняга па раёне. Улічваючы умовы, якія створаны на даільнай зале комплексу “Завячэлле”, паказчык мог быць яшчэ вышэй. На якасці недалічыліся 12,6 тысячы рублёў.

Адну тону малака гаспадарка прадавала ў сярэднім за 490 рублёў. Гэты паказчык вышэй за сярэднераённы (461 рубель), але вялікія выдаткі на ўтрыманне статка прыводзяць да таго, што рэнтабельнасць вытворчасці склала 0,6 працэнта, у той час як у іншых гаспадарках на малацэ рэальна зарабляюць – у “Вялікадолецкім” і “Ільюшынскім” маюць паказчык рэнтабельнасці  адпаведна 16 і 13 працэнтаў.

Амаль увесь дойны статак у “Райаграсэрвіса” сканцэнтраваны на даільнай зале комплексу. 440 галоў за дзень даюць каля 3,4 тоны малака, што, канечне, вельмі мала, ад адной каровы не выходзіць і 7,5 літра ў дзень пры трохразовым даенні. Адсюль і нізкая зарплата, цякучасць кадраў. Не ўсе работнікі сумленна адносяцца да сваіх абавязкаў, і прагулы ад “загулаў” пасля зарплаты, калі даіць кароў прыходзіцца загадчыцы, лабаранту ці ветурачу, – не адзінкавы факт.

Яшчэ тону ў змялелую малочную “крынічку” гаспадаркі  дае матырынскі статак. Тут налічваецца звыш 200 галоў, але дойных кароў толькі 88. Па словах загадчыцы фермы Галіны Сцяпанаўны Шайтар, істотных заўваг да работнікаў у яе няма, але і асаблівага запалу да працы ў жывёлаводаў не назіраецца. “Не тое, што раней было”, – кажа жанчына, якая працавала ў галіне яшчэ з часоў “Прагрэсу”.

Вялікія страты ў “Райаграсэрвісе” і ў вытворчасці прадукцыі вырошчвання, хаця і назіраецца невялікі рост у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года – 104,1 працэнта. Ён мог быць больш значным, ды правальным аказаўся чэрвень. У першы летні месяц прадукцыі вырошчвання выраблена толькі 37,1 працэнта да ўзроўню мінулага года. За паўгода ж сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 427 грамаў пры раённым паказчыку ў 513. Недаатрымана 90 галоў цялят, нізкі іх выхад – 39 на 100 кароў: недапрацоўваюць не толькі даяркі, пастухі і даглядчыкі, а і спецыялісты ветэрынарнай і заатэхнічнай службы. Аналіз пярвічных дакументаў па выбыцці жывёлы паказвае, што больш паловы ад агульнай колькасці выбывае нізкай і ніжэй сярэдняй укормленасцю. Сярэдняя вага адной галавы, рэалізаванай спажывецкай кааперацыі, насельніцтву і іншым пакупнікам, склала 239 кілаграмаў. Па гэтых прычынах за студзень­чэрвень “Райаграсэрвіс” страціў амаль 950 мільёнаў недэнамінаваных рублёў! Разам з недаатрыманымі на малацэ грашыма, гэта не толькі ненабытыя канцэнтраты, сродкі хімічнай аховы, угнаенні, запчасткі і многае іншае неабходнае – гэта некалькі месячных зарплат, на памеры якіх скардзіліся працаўнікі.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *