За дзевяноста пражытых гадоў

Общество

 

 

 

P1010005Аляксей Сямёнавіч Чабатар даўно ўжо стаў ушачанінам, хоць нарадзіўся ў вёсцы. Пражывае ў добраўпарадкаванай двухпакаёвай кватэры з усімі выгодамі. Усюды прыбрана, еўравокны адлюстроўваюць светлае неба, прыгожыя фіранкі дадаюць настрою. Але, як і ва ўсіх людзей яго ўзросту, вельмі аднастайныя сённяшнія дні. За плячыма вялікі груз гадоў і хочацца думаць толькі пра мінулае. А яно звязана з бясконцымі клопатамі, перажываннямі. Хаця на змену гэтаму заўсёды прыходзіла перамога над абставінамі.

Ад прыроды Аляксею Сямёнаві- чу быў дадзены цэпкі розум. Але так атрымалася, што калі хлопчыка павялі запісваць у лік вучняў, ён аказаўся шаснаццатым, а гэта па-за максімальнай колькасцю. Настаўніца не згадзілася браць больш прадугледжанага. Бацьку давялося купіць падручнікі і вучыць сына дома. А асноўны час хлопчык пасвіў статак з суседняй вёскі. Калі на наступны год бацька павёў яго ў школу, той выявіў веды, якія дазвалялі пайсці адразу ў другі клас. Так за шэсць гадоў Аляксей скончыў сямігодку.

У сям’і было шасцёра дзяцей, а яшчэ і бацька ў пачатку 30-х захварэў і ў хуткім часе памёр. Маці выбівалася з сіл. Аляксей быў сярэдні сярод сясцёр і братоў. У трынаццаць гадоў яму давялося навучыцца працаваць з канём і апрацоўваць зямлю.

У той час маці часта прыгадвала, як яе муж у свой час падаўся ў Пецярбург, там уладкаваўся да аднаго гандляра цягаць цялежку з таварам, зарабляў грошы і думаў абсталявацца ў горадзе надалей. А тут здарылася так, што ў яго роднай вёсцы Гара памёрлі сястра і яе муж, якія мелі жывёлу. А як дзяцей у іх не было, то давялося яму вярнуцца ў свае мясціны, стаць, хоць і небагатым, землеўладальнікам.

Але колькі могуць даць карысці той надзел, конь, дзве каровы, некалькі парсюкоў, калі не прыкласці сваю працу, а яшчэ і маючы немалую сямейку.

Пасля смерці бацькі падрастаючыя дзеці працавалі, змянялі адзін аднаго за плугам, з касой. А нехта накіроўваўся вучыцца. Так зрабіў і шаснаццацігадовы Аляксей. Ён паехаў у Гарадокскі сельскагаспадарчы тэхнікум (дзе займаўся ўжо яго сябар, сірата), ахвотна там вучыўся і скончыў яго ў 1939 годзе. Нядоўга давялося папрацаваць у Селішчанскай МТС. А потым была служба ў арміі. Пайшоў на два гады, вярнуўся значна пазней.

Маладога салдата накіравалі ў артылерыйскі полк, у першую Маскоўскую пралетарскую дывізію. Адслужыў паўтара года. Увосень трэба было вяртацца дадому. А пакуль што моцна складзенага, хоць і невялікага росту хлопца ў ліку 104-х юнакоў накіравалі на камісію. Прыдзірлівыя ўрачы адабралі толькі кожнага другога, каму суджана было вучыцца на лётчыкаў. Набліжалася Вялікая Айчынная.

Лётчыкам Аляксей не стаў, таму, калі ўварвалася вайна, ваяваў не ў небе, а на зямлі. Механікам-вадзіцелем быў па-ранейшаму ў сваёй часці. Толькі на цягачы перамяшчаў зброю па ваенных ужо дарогах, дзе ніякім чынам не мог засцерагчыся ад пагрозы небяспекі. Усё вырашалі імгненні і ваеннае становішча ў канкрэтны час.

Сваім ходам, з тэхнікай іх кінулі ў Беларусь, якая прыняла першы ўдар ворага. Давялося змагацца праз сілу, расказвае ветэран. Ён двойчы пацярпеў на фронце, праўда, злёгку. Першы раз – абгарэў у зямлянцы. Крыху паляжаў у шпіталі, і зноў у бой, цяпер ужо механікам танка. Але наступальны націск захопнікаў спыніць было не так проста. Даводзілася рухацца назад, адчуваючы горыч паражэння.

У дванаццаці кіламетрах ад Масквы ішлі моцныя баі. На памяці Аляксея Сямёнавіча – як выручылі прыйшоўшыя на дапамогу дывізіі сібіракоў. Тады ўжо наступленне Савецкай Арміі стала сапраўды пераможным, адагналі захопнікаў. І сёння дарагой рэліквіяй, сведчаннем салдацкага подзвігу з’яўляецца нават не ордэн, які ветэран мае, а медаль “За абарону Масквы”.

Трэба сказаць, што не ўсім з сям’і Чабатароў пашанцавала. Яго брат таксама служыў да пачатку вайны механікам-вадзіцелем, толькі пад Мінскам. Вялікая Айчынная пачалася, працягвалася, а сям’я не ведала, што з ім: ніякіх звестак не было. І аднойчы ў хату да маці, якая стамілася ад чакання, зайшлі партызаны. Адзін з іх спыніўся ля фотаздымкаў на сцяне.

– А хто гэта? – спытаў ён здзіўлена.

– Мой сын, – адказала маці.

– Я ж яго ведаю, – узрадаваўся незнаёмец. – Ён служыў са мной у танкавых войсках. Апошні раз бачыў у той дзень, калі пачалася вайна. Мы да позняга былі ў клубе. Крыху паспалі, а ў чатыры гадзіны вайна. Памятаю Вашага сына, калі ён бег у ніжнім адзенні да танка.

Далейшы лёс брата Аляксея Сямёнавіча невядомы.

Калі вайна скончылася, кожны, хто выжыў, імкнуўся як можна больш працаваць, аднаўляць разбуранае. Вярнуўшыся дадому, у родную вёску, учарашні змагар за Перамогу ўбачыў сумную пасляваенную карціну. У хаце жылі змучаныя вайной маці і яго дзве сястры. Юнак накіраваўся шукаць работу. Стаў працаваць зноў жа па спецыяльнасці. Больш за ўсё аддаў райсельгастэхніцы.

– Калі я прыехаў па накіраванні ў гэты калектыў інжынерам-тэхнолагам, –прыгадвае сёння У. М. Малаткавец, які пазней стаў упраўляючым гэтага прадпрыемства, а цяпер узначальвае раённую ветэранскую арганізацыю, – то Аляксей Сямёнавіч быў інжынерам-кантралёрам. Ён стаў для мяне настаўнікам вытворчасці. Разам мы тады адладжвалі службу па абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі: рамантавалі камбайны, асобна – рухавікі, іншыя вузлы і дэталі. Мне вельмі падабаўся Аляксей Сямёнавіч як спецыяліст і чалавек.

Такія словы ветэран чуў і на ўшанаванні былых работнікаў райсельгастэхнікі гады два назад у клубе прадпрыемства, чуе і пры сустрэчах са знаёмымі на вуліцы, у двары.

Сам ён сказаў так:

– Ніхто мне не рабіў заўваг, і я нікога не зачапіў.

А працаваў Аляксей Сямёнавіч доўга. Некаторы час – нават галоўным інжынерам аддзела капітальнага будаўніцтва райвыканкама. І калі пайшоў на пенсію, быў рабочым у дзіцячым садзе, загадчыкам гаспадаркі ў музычнай школе. Расказвае, што дома сядзець не мог. Гэта цяпер ён вымушаны па-сапраўднаму адпачываць, калі сталі балець ногі. Хаця ўвогуле здароўе нядрэннае.

Калі размаўляеш з гэтым чалавекам, адчуваецца яго мяккі характар і ў той жа час моцныя нервы. Пра свой жыццёвы шлях ён расказвае без слёзных адступленняў. Гаворыць пра сваю жонку Валянціну Ціханаўну, з якой пазнаёміўся яшчэ да арміі, калі працаваў у МТСе. Яна там была рахункаводам. Стварылі сям’ю, выхоўвалі траіх дзяцей. Апошнія гады, застаўшыся без жонкі, Аляксею Сямёнавічу давялося сысціся з іншай жанчынай, у якой не стала мужа. Жылі добра, але не так даўно давялося развітацца назаўсёды і з ёю. Цяпер ён адзін у кватэры, ды літаральна за сцяной жыве дачка са сваім мужам Вольга Шэўчанка. І яна, і Ніна, якая ў Краснаполлі, а яшчэ і ўнучка – урачы. Астатнія ўнукі абралі іншыя спецыяльнасці. Так, адзін з іх – галоўны бухгалтар дывановага камбіната, другі – праграміст. Гэта ўшацкія. Ёсць яшчэ і перакладчыца замежных моў, а таксама повар. Сын Аляксея Сямёнавіча – Уладзімір – ужо на пенсіі.

Вось і прабеглі дзевяць дзесяткаў гадоў. Ёсць што прыгадаць, перадумаць.

 

 

 

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.На здымку:

А.С.Чабатар.

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *