В члены Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь от Ушачского района выдвинут председатель Полоцкого райисполкома Николай Николаевич Шевчук

Общество

29 ліпеня на сумесным пасяджэнні прэзідыума Ушацкага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ад Ушацкага раёна быў вылучаны старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шаўчук.

Нагадаем нашым чытачам, што Савет Рэспублікі – адна  з палат Парламента. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь  з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, у якую ўваходзяць 64 члены. Восем з іх назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, па восем выбіраюцца ад кожнай вобласці і горада Мінска. Права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі маюць прэзідыумы мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і раённыя (гарадскія) выканаўчыя камітэты. Кандыдатам у члены Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражывае на тэрыторыі вобласці не меней пяці гадоў.

Мікалай Мікалаевіч Шаўчук нарадзіўся ў 1959 годзе ў Драгічыне Брэсцкай вобласці, аднак Віцебшчына стала для яго другой  малой Радзімай. Вось ужо 35 гадоў ён працуе ў Полацкім раёне, куды трапіў па размеркаванні пасля заканчэння ў 1981 Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці механізацыя сельскай гаспадаркі. У 2010­м скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Большая частка працоўнай біяграфіі Мікалая Мікалаевіча прысвечана сельскай гаспадарцы. Ён прайшоў шлях ад загадчыка майстэрні да начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама. У 2007 годзе М.М.Шаўчук назначаны старшынёй Полацкага раённага выканаўчага камітэта. За час работы на гэтай  адказнай пасадзе зарэкамендаваў сябе кампетэнтным, энергічным і ініцыятыўным кіраўніком.  І ў 2013 годзе, пасля аб’яднання Полацкага гарадскога і раённага выканаўчых камітэтаў,  Мікалая Мікалаевіча назначаюць кіраўніком гэтага вялікага рэгіёна.

Старшыня райвыканкама накіроўвае свае намаганні на актывізацыю работы прадпрыемстваў па мадэрнізацыі вытворчасці, паляпшэнні якасці выпускаемай прадукцыі. Так, за апошнія тры гады ў развіццё вытворчасці інвесціравана звыш 300 мільярдаў рублёў. У прыватнасці, шмат зроблена па мадэрнізацыі на ААТ “Полацк­Шкловалакно” і “Полацкі малочны камбінат”, у філіяле Віцебскага кандытарскага камбіната “Віцьба”. У сваёй рабоце Мікалай Мікалаевіч вялікую ўвагу надае развіццю аграпрамысловага комплексу раёна. За перыяд з 2010 па 2015 гады ўраджайнасць зерневых і зернебабовых павялічылася больш чым у два разы, узрасла і вытворчасць малака. Пад яго кіраўніцтвам праводзіцца вялікая работа і ў сацыяльнай сферы. Больш эфектыўна стаў выкарыстоўвацца патэнцыял Полацкага раёна па прыцягненні інвестыцый у развіццё турызму. За 2011­2015 гады рэалізавана 4 міжнародныя турыстычныя праекты, прыцягнута звыш 2,5 мільярда рублёў.

М.М.Шаўчук унёс вялікі асабісты ўклад як у  сацыяльна­эканамічнае развіццё рэгіёна, так і адраджэнне духоўнасці. Мікалай Мікалаевіч настойлівы ў дасягненні пастаўленых мэт, пастаянна дабіваецца ад кіраўнікоў працоўных калектываў рэгіёна, работнікаў райвыканкама ўмацавання працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. Яму ўласцівыя паважлівыя адносіны да людзей, камунікабельнасць, уменне прыслухоўвацца да меркаванняў супрацоўнікаў, улічваць іх у практычных справах. Мікалай Мікалаевіч стварае ўмовы для службовага росту перспектыўных работнікаў. Пастаянна працуе і над павышэннем уласнага адукацыйнага і прафесійнага ўзроўню.

Аб гэтым, прадстаўляючы М.М.Шаўчука, расказаў прысутным старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў. Уладзімір Уладзіміравіч, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка падкрэслілі, што Мікалай Мікалаевіч неаднойчы дапамагаў Ушаччыне. Прадпрыемствы Полацкага раёна прымалі ўдзел у рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, на працягу многіх гадоў з’яўляюцца шэфамі ўшацкіх вёсак і дапамагаюць жыхарам у навядзенні парадку на зямлі. Вольга Мікалаеўна дадала, што ведае Мікалая Мікалаевіча не толькі як таленавітага і граматнага кіраўніка, але і вельмі добрага, душэўнага чалавека, які карыстаецца сапраўднай павагай  не толькі ў жыхароў Полаччыны, а  і ва ўсёй Віцебскай вобласці, рэспубліцы і нават далёка за яе межамі. “Толькі шчыра ўлюбёны ў сваю радзіму чалавек можа так самааддана служыць ёй.  А столькі гадоў утрымліваць аўтарытэт і весці за сабой такі вялічны, значны для краіны рэгіён па плячы толькі мудраму кіраўніку, шчыраму чалавеку, якім і з’яўляецца Мікалай Мікалаевіч Шаўчук.  Веданне жыцця знутры, багаты жыццёвы і ўпраўленчы вопыт будуць спрыяць Мікалаю Мікалаевічу ў яго далейшай законатворчай дзейнасці,” — падкрэсліла ў сваёй прамове Вольга Мікалаеўна. Сам М.М.Шаўчук, выступаючы перад прысутнымі, сказаў, што і да гэтага цесна супрацоўнічаў са старшынёй райвыканкама В.В.Родзічам у вырашэнні агульных пытанняў, цяпер жа ўвогуле лічыць Ушаччыну сваёй, як і Полаччыну. Ён зазначыў, што разумее, якая адказнасць ускладаецца на яго ў выпадку абрання членам Савета Рэспублікі: “Прадстаўляць Ушацкі раён, у якім столькі гадоў прыклад бездакорнай дэпутацкай дзейнасці паказвае старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, вельмі складана. У выпадку абрання пастараюся апраўдаць аказаны мне давер”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *