У камерсантаў у лесе па 2 рублі 30 капеек, на стацыянарных кропках – па 1,8, у кааператараў – па 2 рублі за кілаграм. Гэтую інфармацыю ведаюць тыя, хто штодзённа ці эпізадычна наведвае лес па ягады. А мабыць не ўсе. Таму і запатрабаванымі застаюцца літаральна ўсе кропкі прыёму тавару. Сезон чарніц традыцыйна становіцца для ўшачан і сезонам заробку. Нялёгкім, але ўстойліва прыбытковым. Куды б ты не здаваў. Хаця кошт – канечне, асноўнае.
У нарыхтоўчым пункце райспажыўтаварыства застаём аднак не ягаднікаў, а грыбнікоў.
– Прыносяць усё, але зараз больш грыбы, – гаворыць Святлана Трафімаўна Вараксіна, не адрываючыся ад работы – акуратна перакладваючы баравікі з вядра ў скрыню і адкладваючы сумніўныя. А ў яе абавязках перш за ўсё праверыць тавар, узважыць, выпісаць накладную і разлічыцца. Грошы тут жа наяўнымі. Пры жаданні здатчык можа ўзяць і таварам. І хоць прымаюць у нарыхтоўчым пункце выключна белы грыб і лісічкі – паток здатчыкаў у пятніцу пасля абеду не спыняўся. А даход нават з адной здачы вельмі адчувальны, пад 30 рублёў, паколькі за кілаграм белых даюць 5 рублёў.
– Сабе 11 літраў замарынаваў, куды столькі, вось і здаю, – кажа Генадзь Фёдаравіч Міхейка, адзін запоўніўшы вялікую скрыню.
Атрымаўшы ад прыёмшчыцы такую ж, пайшоў “псаваць” тавар Павел Іванавіч Дубоўскі. Не першы раз здае, таму выдатна ведае, што даўжыня ножкі не павінна перавышаць 5 сантыметраў. Шкада баравікоў, ды стандарт, як дарэчы і на велічыню шляпкі.
Менавіта стандарт і становіцца часта кропкай непаразумення паміж здатчыкам і нарыхтоўшчыкам.
– Патрабаванні да тавару вельмі ўзраслі, – гаворыць нарыхтоўшчык са стажам Марыя Аркадзьеўна Маковіч. – Калі гэта парэчкі – то адборныя, чыстыя і сухія. Калі агуркі – то не перарослыя, таварнага выгляду, калі бульба – то яшчэ і з указаннем сорту. Ушачане ж да здачы часта адносяцца так – здаю тое, што самому непатрэбна, ці не падыходзіць па кандыцыях. Гэта склалася з часоў, калі мы здавалі на перапрацоўчыя заводы. Але сёння вельмі многія закупкі, калі не асноўныя ідуць на перапродаж, трапляюць да такога ж прыватнага пакупніка, які хоча бачыць якасны тавар.
Нарыхтоўка тавараў – справа ў гандлі, напэўна, самая складаная. Паколькі ты шукаеш не толькі пакупніка – як пры рознічным гандлі, і маеш справу не з аптовым пастаўшчыком, а прыватнікам. Сумясціць гэтыя два этапы нарыхтовак і самае галоўнае, не сапсаваць на стадыі пераходу сыравіны ў тавар – і ёсць задача кааператараў, якія і закупляюць лішкі ў насельніцтва. Ці мы прывыклі, што гэта так, а на справе дзейнічае рынак, калі інтарэсы здатчыка і нарыхтоўшчыка павінны супадаць.
– Заводы, а дакладней адзіны, які браў парэчкі на віно, даваў вельмі нізкую цану, а на продаж у Расію самі не рызыкнулі, настолькі мокрая была ягада, у момант пачынала кіснуць, – гаворыць начальнік аддзела нарыхтовак Ірына Васільеўна Долгая. Памятаеце, як пазамінулы год не было запыту на яблыкі зза вельмі вялікага ўраджаю. Мы ж не можам прымаць, пакуль не будзем ведаць рынкі збыту. Хоць напрацовак і сувязяў многа. Мы ідзём на розныя варыянты, каб і здатчык быў задаволены, і самі страты не панеслі. Заўсёды выязджаем на месца пры вялікай колькасці тавару. Сыравіну прымаюць усе вясковыя магазіны і нарыхтоўчыя пункты. Набылі спецыяльную машыну, каб ахалоджаны тавар вазіць на рынкі Расіі і зарабляць валюту. Абсталявалі сховішчы, каб захоўваць працяглы час сыравіну, якую закупілі для рэалізацыі ў сваёй гандлёвай сетцы.
Па нарыхтоўках у кааператараў таксама існуе план. Напрыклад, грыбоў трэба нарыхтаваць 2 тоны. Чарніц – 20 тон. Гэта нямнога – усяго адна велікагрузная машына. Аднак зрабіць гэта традыцыйна няпроста, паколькі лясная Ушаччына насычана перакупшчыкамі сыравіны. Вось пасля абеду з лесу вярнуўся закупшчык райспажыўтаварыства Таццяна Парашкіна са 103 кілаграмамі. Сёння няблага, а бывае, што і пару вядзёр усяго. Складана канкурыраваць, калі там цана вышэй, аднак і ў нас ёсць перавагі, камерсанты чыстую, перабраную прымаюць, мы не.
На сённяшні дзень каапнарыхтпрам нарыхтаваў 7,5 тоны ягад і 250 кілаграмаў грыбоў, з якіх 170 – белыя. Аднак сезон нарыхтовак у самым разгары. Прымаць будуць усё – агуркі і бульбу, яблыкі і часнок. А каб супадалі інтарэсы, трэба асноўнае – здатчыку паставіць сябе на месца прыёмшчыка і не несці няякасны тавар, а прыёмшчыку падумаць, як прыватніку зручней пазбавіцца ад запатрабаваных на рынку лішкаў. І ў гарачы сезон здачы яблыкаў кааператары будуць працаваць па ранейшай схеме – раздаваць мяшкі, скрыні і забіраць на доме лішкі, пры гэтым трэба папярэдне патэлефанаваць па нумарах 27735, 27852.
Калі ж у вас паўстаюць пытанні па здачы сыравіны, тэлефануйце ў чацвер, 28 ліпеня, па нумары 27339 з 8 да 9 гадзін. У гэты час на “прамой лініі” з жыхарамі раёна будзе знаходзіцца старшыня праўлення райспажыўтаварыства Лілія Альбінаўна Долгая.
Вольга КАРАЛЕНКА.