Техника там, где спелый колос. В Ушачском районе набирает темп уборочная кампания-2016

Сельское хозяйство

Традыцыйныя культуры

Звыш 10 тысяч гектараў неабходна ўбраць аграрыям раёна падчас жніва. Дзякуючы ААТ “Дземенец”, які сеяў азімы ячмень і яравую трыцікале, сёлета разнастайная відавая структура плошчаў, але стаўка робіцца на традыцыйныя культуры: азімае жыта – 2648 гектараў, азімую пшаніцу – 1233, яравы ячмень – 2791, яравую пшаніцу – 1042, азімую трыцікале – 678,  авёс – 483. Яшчэ 1294 гектары займаюць зернебабовыя. Амаль чацвёртая частка ўсіх плошчаў належыць ААТ “Ільюшынскі”, дзе неабходна ўбраць 2400 гектараў. Вялікі зерневы клін і ў КУСГП “Вялікадолецкае” – 1863 гектары.

***

Пара спрыяльных дзянькоў – і ўжо можна казаць аб старце масавай уборкі зерневых. У панядзелак вільготнае паветра над падсыхаючымі палеткамі напоўніліся гулам камбайнаў ў розных гаспадарках раёна. Неабходна даражыць кожным сонечным днём. І зараз, калі збажына паспявае паступова, не дзеліцца ўраджай на свой і чужы, а тэхніка аператыўна накіроўваецца туды, дзе ў гэтым маецца патрэба.

ААТ “Дземенец” на старце жніва традыцыйна ў лідарах. Камбайны тут падрыхтавалі аднымі з першых яшчэ да ўборкі азімага ячменю, падчас якой абкаталі тэхніку, і на пачатку тыдня ўсе збожжаўборачныя агрэгаты пасля абеду выйшлі ў поле. Па словах дырэктара гаспадаркі Аляксандра Віктаравіча Шарыпенкі, азімае жыта за Ваўчом – не самы лепшы ўчастак. На маё пытанне аб ураджайнасці кіраўнік  адказаў лаканічна: “Толькі першы бункер намалацілі, але на вока бачу, што не вельмі. Бачыш, каласы не сагнула, прама стаіць жыта! Значыць не налілося зерне…”

Стартавыя тоны выгружаў Мікалай Яловік, непадалёк працаваў КЗС­1218 яго брата Аляксандра. Традыцыйна на жніве ў “Дземенцы” і  браты Грачовы – Анатоль на камбайне, а Руслан на МАЗе. Але айчынных самазвалаў на ўскрайку поля налічыў аж тры – на дапамогу аграрыям прыйшлі вайскоўцы. З канца мінулага тыдня ва Ушачы прыбыла 29 аўтамашын зводнага аўтамабільнага ўзвода з розных часцей Узброеных Сілаў краіны.

– Я і да арміі паспеў папрацаваць вадзіцелем, – дзеліцца першымі ўражаннямі ад працы ў нашым раёне Аляксей Мялік, ураджэнец Івацэвіцкага раёна, радавы 85­ай брыгады сувязі, што дыслацыруецца ў Баранавічах. – Хоць і не ў сельскагаспадарчай арганізацыі, але гэта не першая мая ўборачная – працаваў на зернетоку. Ужо 14 месяцаў адслужыў, а ў водпуску яшчэ не быў… Можа пасля дапамогі вашым аграрыям паспею схадзіць!

Замільгаў ліхтар аб запаўненні бункера над камбайнам і хлопец хуценька накіраваўся туды. Побач з ім у кабіне – прапаршчык Уладзімір Ус, бо служачым тэрміновай службы адным працаваць нельга. Яшчэ адзін самазвал, які камандзіраваны ў “Дземенец”, належыць воінскай часці з Навагрудка, а гаворка вадзіцеля, які, дарэчы, быў у цывільным адзенні, адразу выдае ўраджэнца заходніх рэгіёнаў:

– Я не ваеннаслужачы, хаця і працую ў арміі, – тлумачыць мужчына. – У складзе атрада разам з салдатамі тэрміновай службы, кантрактнікамі і прафесійнымі ваеннымі ёсць і грамадзянскія. Размясцілі нас пакуль на базе спартыўнай залы ля лясгаса. Харчаванне выдатнае, наведваем сталовую райспажыўтаварыства, паспелі ўжо і пасёлак крыху разгледзіць, нават назву вашай газеты ведаем!

Раз удзел у кампаніі прымаюць вайскоўцы – значыць, і сапраўды бітва за ўраджай. З гэтым, праўда, А.В.Шарыпенка не згодзен, кажа, “бітвы” засталіся ў дзевяностых, але пазмагацца за своечасовую ўборку без страт  прыйдзецца”. У гэтай барацьбе дапамога вайскоўцаў вельмі дарэчы, тым больш, што працуюць яны бясплатна і на сваёй тэхніцы. Будуць аказваць паслугі і іншым сельгаспрадпрыемствам раёна.

Ад поля за Ваўчом да сховішча гаспадаркі “Дземенца” аўтамабілі накіроўваліся напрамую кароткім шляхам, таму і прастойвалі камбайны пэўны час у чаканні загрузкі. “У нас напачатку так заўсёды. Затое як на дубраўскі бок паедзем, і “плячо” стане вялікім – там ўжо салдацікам давядзецца папацець, каб камбайнеры не чакалі. Тады і паглядзім з якога яны цеста!” — усміхаўся загартаваны на папярэдніх уборачных Руслан Грачоў.

Не толькі салдаты, але і адзін аднаму дапамагаюць у гэтыя дні аграрыі. У панядзелак ільюшынскія камбайнеры накіраваліся на ўборку рапсу ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Армейскія аўтамабілі працавалі побач з мясцовымі механізатарамі ў КУСГП “Глыбачаны”, сваю пшаніцу ўбіралі вялікадолецкія камбайнеры, а іх калегі з ААТ “Агра­Селішча” пачалі ўборку жыта на палетках КУСГП “Арэхаўна”, дзе як і ў КУСГП “Кублічы” не паспелі падрыхтаваць уласныя камбайны. Але ў раёне абрана менавіта такая тактыка жніва: тэхніка не павінна прастойваць — убіраць, дапамагаючы адзін аднаму, ўсе спелыя ўчасткі

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *