Адразу пасля ліўневага дажджу і шквалістага ветру 11 ліпеня ў двары дома № 19 па вуліцы Ленінскай праходзіў сход жыльцоў. Яго нагода – калектыўны зварот грамадзян па пытаннях добраўпарадкавання тэрыторыі двара. Ну а раз зварот калектыўны, то і абмеркаваць праблемы і шляхі іх вырашэння разам з жыхарамі сабраліся адказныя асобы райвыканкама і прадстаўнікі зацікаўленых службаў. Эмоцыі ж падчас абмеркавання момантамі нагадвалі толькі адгрымеўшую непагадзь.
Трэба сказаць, што добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі дома пачалося падчас аднаго з суботнікаў, калі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікі жыллёвакамунальнай службы і ДРБУ-105 устанаўлівалі бардзюры. Некаторыя работы па азеляненні тэрыторыі, стварэнні малых архітэктурных формаў перыядычна праводзяць і асобныя жыльцы, якія хацелі, каб іх двор выглядаў мінімум не горш, чым у суседзяў насупраць – на Ленінскай, 16. Жаданне гэта зразумелае і пахвальнае, вось толькі пытанне не атрымаецца вырашыць хутка, нават калі кватэраўладальнікі правядуць і некалькі суботнікаў, паколькі жыхары дома жадаюць мець у двары малыя архітэктурныя формы. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, начальнік аддзела жыллёвакамунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Пятровіч Дыман тлумачылі грамадзянам, што ўстанавіць у двары іх жылога дома дзіцячую гульнявую пляцоўку зараз немагчыма, бо сродкаў у раённым бюджэце на яе набыццё няма. Як і тое, што грамадзяне могуць узяць на ўзбраенне метад вырашэння агульных пытанняў вясковых жыхароў – сабраць сродкі самаабкладання і набыць абсталяванне самім. А работнікі ЖКГ яго ўстановяць – у гэтым заверылі намеснік дырэктара камунгаса Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь і майстар Ніна Мікалаеўна Маковіч. Усё, што ў іх сілах зрабіць на бягучы момант, камунальнікі стараюцца выконваць – смецце ўбіраецца, пясочніца ў двары дома прыведзена ў належны стан, заменены пясок, а пытанне яго далейшага абнаўлення ўзята на кантроль.
Горку ў двары кожнай шматпавярхоўкі не паставіш. Між тым сказаць, што дзецям з дома №19 няма дзе пагуляць, нельга. Канечне, гэта не зусім на выхадзе з пад’езда і з акна, як хацелася б, за свавольнікамі не паназіраеш. Але і недалёка – не так даўно новае гульнявое абсталяванне з’явілася ў скверы па вуліцы Ленінскай, што ўсяго ў некалькіх сотнях метраў. Пры жаданні можна знайсці месца для гульні яшчэ бліжэй — дастаткова зайсці ў двор дома насупраць.
Што датычыцца іншых пытанняў добраўпарадкавання, то ў трэцім квартале бягучага года плануецца выканаць асфальтаванне дваровай тэрыторыі сіламі камунгаса і ДРБУ105, начальнік якога Анатоль Іванавіч Коцур таксама прысутнічаў на сходзе. А пажаданне жыхароў аб свабодным доступе з іх двара на тэрыторыю школьнага стадыёна застанецца незадаволеным. Існуе пастанова Міністэрства аховы здароўя, згодна якога фізкультурнаспартыўная зона ўстановы адукацыі павінна быць агароджана. А доступ на стадыён забяспечваюць два ўваходы: з бакоў вуліцы Школьнай і той жа Ленінскай.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.