Шніткі – вёска зусім маленькая. Настолькі, што не тое што працаздольных, усіх жыхароў можна пералічыць па пальцах. І сядзібу Аляксандр Антопуша адшукаеш без праблем – ва ўсім бачны гаспадар. Ля гэтага яшчэ бацькоўскага дома ўсё, чым займаецца сям’я. Прыгожыя дрэвы і клумбы, абрамленыя металічнымі фігурамі, іржавая падкова на самаробным сонейку гаварылі пра індывідуальны падыход. Велічавы індык сведчыў аб наяўнасці немалой гаспадаркі. А спецыфічныя прыстасаванні ў двары – аб тым, што гаспадар мае справу з металам…
Тут у канцы Шнітак і жыве сям’я – работніка лясгаса, індывідуальнага прадпрымальніка і пастаяннага жыхара гэтай вёскі Аляксандра Фёдаравіча Антопуша.
Тры гады таму ён аформіў прадпрымальніцтва. Хоць профіль дзейнасці мог бы быць напэўна любым – складана сказаць, што ён не ўмее… Аднак сёння прапаноўвае пакупнікам металічныя кованыя, зварныя рэчы. Гэта перш за ўсё агароджы да помнікаў, могуць быць вароты ці кветнікі… – што пажадана і пад любы густ. У залежнасці ад фантазіі кліента кошт, канечне, узрастае, ну а на ўжо штампаваныя рэчы ён дэмакратычны.
– Метал падаражэў практычна ўдвая, але ж як будзеш прапаноўваць ушачанам дарагія расцэнкі? Таму ў мяне яны лічы што не змяніліся з пачаткам прадпрымальніцкай кар’еры. Тады агароджы на помнік былі 150 тысяч за пагонны метр, цяпер – 18 рублёў. Я не магу ўзвінчваць цэны, і так попыт у апошні год меней стаў. Ну а калі нейкі індывідуальны малюнак патрэбны, цана можа павышацца і да 40.
Адкрываў сваю справу з адзінай мэтай – палепшыць матэрыяльнае становішча сям’і. Па гэтай жа прычыне трымае вялікую гаспадарку, толькі ранняй бульбы 20 сотак садзіць, а лішкі таксама прадае. На рынку, куды днямі і прывозіў свой сорт “молі”, яго ведаюць, здаецца ўсе. З усіх бакоў раздаваліся прывітальныя воклічы.
Навучыла ж яго ўсяму – жыццё. Аляксандр застаўся без бацькі ў чатырнаццаць, калі старэйшыя брат і сястра паспелі пакінуць Шніткі. Уся мужчынская работа па гаспадарцы, якая ва ўсе часы была немалой, засталася на ім. Таму няма такой справы – з жывёлай, дрэвам ці тэхнікай, якую б ён не ўмеў. Літаральна ўсё, наколькі гэта магчыма, імкнецца рабіць самастойна, набываючы толькі тое, што самому не змайстраваць. Напрыклад, пілараму. Купіў толькі рухавік і дрэва, зрабіў жа яе самастойна.
– Чаму менавіта метал?
– Напэўна таму, што я зваршчык шостага разраду. У нас жа выбар паслуг на выраб агароджаў быў не надта вялікі – усе гатовыя, у мяне ж пад індывідуальны заказ. Вось і спыніўся на гэтым. У мяне і зварка, і кузня. Люблю працаваць з металам, а навучыўся ў арміі. Служыў у пагранічных войсках у Смаргоні, там і асвоіў. Пазней жа адвучыўся, каб атрымаць неабходныя дакументы. Працаваў у мясцовай гаспадарцы ў “Арэхаўне”, будаўнічай арганізацыі “БудУш”. Зараз у лясгасе, а нядаўна адкрыў прадпрымальніцтва, каб адкрыта аказваць людзям паслугі. Плачу адзіны, зусім невялікі падатак. За якасць мне не сорамна, ды і як прадасі няякаснае, калі жывеш тут. У нас жа няпісаная характарыстыка хутка распаўсюджваецца і вельмі трывала замацоўваецца. Адшукаць больш прыбытковую работу можна, я ездзіў за межы раёна. Аднак пакутуе сям’я, якую ты не бачыш. Сам жывеш у падарожных умовах. Таму і перакананы, што зарабіць можна і дома, калі не лянуешся працаваць. Ды і бацькаўшчыну люблю, таму і пашыраюся, упрыгожваю нешта. Часу толькі на ўсё не хапае.
Так з’явілася альтанка, верталёт – аднак ён не самаробны, а дораны, мноства кветак і раслін. Апошнімі займаецца жонка, задача ж Аляксандра Фёдаравіча – зварыць конус кветнікаў, іншыя металічныя канструкцыі.
На гэтым ўзгорку, дзе будавалі хату бацькі, вельмі прыгожа і дыхаецца неяк асабліва лёгка. А.Ф.Антопушу – тым больш. Тут грэюць сцены, памяць бацькоў, адчуванне таго, што ты не проста не загубіў пасаджаны матуляй ядловец, а зрабіў сядзібу больш прывабнай і дагледжанай. Адчуванне таго – што ты гаспадар на сваёй зямлі. Вось і падкова – старая, сапраўдная, не проста талісман на ўдачу, а сувязь з пакаленнем працавітых продкаў.
Вольга КАРАЛЕНКА.