Сусветны дзень барацьбы з гепатытам праводзіцца штогод 28 ліпеня пад эгідай Міжнароднага альянсу па барацьбе з захворваннем. Асноўная яго мэта – інфармаванне насельніцтва пра пагрозу заражэння рознымі формамі гепатыту. Дата 28 ліпеня была выбрана ў гонар дня нараджэння лаўрэата Нобелеўскай прэміі прафесара Баруха Самюэля Блумберга, які адкрыў вірус гепатыта В.
Вірусны гепатыт – запаленчае захворванне, якое развіваецца пры ўздзеянні спецыфічных вірусаў і прыводзіць да гібелі клетак печані. Гепатыты А і Е перадаюцца фекальнааральным спосабам, іх выклікаюць забруджаныя харчовыя прадукты ці вада, захворванне працякае ў вострай форме. Гепатыты В, С і D, так званыя парэнтэральныя, па механізме і шляхах перадачы падобныя на ВІЧінфекцыю, але рызыка заражэння імі значна вышэйшая. Адбываецца гэта пры палавых кантактах, карыстанні агульнымі шпрыцамі, іголкамі, прадметамі асабістай гігіены – зубнымі шчоткамі, брытвамі, манікюрнымі прыборамі і інш.
Крыніцай інфекцыі з’яўляецца носьбіт вірусу, у тым ліку хворы на вострую, хранічную ці схаваную форму захворвання. Заражэнне адбываецца праз розныя біялагічныя вадкасці: кроў, сперму, сліну, мачу, жоўць, малако маці. Дарэчы, першыя дзве – максімальна небяспечныя.
Вірусным гепатытам В і С уласціва хуткае прагрэсіраванне, развіццё цырозу ці рака печані, захворванне працякае цяжка. Найбольш часта выяўляюць гэтыя віды гепатыту ў асоб ад 15 да 60 гадоў.
Прафілактыка гепатыту А – ужыванне ежы і вады гарантаванай якасці, захаванне тэхналогіі прыгатавання кулінарных страў, мер асабістай гігіены, купанне ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Самай надзейнай мерай не заразіцца вірусным гепатытам В з’яўляецца вакцынацыя, якая праводзіцца ў адпаведнасці з нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак. Вакцыны ад гепатыту С, на жаль, пакуль не існуе.
З мэтай прафілактыкі парэнтэральных вірусных гепатытаў пры аказанні насельніцтву медыцынскай дапамогі ў лячэбных установах выкарыстоўваюцца аднаразовыя медыцынскія інструменты, прымяняюцца сучасныя сродкі дэзінфекцыі і метады стэрылізацыі вырабаў медыцынскага прызначэння. Усе донары перад заборам крыві праходзяць медыцынскі агляд. Да донарства не дапускаюцца асобы без вызначанага месца жыхарства. Уведзена карантынізацыя плазмы крыві – апошняя накіроўваецца ў арганізацыі аховы здароўя для трансфузіі пацыентам толькі праз шэсць месяцаў пасля атрымання паўторных вынікаў лабараторных даследаванняў донара.
Да вельмі важных прафілактычных мерапрыемстваў адносяцца меры па папярэджанні рызыкоўных паводзін насельніцтва. Неабходна пазбягаць выпадковых палавых сувязяў, мець аднаго надзейнага палавога партнёра, ніколі не ўжываць наркотыкі, касметычныя працэдуры (татуіроўкі, пірсінг, манікюр, педыкюр) праводзіць у спецыялізаваных салонах, карыстацца толькі індывідуальнымі прадметамі асабістай гігіены.
Адказна стаўцеся да свайго здароўя – і вы пазбегнеце сур’ёзнай праблемы пад назвай гепатыт.
В.ЯРМОШ, урач-інфекцыяніст Ушацкай ЦРБ.