У панядзелак, 25 ліпеня, выратавальнікі ўсёй краіны адзначаць прафесійнае свята. Спаўняецца 163 гады з дня ўтварэння пажарнай службы Беларусі. Віншаванні з гэтай нагоды будуць прымаць і супрацоўнікі Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
З пачатку бягучага года на Ушаччыне адбылося 8 пажараў, што на 5 менш, чым у 2015 годзе. Пры гэтым гібелі людзей на пажарах не зарэгістравана, летась за гэты ж перыяд было двое загінуўшых. Выратавана 8 пабудоў, 1 чалавек, матэрыяльных каштоўнасцей на суму звыш 360 мільёнаў рублёў. У пяці выпадках асноўнай прычынай узнікнення пажараў стала неасцярожнае абыходжанне з агнём. Сёлета не зарэгістравана пажараў на тэрыторыі Кубліцкага, Вялікадолецкага, Жарскага сельсаветаў.
На выратавальнікаў ускладзены задачы па аказанні дапамогі насельніцтву не толькі ў надзвычайных, але і бытавых сітуацыях. Напрыклад, адкрыццё дзвярэй, аказанне дапамогі пацярпелым у дарожнатранспартных здарэннях, спілаванне аварыйнага дрэва, ліквідацыя гнёздаў небяспечных насякомых і многае іншае. Так, напрыклад, сёлета было два выезды па ліквідацыі гнёзд джалячых насякомых, чатыры разы выязджалі на ўборку аварыйных дрэў па просьбах насельніцтва.
Супрацоўнікамі аддзела ў 2016 годзе праведзена планавае абследаванне 24 суб’ектаў гаспадарання, пастаянна праводзіцца і абследаванне жылога сектара ва ўсіх населеных пунктах раёна.
Прафесіяналізм, граматнасць, аператыўнасць – стыль работы нашых супрацоўнікаў, – з гонарам адзначае намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Міхайлавіч Уліновіч. – Штогод за сваю нялёгкую працу ўшацкія выратавальнікі ўдастойваюцца заслужаных узнагарод. Спецыяльнае пазачарговае званне старшага прапаршчыка атрымае камандзір аддзялення пажарнай аварыйнавыратавальнай часці №1 г.п.Ушачы Аляксандр Васільевіч Жукаў. Нагрудным знакам “Выдатнік” узнагароджаны старшы вадзіцель часці Сяргей Генадзьевіч Сыс. Ганаровай граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначаны камандзір аддзялення пажарнай часці Уладзімір Іванавіч Лісічонак. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС сёлета ўзнагароджаны намеснік начальніка аддзела па аператыўнатактычнай рабоце Дзмітрый Канстанцінавіч Лёля, Граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС – вадзіцель Аляксандр Алегавіч Васілеўскі. На раённым узроўні Ганаровай граматай райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу адзначаны вадзіцель Уладзімір Паўлавіч Жогаль, Падзяка старшыні райвыканкама за самаадданыя дзеянні па выратаванні чалавека, храбрасць і адвагу пры тушэнні пажараў аб’яўлена Мікалаю Паўлавічу Шустрову.
“Спадарожнага ветру” жадаюць перад вахтай маракам, “чыстага неба” – лётчыкам, а пажарным па традыцыі – “сухіх рукавоў”. А вось звычайны выраз “поспехаў у рабоце” ў адносінах да іх хацелася б замяніць на пажаданне як мага радзей атрымліваць магчымасць праяўляць свой высокі прафесіяналізм.
Вольга КАМАРКОВА.