Уборачная для экіпажаў ільюшынскіх камбайнераў, якія працуюць на КЗС-1218, пачынаецца раней, чым для іх калег на КЗС-10. Не зза таго, што яны хутчэй рыхтуюць агрэгаты – напрыканцы тыдня ў гаспадарцы былі гатовы ўсе камбайны, заставалася толькі на некаторыя атрымаць допуск. Справа ў тым, што жняяркі больш магутных КЗС-1218 абсталяваныя спецыяльнымі прыстаўкамі, якія перашкаджаюць высыпанню масланасення рапсу – менавіта азімыя пасевы гэтай культуры ўбіраюць першай.
Старшы камбайнер Анатоль Спірыдзёнак, якому сёлета дапамагае Уладзімір Шопа, яшчэ ў аўторак намалаціў 20 тон. На ўборцы 70гектарнага поля на былым партызанскім аэрадроме ля Наваселля ўжо паспелі папрацаваць таксама экіпажы Уладзіміра Урбана і Антона Коўшаля, Уладзіміра Лёлі і Ігара Петухова (на здымку).
У “Ільюшынскім” сёлета азімы рапс не спісвалі – убіраць неабходна 163 гектары. Па словах У.Лёлі, справіліся б з гэтым за пару дзён, калі б не перашкаджалі дажджы. Уладзімір Уладзіміравіч літаральна перасеў з камбайна на камбайн, бо яшчэ на мінулым тыдні працаваў на КВК-800 на закладцы зернесенажу. Неабходнасць якаснай уборкі прыбытковай культуры камбайнеры разумеюць, тым больш, што ў гаспадарцы сёлета прапаў увесь яравы рапс. Ды і ўраджайнасць азімага не вельмі высокая – пакуль 12 цэнтнераў з гектара. Вільготнасць намалочанага насення прымальная і ў хуткім часе першыя яго тоны будуць адпраўлены на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.