Не за гарамі пара падрыхтоўкі дзяцей да школы. Даволі клопатны занятак, да таго ж адчувальны для бюджэту бацькоў. Між тым, пэўнай катэгорыі сямей, у якіх выхоўваюцца школьнікі, дзяржава аказвае матэрыяльную падтрымку.
Як нам паведамілі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, працуючыя (занятыя) сем’і, у якіх сярэднедушавы прыбытак не перавышае 1,5 бюджэту пражытачнага мінімуму (на сённяшні дзень гэтая сума складае 254,91 рублі), могуць разлічваць на атрыманне дзяржаўнай адраснай аднаразовай сацыяльнай дапамогі да школы. Яе памер сёлета складзе 25,0 рублёў на аднаго вучня.
Для таго, каб аформіць права на “школьную” дапамогу, неабходны наступныя дакументы: пашпарты заяўніка і членаў сям’і; пасведчанне аб нараджэнні дзіця; пасведчанне аб шлюбе (разводзе); пасведчанне аб устанаўленні бацькоўства ці даведка з загса (калі бацькоўства не ўстаноўлена); даведка аб складзе сям’і; даведка студэнту да 18 гадоў аб залічэнні; акт абследавання жыллёвабытавога стану сям’і (са школы ад класнага кіраўніка). Таксама патрэбна даведка аб атрыманых прыбытках кожнага члена сям’і за 12 месяцаў, якія папярэднічалі месяцу звароту (зарплата, дапамогі, пенсіі, аліменты, стыпендыя). Пры падачы дакументаў у ліпені бярэцца перыяд з ліпеня 2015 года па чэрвень 2016га, а пры падачы ў жніўні – са жніўня 2015га па ліпень 2016га.
За дадатковай інфармацыяй можна звярнуцца ў ТЦСАН, размешчаны ў доме Саветаў па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Ленінская, 12, кабінет №11. Варта падкрэсліць, што прыём дакументаў, неабходных для прызначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, ажыццяўляецца спецыялістамі ўзгаданай службы з 8 да 13 (!) гадзін. Тэлефон для даведак: 27444.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.