На “прамую лінію”, якую праводзілі на гэтым тыдні ў рэдакцыі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна ВАСІЛЕЎСКАЯ і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна Алеся Уладзіміраўна ХВАШЧЭЎСКАЯ, звярнулася ўсяго трое грамадзян. Аднак пачуць адказы на ўзнятыя імі пытанні, несумненна, будзе карысна многім нашым чытачам.
– Чула, што з чэрвеня бягучага года аднавіла сваю работу сацыяльная пральня ў Градзянцы. Падкажыце, калі ласка, наколькі даступныя там цэны?
– Пральня разлічана на сацыяльна неабароненую катэгорыю грамадзян – пажылых людзей і інвалідаў, а таму цэны там даволі дэмакратычныя. Адна загрузка бялізны ў пральную машыну, а гэта пяць кілаграмаў, на сённяшні дзень каштуе 23 тысячы 700 рублёў. Ёсць таксама магчымасць прасаваць рэчы і прасушыць іх.
– Хачу абкасіць прысядзібны ўчастак мотакасой. Ведаю, што такую паслугу прапануе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ці ёсць на яе чарга?
– Так, гэта зараз адна з найбольш запатрабаваных паслуг, таму непрацаздольным грамадзянам з гарпасёлка і бліжэйшых вёсак раёна (менавіта гэтай катэгорыі яна аказваецца) варта загадзя запісацца. Зрабіць гэта можна па тэлефоне аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Ушацкага раёна 29289. На сённяшні дзень адна гадзіна работы нашага спецыяліста па касьбе мотакасой каштуе 47 тысяч 200 рублёў.
– Маю пэўныя парушэнні апорна-рухальнага апарата, а вось магчымасці купіць неабходнае артапедычнае абсталяванне пакуль не магу. У вас, наколькі я ведаю, можна атрымаць яго цалкам бясплатна. Якія дакументы для гэтага неабходны?
– Трэба сказаць, што да нядаўняга часу артапедычны інвентар (кастылі, кійкі, крэслыкаляскі, хадуны) пэўным катэгорыям грамадзян выдаваўся на пракат, за што бралася невялікая плата. Зараз жа, сапраўды, выдача такога абсталявання стала абсалютна бясплатнай. Аднак для гэтага патрэбна заключэнне ўрачэбнакансультацыйнай камісіі, якое пацвярджае неабходнасць чалавека ў такіх тэхнічных сродках рэабілітацыі, а таксама пашпарт, пасведчанне інваліда (пры наяўнасці).
– Дзякуй за тлумачэнні!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.