За высокими результатами — итог работы каждого. Ушачское райпо отпраздновало столетний юбилей!

Общество

Такая цудоўная дата, такі значны юбілей! – неаднаразова гучала ў гэты вечар. У пятніцу прадстаўнікі аднаго з самых шматколькасных калектываў раёна сабраліся, каб адзначыць сваё прафесійнае свята, якое супала са стагоддзем з дня заснавання Ушацкага райспажыўтаварыства. У зале раённага Дома культуры практычна не было свабодных месцаў – на свята прыйшлі сённяшнія працаўнікі, ветэраны арганізацыі, ганаровыя госці.

За век існавання мяняліся назвы арганізацыі, структурныя падраздзяленні, аднак нязменнай заставалася галоўная задача – гандлёвае абслугоўванне насельніцтва. І ў няпростае эканамічнае становішча Ушацкае райспажыўтаварыства свой юбілей сустрэла з высокімі паказчыкамі, заняўшы за мінулы год першае месца ў вобласці па выніках фінансава­гаспадарчай дзейнасці. Прафесіяналізм працаўнікоў, актыўнае развіццё арганізацыі адзначыў у сваёй віншавальнай тэлеграме калектыву ўшацкіх кааператараў і наш дэпутат, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка.

Спажывецкі кааператыў на Ушаччыне быў створаны ў ліку першых: “Ушаччына заўсёды вылучалася сваёй ініцыятыўнасцю і прадпрымальнасцю. У большасці раёнаў спажывецкія кааператывы ствараліся пазней, а Белкаапсаюз наогул сёлета святкуе толькі 78 гадоў з дня заснавання, – гаварыў у сваім выступленні першы намеснік старшыні Белкаапсаюза Д.Г.Баранаў. Дарэчы, Дзмітрый Георгіевіч прысутнічаў на свяце не толькі па доўгу службы, а яшчэ і па закліку сэрца. Менавіта ён у канцы 90­х гадоў узначаліў калектыў ушацкіх кааператараў і на працягу шасці гадоў паспяхова ім кіраваў. “Практычна ўсіх у зале ведаю і па­свойму люблю, удзячны лёсу, што мне прыйшлося працаваць на Ушаччыне, вы многае мне далі і я імкнуўся зрабіць усё, што ад мяне залежыць. Ведайце, што ў Белкаапсаюзе ёсць свой чалавек, які вас памятае!” – сказаў Д.Г.Баранаў, выступаючы перад ушачанамі. Яны ж у сваю чаргу віталі былога кіраўніка шчырымі апладысментамі.

Не мог не адзначыць высокія паказчыкі дзейнасці райспажыўтаварыства і кіраўнік раёна Віктар Віктаравіч Родзіч: “Вы сваёй работай паказваеце, што спажыўкааперацыя пры граматным кіраўніцтве здольная спраўляцца з пастаўленымі задачамі і я ганаруся тымі паказчыкамі, якіх вы дасягнулі за прайшоўшую пяцігодку. Гэта вынік паўсядзённай працы кожнага з вас. Зараз перад намі новыя арыенціры, якія былі агучаны на пятым Усебеларускім народным сходзе, і я ўпэўнены, што справімся мы з імі не горш”.

Канечне, святочны дзень і такі сур’ёзны юбілей не мог абысціся без узнагарод, якія па праве заслужылі работнікі гандлёвай сферы Ушаччыны. За вялікі асабісты ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі нагрудным знакам “Выдатнік спажывецкай кааперацыі Беларусі” ўзнагароджана старшыня праўлення райспажыўтаварыства Лілія Альбінаўна Долгая. За шматгадовую сумленную працу і асабісты ўклад у развіццё галіны нагрудным знакам “40 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі” ўзнагароджана ўлікоўца райспажыўтаварыства Людміла Аляксандраўна Лісоўская, нагрудным знакам “30 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі” – намеснік старшыні праўлення па кадрах і ідэалагічнай рабоце Марыя Васільеўна Храмёнак. Ганаровыя граматы праўлення Белкаапсаюза былі ўручаны начальніку планавага аддзела Ларысе Антонаўне Балабоўка, дырэктару АСП “Харчгандаль” Людміле Іванаўне Каваленка, начальніку хлебапякарнага цэха Ірыне Аляксандраўне Казлоўскай. За шматгадовую працу, значны ўклад у дасягненне высокіх паказчыкаў Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама адзначаны першы намеснік старшыні праўлення Юрый Феадасеевіч Хоміч. Ганаровыя граматы Ушацкага райвыканкама былі ўручаны начальніку аддзела нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Ірыне Васільеўне Долгай, повару Галіне Пятроўне Грыневіч, прадаўцам Ірыне Васільеўне Кірпічовай, Таццяне Ірынеушне Геут. Падзякі старшыні райвыканкама – загрузчыку­выгрузчыку прадукцыі Сяргею Васільевічу Буракову і вадзіцелю Івану Пятровічу Клачку. Ганаровыя граматы аблспажыўсаюза і абкама прафсаюза  работнікаў спажыўкааперацыі атрымалі вадзіцель Юрый Васільевіч Барадзёнак, начальнік гандлёвага аддзела Ганна Уладзіміраўна Хамёнак, таваразнаўца Тамара Аляксееўна Шалыга, пекар Галіна Уладзіміраўна Тарасевіч.

Як зазначыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, у аснове работы кааператараў нястомны клопат пра людзей, іх чакаюць у кожнай аддаленай вёсцы і ўшачане пастаянна пацвярджаюць высокі ўзровень абслугоўвання. За дасягнутыя паказчыкі ў гаспадарчай дзейнасці і ў сувязі з юбілеем Падзяка раённага Савета дэпутатаў аб’яўлена калектыву райспажыўтаварыства, якую Вольга Мікалаеўна ўручыла кіраўніку арганізацыі. Таксама Падзяка была аб’яўлена і старшыні рэвізійнай камісіі Валянціне Тадэушаўне Гірсёнак.

Шчыра дзякавала ўсяму калектыву за разуменне і падтрымку і старшыня раённай арганізацыі Фонду міру Т.М.Малак. Важкі ўклад кааператараў у міратворчы рух, развіццё традыцый дабрачыннасці ў імя міра і дабра быў адзначаны Падзякай абласной арганізацыі і спонсарскай дапамогай у памеры двух мільёнаў рублёў.

Так, неаднаразова ўзнімалася ў гэты вечар на сцэну Лілія Альбінаўна Долгая – не толькі за ўзнагародамі для калектыву, а і каб адзначыць лепшых работнікаў. За добрую працу і актыўны ўдзел у жыцці калектыву Ганаровыя граматы праўлення яна ўручыла аднаму з самых старэйшых працаўнікоў арганізацыі Галіне Антонаўне Туфар, а таксама Сафіі Анатольеўне Мацюш, Веры Васільеўне Парашкінай, Галіне Аляксандраўне Далжонак, Галіне Васільеўне Заранка. Яшчэ шэраг работнікаў атрымалі граматы праўлення і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, многім аб’яўлены падзякі.

У якасці ганаровых гасцей на мерапрыемства таксама былі запрошаны былыя кіраўнікі райспажыўтаварыства Уладзімір Мікалаевіч Круглік, Уладзімір Максімавіч Мядзелец, Мікалай Васільевіч Храмёнак, Аляксандр Віктаравіч Крацёнак, Пётр Мікалаевіч Смаргун, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі. Сённяшні вынік напрацаваны не адным пакаленнем кааперацыі, а таму не забыліся і пра ветэранаў прадпрыемства – каля сарака з амаль двухсот прыйшло на свята і ўсім у знак удзячнасці былі ўручаны падарункі і кветкі. Падарункам жа для ўсіх работнікаў кааперацыі да прафесійнага свята і стагадовага юбілею стаў канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *