Если ребёнок очень активный. Советы психолога

Калейдоскоп

Калі дзіця ціхае і спакойнае, то, пагадзіцеся, гэта неяк ненармальна. На тое яно і дзіця, каб скакаць, насіцца і ўсё разбураць на сваім шляху: такім чынам  маленькая непаседа штодзень адкрывае для сябе штосьці новае. Аднак паміж актыўнасцю і  гіперузбуджальнасцю ёсць істотная розніца. Пра гэта мы папрасілі расказаць педагога-псіхолага Ушацкай школы Вольгу Дзмітрыеўну СІДАРЧУК.

Звышактыўнасць у спалучэнні з празмернай імпульсіўнасцю – гэта ўжо адхіленне, якое носіць назву “сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці”. Паводле даных даследаванняў, сустракаецца яно ў 4-9 працэнтаў дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.

З праявамі гіперактыўнасці бацькі могуць сутыкнуцца ў першыя дні жыцця малыша. Ён неспакойна спіць, шмат плача, падчас няспання вельмі рухавы, узбуджаны, адчувальны да знешніх раздражняльнікаў (святла, шуму).

У 4-5 гадоў дзіця не можа засяродзіцца на адным занятку, яго ўвага рассеяная: яму не хапае цярпення даслухаць да канца казку або гуляць у “ціхія” гульні. Бацькі невыпадкова кажуць, што да іх дзяцей быццам рухавічок прымацавалі, і тыя гатовыя бегаць і скакаць суткамі.

Сітуацыя ўскладняецца ў дзіцячым садку, а затым і ў школе. Пры высокім узроўні інтэлектуальнага развіцця яно вучыцца на “здавальняюча”, а на ўроках яму сумна. З-за сваёй імпульсіўнасці дзіця часта трапляе ў розныя пераплёты, а адносіны з аднакласнікамі не складваюцца.

Безумоўна, розныя сітуацыі патрабуюць розных рашэнняў. Але ў першую чаргу бацькі павінны зразумець, што іх дзіця такое актыўнае  не таму, што не хоча правільна сябе паводзіць. Яно робіць так ненаўмысна, таму нападкі, лаянкі і пагрозы могуць толькі нашкодзіць.

Карысныя рэкамендацыі:

Для дзіцяці вельмі важна канкрэтная пастаноўка задач. Калі вы хочаце, каб малое выканала якую-небудзь просьбу, то яе фармулёўка павінна быць максімальна зразумелай і дакладнай, складацца прыкладна з 10 слоў. Не варта даваць некалькі заданняў адразу, напрыклад, “ідзі ў свой пакой, збяры цацкі, потым памый рукі і прыходзь абедаць”. Дзіця наўрад ці ўспрыме такую тыраду, яго ўвага проста “пераключыцца” на што-небудзь іншае. Лепш паслядоўна прасіць выканаць кожнае ўказанне.

Выкананне задання павінна быць абмежавана канкрэтнымі гадзіннымі рамкамі. Пра змену віду дзейнасці дзіцяці трэба паведаміць загадзя – за 10-15 хвілін, а пра заканчэнне тэрміну выканання задання няхай яму нагадае будзільнік або таймер.

Забараняючы дзіцяці што-небудзь, лепш пазбягаць слоў “не” і “нельга”. У любой сітуацыі варта размаўляць спакойна, не на павышаных тонах.

Сінякі – пастаянныя “сябры” актыўнага малыша. Але бацькам не варта імкнуцца пастаянна апякаць яго: празмерная ўвага тармозіць развіццё самастойнасці.

Гіперактыўнае дзіця звычайна не пераносіць месцаў масавага збору людзей. Таму для яго лепш гуляць з адным сябрам, не хадзіць часта ў госці, у буйныя магазіны, рынкі і г.д.

Дзіця павінна пазбягаць шумных і актыўных гульняў, асабліва перад сном. I наадварот, заняткі, якія патрабуюць увагі і цярплівасці, варта заахвочваць. Калі малыш пераўзбудзіўся падчас гульняў, выкарыстоўвайце тактыльны кантакт (элементы масажу, дотыкі, пагладжванні).

Вусныя інструкцыі варта падмацоўваць візуальна. Гэта можа быць план-каляндар або маляўнічы штодзённік, куды вы разам з дзіцем будзеце запісваць час прыёму ежы, выканання хатніх заданняў, прагулкі і сну.

Калі ёсць магчымасць, пастарайцеся выдзеліць дзіцяці пакой або яго частку для заняткаў, гульняў, адасаблення. У афармленні памяшкання пажадана пазбягаць яркіх колераў, складаных кампазіцый. На стале і ў акружэнні дзіцяці не павінна быць прадметаў, якія адцягваюць увагу.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *