Малады механізатар ААТ “Ільюшынскі” Аляксей Базылеў з самага пачатку корманарыхтоўкі стабільна ўваходзіў у лік лідараў раённых спаборніцтваў. Задзейнічаны на валкаванні траў, хлопец напрыканцы чэрвеня працаваў у жарскай зоне, дзе працэсам кіраваў “самы надзейны начальнік участка”. Так галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак характарызаваў Яўгена Фёдаравіча Бумагу. Ветэран сельскагаспадарчай галіны на полі разам з механізатарамі, да якіх А.Базылева можна аднесці з нацяжкай. – Афіцыйна хлопец лічыцца вадзіцелем – возіць кіраўніка гаспадаркі. Аляксей патлумачыў, што замацаваны за ім аўтамабіль новы, абслугоўванне яго многа часу не аднімае, таму і паспявае малады бацька падзарабіць у полі на розных відах работ. Выконвае іх хутка і якасна, таму карысць ад такога сумяшчальніцтва і для яго, і для гаспадаркі.
Прыпыніўшы па сігнале начальніка ўчастка трактар, Аляксей разам з ім вызначаў вільготнасць валкоў. А праз лічаныя хвіліны Я.Ф Бумага ўжо тэлефанаваў у дыспетчарскую – можна пускаць КВК-800.
У той дзень іх працавала два. Мікалай Ступко здрабняў зялёную масу з самага пачатку касавіцы, а Уладзімір Лёля выехаў у поле пасля тыднёвага вымушанага прастою – доўга не маглі знайсці дэфіцытную дэталь.
У “Ільюшынскім” закладзены сянажныя траншэі ля комплексу ў цэнтральнай сядзібе гаспадаркі, а таксама ля ферм у Сержанах, Старым Сяле, Жарах і некалькі буртоў на палях. Каля 20 тон “зялёнкі” кожны дзень ідзе на корм жывёле. І хоць гаспадарка амаль на 110 працэнтаў перавыканала заданне па касьбе траў першага ўкосу, а давядзецца яшчэ папрацаваць, бо нарыхтавана крыху звыш 7 тысяч тон сенажу з запланаваных 9,5 і 250 з запланаваных 600 тон сена, што дало 11,62 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – менш мінулагодняга на 1,62 цэнтнера. Сваіх няскошаных участкаў не засталося, але ёсць травы на Мосаршчыне. Пры спрыяльных умовах надвор’я тры касілкі гаспадаркі з тутэйшымі плошчамі справяцца хутка.
– Сярод механізатараў на касьбе выдзеліць кагосьці складана, – расказваў на шляху да чарговага поля дырэктар “Ільюшынскага” Сяргей Анатольевіч Халімоненка. – Віктар Буйніцкі і Аляксандр Майсеенка не першы год ударна працуюць на гэтым відзе работ, не горш за іх спраўляецца і Уладзімір Урбан. А меншыя паказчыкі абумоўлены толькі тым, што яму даводзілася падкошваць пашы – гэтыя гектары ў залік спаборніцтваў на касавіцы не ідуць. Старанна працавалі і механізатары на адвозцы – Пётр Качан, Юрый Бука, Міхаіл Рэут, Павел Гардзіёнак, пры неабходнасці ім дапамагалі вадзіцелі МАЗаў. Няма пытанняў да трамбоўшчыкаў траншэй Мікалая Ляхоўскага і Дзмітрыя Бурака, якія змянялі адзін аднаго праз суткі. Прэтэнзіі хіба што да надвор’я, але ўчасткі з самымі пажыўнымі сеянымі травамі ўдалося ўбраць у аптымальныя тэрміны.
У справе папаўнення кармавых адзінак у гаспадарцы спадзяюцца яшчэ і на пайзу, або японскае проса. Насенне гэтай злакавай расліны набылі ў ТАА “Віцебскае насенне траў” і перасеялі 80 гектараў загінуўшага яравога рапсу. Экзатычная культура падкупіла ільюшынскіх аграрыяў высокімі ўраджаямі зялёнай масы – расліны дасягаюць у вышыню да двух метраў.
– Пайзу ў залежнасці ад фазы развіцця можна будзе касіць як на сянаж, так і на сілас, будзем арыентавацца па надвор’і, – патлумачыў планы выкарыстання аднагадовага злака А.С.Селівёнак. – Яшчэ сто гектараў загінуўшага яравога рапсу занялі пасевы алейнай рэдзькі, якая разам з кукурузай пойдзе на сілас. Статак ў нас вялікі, таму пастаянна пралічваем, як забяспечыць зімоўку.
Над вырашэннем гэтых задач неабходна задумацца і ў астатніх гаспадарках за выключэннем ААТ “Дземенец”, дзе нарыхтавана 104,5 працэнта кармавых адзінак ад запланаванага гадавога паказчыка. Кукурузу на сілас тут не сеяць ужо некалькі год.
Акрамя дземянецкіх аграрыяў больш ніводнае сельгаспрадпрыемства не выканала заданне па закладцы сенажу і добра, калі гэта будзе якасны корм. Складана пакуль ідуць справы і з нарыхтоўкай сена. Тут можна выдзеліць хіба што КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе запрасавана 516 з неабходных 550 тон. Гаспадаркам для своечасовага завяршэння касавіцы не хапае паліва. Па словах намесніка начальніка райсельгасхарча па раслінаводстве Сяргея Аляксандравіча Белагрыўцава, яно выдзялялася сельгаспрадпрыемствам пад запланаваныя аб’ёмы касьбы. Іншая справа, што трацілася паліва нерацыянальна і на іншыя мэты – жывёлагадоўлю, транспартныя патрэбы. Таму зараз стаіць тэхніка, а разам з ёй каля 200 гектараў траў у КУСГП “Глыбачаны” і ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, па 150 – у КУСГП “Арэхаўна” і “Кублічы”. Між тым, часу застаецца нямнога, трэба рыхтаваць камбайны, бо набліжаецца жніво – у “Дземенцы” ўбіраць азімы ячмень плануюць ужо на наступным тыдні.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.