Усесаюзная піянерская ваенна-спартыўная гульня “Зарніца” ўпершыню адбылася ў 1967 годзе. У савецкія часы яна была часткай абавязковай пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў сярэдніх навучальных установах. Вядома, сучасная “Зарніца” ў многім адрозніваецца ад свайго савецкага прататыпу: зменшылася ваенная падрыхтоўка, прыярытэт змясціўся ў бок спартыўнага складніку. Тым не менш, асноўная мэта гульні засталася ранейшай – выхаванне здаровай, патрыятычнай моладзі.
Сёлетняя, 16-я па ліку абласная “Зарніца” праходзіла на Расоншчыне і прысвячалася 71 гадавіне Вялікай Перамогі. Удзел у спартыўным спаборніцтве прыняло дзевяць каманд з розных куткоў Віцебшчыны. Былі сярод іх і нашы землякі – вучні Ушацкай школы, актывісты БРСМ. Сімвалічна (а для нас – супрацоўнікаў газеты – вельмі прыемна), што назву для сваёй каманды ўшацкія юнакі і дзяўчаты выбралі гаваркую і блізкую – “Патрыёт”.
На працягу двух дзён нашы школьнікі спаборнічалі ў аглядзе строю і песні, конкурсе баявых лісткоў, праходзілі іспыты па медыцыне і гісторыі. Належным чынам праявілі сябе ў маршкідку з перашкодамі, зборцы/разборцы аўтамата. А ў конкурсе мастацкай самадзейнасці “Песня ў нашым жыцці” нашай камандзе ўвогуле не аказалася роўных. Кампазіцыя “Дарога на Берлін” кранула членаў журы і ўсіх прысутных выдатным вакалам Насці Станько і Лізы Жарнасек, акцёрскімі здольнасцямі Пашы Ганчаронка і Мікіты Лёлі, а таксама жывым гукам – Насця Дук іграла на гітары, а Дзіма Ярмош рабіў бітбокс.
Па выніках усіх спаборніцтваў ушацкая каманда “Патрыёт” заняла ганаровае пятае агульнакаманднае месца. Прыемным сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў сёлетняй “Зарніцы” стала правядзенне любімай многімі гульні лазэртаг: паражэнне праціўніка бяспечнымі лазернымі стрэламі са спецыяльных бластэр-аўтаматаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.