С Пекина в Париж — через Бычки и Рагуцкие. В Ушачском районе прошли гонки на раритетных автомобилях

Общество

На мінулым тыдні беларусы ўпершыню змаглі ўбачыць на дарогах россып яскравых прадстаўнікоў сусветнага аўтапрама, большасці з якіх месца ў музеі – праз Беларусь праязджалі ўдзельнікі ралі “Пекін – Парыж”, буйнейшай ў свеце гонкі рарытэтных аўтамабіляў. На тэрыторыі краіны яна праходзіла пры падтрымцы Беларускай аўтамабільнай федэрацыі, а тое, што для праходжання спецучасткаў сапраўдны інтэрнацыянал гоншчыкаў выбраў ушацкія дарогі, не выпадковасць. Адзін з пастаянных арганізатараў ралі ў нашай краіне Аляксандр Зайцаў, які ўжо звыш 10 год праводзіць этапы адкрытага чэмпіянату ва Ушацкім раёне, сумеў падарыць аматарам аўтаспорту сапраўднае відовішча.

Удзельнікі ралі праедуць у агульнай колькасці 13695 кіламетраў за 36 дзён. На шляху са Смаленска на Мінск першым беларускім горадам, дзе госці зрабілі прыпынак, стаў Полацк. А адтуль яны накіраваліся ў наш раён і без прыпынку ва Ушачах – у Бычкі.

Спачатку аўтамабілі пад’язджалі па адным, але хутка ўтварылася чарга больш чым з дзесяці аўтамабіляў і наваколле вёсачкі ператварылася ў музей пад адкрытым небам. Яно і не дзіўна, бо самая новая машына, выпушчаная ў 1977 годзе – “Mersedec 280E”, а самаму старэйшаму аўтамабілю ралі, “American La France” 1915 года, ужо больш веку. Шмат было і марак, якія даўно не выпускаюцца: “Аlvis”, “Hudson”, “Studebaker”, “Bristol” і іншыя. Галоўнае патрабаванне арганізатараў да аўтамабіляў – максімальна арыгінальны стан.

Між тым, нават такія векавыя машыны праехалі практычна паўсвету. Удзельнікі ралі – людзі багатыя. Нездарма другая назва гонкі – “ралі мільянераў”. Уступны ўзнос для ўдзелу ў ёй складае амаль 65 тысяч долараў. За гэтыя грошы арганізатары забяспечваюць тэхнічную і медыцынскую падтрымку, рыхтуюць маршруты і кубкі пераможцам. А вось дастаўку аўтамабіляў да месца старту ў Пекін, паліва, рамонт і іншыя затраты ўдзельнікі аплачваюць з уласнай кішэні.

– Для іх гэта не проста спорт, а пошук новых пачуццяў, магчымасць выпрабаваць сябе ў экстрэмальных умовах, зірнуць на свет па­іншаму, не праз ілюмінатар аэробуса, ці круізнага лайнера, – расказваў адзін з арганізатараў перад стартам. – У мангольскай пустыні Гобі няма пяцізоркавых атэляў і спецыяльных трас для аўтамабіляў коштам за сотні тысяч долараў. Але ў гэтым і “фішка”.

На маё шчасце, прадстаўнік аўтамабільнай федэрацыі выдатна ведаў англійскую мову, таму праз яго ўдалося крыху пагутарыць з асобнымі гоншчыкамі.

– Праехалі Кітай, усю Расію. Ведалі, што гэта вялікая краіна, але ўвесь яе прастор змаглі ацаніць толькі зараз – на яе тэрыторыі наша краіна напэўна змясцілася б некалькі дзясяткаў разоў, – у чаканні старту расказвалі брытанцы Біл Кляйндэрт і Джэкі Норман на “Bentli” 1925 года выпуску. – Убачылі столькі новага… Усюды нас сустракаюць, вельмі многа людзей было ў горадзе, дзе сёння спыняліся на тэхабслугоўванне, гэта прыемна. Спрабую запомніць – По­ла­теск… Не, усё роўна правільна не скажу!

Ехаць з горада ў горад нават на рэтра­аўтамабілі ім менш складана, чым правільна вымавіць “Белюкоўшчына”. Па сутнасці, удзельнікі ралі адчуваюць сябе гоншчыкамі толькі на спецыяльных участках, бо па дарогах агульнага карыстання яны перамяшчаюцца па правілах дарожнага руху, а на ўсю моц ганяюць на гравійках. Бывае, у такіх месцах і на сучасным аўтамабілі заязджаць не пажадана, а на рарытэтных дык зусім страшна.

Тут латарэя – ніколі не ведаеш, якая дэталь не вытрымае нагрузкі і зламаецца. Можна, канечне, праходзіць спецучасткі павольна, чым некаторыя і карыстаюцца, але з такім падыходам шанцы на перамогу невялікія.

“Гэта вялікая прыгода!” – усміхалася Джулія Шміт­Ліндэр з Аўстраліі. Яны з мужам едуць у Парыж на “Ford Mustang Mach 1” 1969 года. Цяжка паверыць, але ўсе машыны “жывыя” дабраліся з Кітая сваім ходам. Дарэчы, дарог там месцамі фактычна няма, а наконт нашых госці сцвярджалі, што яны ў лепшы бок адрозніваюцца ад расійскіх, і пейзажы прыгожыя: “Наш аўтамабіль – просты, вынослівы механізм, добра падыходзіць да дрэнных дарог, але ў Беларусі цяжка нам пакуль не даводзілася”.

Сапраўдны фурор у гледачоў выклікала з’яўленне на старце “American La France” 1925 года выпуску з рухавіком аб’ёмам 14,5 літра. А мясцовы жыхар Васіль Сямёнавіч Быкаў ацаніў аўто з практычнага боку: “Добрая машына! Не толькі прыгожая, але і практычная: пасадка высокая, ды і багажнік вялікі, можна колькі мяшкоў бульбы адразу перавезці!” Але ж калі даведаўся, што такое “дзіва” на самой справе “есць” бензін вёдрамі – 50 літраў на 100 кіламетраў – то варыянт яго з’яўлення ў сваёй гаспадарцы тут жа адмёў. Не менш уражваў і знешні выгляд аўтамабіля. Чаго каштуюць толькі драўляныя спіцы колаў! Яны арыгінальныя, з дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. “Хіба ж можна трэсціся на такой машыне па гравійках, ды пустынях! З яе пыл трэба здзімаць!” – ківалі галавой аўтааматары.

“На “Жыгулі” нашы падобныя!” – сустракалі гледачы італьянскія “Alfa Romeo” пачатку 70­ых, а“Bentli” бельгійскага экіпажа 1936 года адразу параўналі з “Антылопай Гну”, на якой здзяйсняў свой аўтапрабег вялікі камбінатар Астап Бэндэр. “Ці даедзе хоць да Лепеля, не тое што да Парыжу!” – выказвалі сумненні мясцовыя жанчыны, гледзячы на чарговы рарытэт. Але спорт­кар праз лічаныя хвіліны даў адказ на гэта пытанне – равучы рухавіком, так стартануў з месца, што гравій і каменне паляцелі за некалькі метраў. “А няхай яго, аж напужаў, чорт!” смяяліся потым жанчыны, якіх вельмі ўразіла і маленькая “Mini” англійскага экіпажа.

Не чорт, але з рагамі рухаўся пад нумарам 14. “Чэрап жывёлы падабралі ў Манголіі”, – расказваў Гары Вашынгтон з Новай Зеландыі. Разам з бацькам яны накіроўваюцца ў Парыж на “Chrysler 75 Roadster” 1929 года. Кожны новы аўтамабіль акружалі жадаючыя сфатаграфавацца, разгледзець, а самыя адчайныя з дзяцей дык і заглянуць унутр стальнога “дзіва”. “Ford Model A” аўстралійскага экіпажа нібы сышоў з экранаў чорна­белага кіно, а 75­гадовае “Chevrolet Business Coupe” параўноўвалі з бомбай, ды і эфект яго з’яўленне выклікала амаль такі ж. Вельмі маляўніча выглядалі менавіта аўтамабілі з адкрытым верхам, а мясцовыя жыхары шчыра перажывалі за вадзіцеляў, бо дзесьці пасля праходжання паловы ўдзельнікаў пайшоў даволі моцны дождж. Зрэшты, ён нікога не напужаў і, на шчасце, хутка скончыўся.

Пераможцам усяго ралі стане той, хто хутчэй праедзе спецыяльныя ўчасткі і набярэ менш штрафных балаў на перагонах паміж этапамі. Яны налічваюцца за затрымкі ў дарозе, а нагнаць страчаны час вельмі складана – у кожнай машыне ўстаноўлена сістэма спадарожнікавага маніторынгу, і арганізатары заўсёды ў курсе, хто, дзе і з якой хуткасцю рухаецца. Пасля такіх заездаў тэхнічныя праблемы амаль стопрацэнтна непазбежныя, а запчасткі для некаторых аўтамабіляў проста немагчыма адшукаць. Таму і не дзіўна, што са стартаваўшых у Пекіне 115 экіпажаў праходзіць першы беларускі спецучастак у Бычкі дабраліся крыху больш 70. Астатнія або сышлі зусім, або прынялі рашэнне не праходзіць яго.

А вось даўгавечныя нямецкія машыны, легендарныя “Ford Mustang” і “Porsche 911”, падобныя на гатовых да скачка акул “Datsun” маглі б з поспехам паспаборнічаць і з сучаснымі аўтамабілямі. Кабрыялет “Mercedes­Benz” экіпажа з Нідэрландаў выглядаў так, нібы сышоў з канвеера толькі ўчора, а не ў далёкім 1969 годзе.

“Мог бы і ты, Мікалаевіч, на сваім “Масквічы” паўдзельнічаць!” – падначвалі нашага рэдакцыйнага вадзіцеля калегі з райбальніцы, супрацоўнікі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, якія дзяжурылі на ралі. І калі да звычайных гоначных аўтамабіляў яны даўно прывыклі, то рэтра­кары, карыстаючыся службовым становішчам, здымалі з задавальненнем. Спрыяла гэтаму і тое, што ніякіх экстранных сітуацый на трасе не ўзнікла і ўсе стартаваўшыя з Бычкоў 72 аўтамабілі дабраліся да фінішу спецучастка, адкуль накіроўваліся на Замошша­Пораўна­Рагуцкія, дзе адбыўся яшчэ адзін заезд.

Убачыць не ўдалося, але, па словах арганізатараў, у ралі прымае ўдзел і… “Запарожац”. Беларусы Анатоль Маслаў і Аляксандр Жос едуць па­за залікам, бо не змаглі заплаціць велізарны ўзнос. За кубак не спрачаюцца, але разам з іншымі праехалі тысячы кіламетраў праз горы, лясы і пустыні. Аўтамабіль паказаў сябе добра, толькі адзін раз прыйшлося замяніць амартызатар. А раз справіліся з Манголіяй і Сібірам, то па добрых дарогах Еўропы плануюць даехаць і да канца. Ралі “Парыж­Пекін” кожны раз праходзіць па новым маршруце і невядома праз колькі гадоў яго шлях зноў праляжа праз Беларусь. А з нашага раёна ралісты накіраваліся ў Мінск, потым на Брэст і далей праз Польшчу і іншыя еўрапейскія краіны да Парыжа. Наперадзе ў іх яшчэ тысячы кіламетраў, бо фінішуе ралі 17 ліпеня.

Першая ж гонка з Парыжа ў Пекін адбылася ў 1907 годзе, калі не было ніякіх правілаў і катэгорый, ды і самі аўтамабільныя дарогі былі вельмі ўмоўным паняццем. Сорак машын стартавала з Парыжа, а да фінішу ў Пекіне дабралася толькі пяць. Пераможца, італьянскі прынц Сцыпіона Баргезэ атрымаў у якасці прыза… бутэльку шампанскага! Аднавілася ралі ў 1997 годзе і зараз праводзіцца раз у тры гады. Гэта, як пашчасціла пабачыць некаторым ушачанам, ужо не аматарскі заезд, а сапраўднае спартыўнае спаборніцтва з усімі неабходнымі атрыбутамі. Але сутнасць гонкі засталася ранейшай – гэта выпрабаванне на вынослівасць як для машын, так і для людзей, і цудоўнае відовішча для аўтааматараў.

Д



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *