Зараз ля памятнага знака ў гонар сяржанта савецкіх войск К.Кутрухіна паміж вёскамі Хадакова і Салаўёўка надзвычай ціха. Вось ужо 72 гады не гучаць тут ні стрэлы, ні выбухі бомб, якімі была прасякнута тутэйшая мясцовасць у крывавым чэрвені 1944-га. Падчас вызваленчай аперацыі “Баграціён” нашы мсціўцы сустрэлі тут сур’ёзны адпор праціўніка. У баі за Хадакова, каб забяспечыць наступленне савецкіх войск, Канстанцін Кутрухін не пашкадаваў уласнага жыцця, закрыўшы целам амбразуру варожага дзота.
У памяць аб гэтым учынку ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя на месцы гібелі салдата пабудавалі помнік. Курыраваў гэтым працэсам былы старшыня Дубраўскага сельсавета У.В.Паўловіч. Як зараз успамінае мужчына, для таго, каб на пустынным месцы “вырас” памятны знак, намаганняў было прыкладзена нямала. Дамаўляўся з мясцовай гаспадаркай, іншымі арганізацыямі, каб знайсці і прывезці цэглу для помніка, шчыты для агароджы, урадлівую зямлю пад будучыя кветнікі. І, як прызнаецца, шчыра радаваўся таму, што ў выніку атрымалася.
Не менш станоўчых эмоцый выклікае зараз ва Уладзіміра Васільевіча тое, што дагэтуль жыве народная памяць аб падзеях 72-гадовай даўніны. І сёння да помніка прыходзяць удзячныя нашчадкі, а яго рамонтам, навядзеннем парадку на пастаяннай аснове займаецца калектыў ушацкага энергазбыту. Сёлета ж, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, акрамя добраўпарадкавання супрацоўнікі названай арганізацыі правялі тут важную работу – змайстравалі і ўстанавілі вакол памятнага знака агароджу, паколькі старая згубіла знешні выгляд і пачала развальвацца.
Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Фёдар Раманавіч Пацэйка разам з начальнікам энергазбыта Максімам Сяргеевічам Шэўчанкам шукалі варыянты вырашэння праблемы. Прыемна, што многія прадпрыемствы і арганізацыі раёна пайшлі ім насустрач. Так, ААТ “Ушачы” на чале з В.Ф.Бяльковічам выдзеліла штыкетнік для будучай агароджы. Дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар ААТ “Прамкамбінат” Г.А.Грыдзюшка аказала садзейнічанне ў апрацоўцы гэтага будаўнічага матэрыялу. Пайшоў насустрач дабрачыннай справе і намеснік старшыні райспажыўтаварыства Ю.Ф.Хоміч – арганізацыя выдзеліла неабходныя фарбы, цвікі і пэндлі.
За некалькі дзён супрацоўнікі энергазбыта Анатоль Васільевіч Лапёнак і Васіль Васільевіч Конух збілі дабротную агароджу, пафарбавалі яе, а ў мінулую пятніцу разам са сваімі калегамі накіраваліся для яе ўстаноўкі ў Хадакова. Даставіць жа дастаткова аб’ёмны элемент добраўпарадкавання на месца дапамог начальнік раёна электрычных сетак, дэпутат раённага Савета дэпутатаў В.М.Варанько.
Трэба таксама сказаць, што пад’ехаць да памятнага знака на аўтатранспарце дагэтуль не ўяўлялася магчымым: тутэйшая мясцовасць зарасла хмызняком, а дарогі тут не было даўно. Аднак і гэтая праблема днямі была вырашана: па просьбе работнікаў энергазбыта КУСГП “Глыбачаны” (С.І.Кірпічонак) выдзеліла “Амкадор”, які прачысціў шлях да помніка.
Так, гады сціраюць з памяці многія падзеі і імёны. Высакародныя ж учынкі жывуць вечна! Такія, як здзейсніў у свой час салдат К.Кутрухін.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.