Филиал «Ушачский» ЗАО «Витебскагропродукт» выпускает добавки к комбикормам различных видов

Общество

На Ушаччыне няма буйных прамысловых гігантаў, але па тых невялікіх прадпрыемствах, што ў нас існуюць, яе ведаюць многія рэгіёны Беларусі. Адзін з іх – філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Акрамя гэтага прадпрыемства трывала трымае лідарства сярод іншых прамысловых арганізацый раёна. Па выніках мінулага года завод быў занесены на раённую Дошку гонару.

У раёне і за яго межамі прадпрыемства, што базіруецца ў Старым Сяле, з даўніх часоў было вядома як ветсанутыльзавод, паколькі займалася перапрацоўкай адходаў ад забою жывёлы. У канцы 1990-х на пачатку 2000-х гадоў завод прыйшоў у заняпад і больш пяці гадоў не працаваў. Другое жыццё прадпрыемства пачало ў 2007 годзе, калі стала ўласнасцю “Віцебскаграпрадукта”. Літаральна за два месяцы тут правялі падрыхтоўчыя работы, падрамантавалі памяшканні, якія за час прастою пачалі разбурацца. У хуткім часе выйшла і першая прадукцыя – абагачальнік кармавы бялкова-тлушчавы, які выкарыстоўваецца ў якасці дабавак да камбікармоў розных відаў.

Скептычных меркаванняў наконт таго, што выпуск такой спецыфічнай прадукцыі не прынясе карысці і філіял хутка спыніць сваю дзейнасць, не выказваюць нават песімісты. Прадпрыемства працуе, а ў апошнія гады нават нарошчвае аб’ёмы вытворчасці. Так, у 2015 годзе вытворчасць прамысловай прадукцыі павялічылася на 13,4 працэнта. Быў забяспечаны тэмп росту выручкі ад рэалізацыі на аднаго сярэднеспісачнага работніка 157,8 працэнта да 2014 года, узровень сярэднямесячнай заработнай платы па выніках мінулага года склаў 4441,3 тысячы рублёў або 116,9 працэнта. І што вельмі важна ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі – тэмп росту прадукцыйнасці працы адпаведна тэмпу росту сярэднямесячнай заработнай платы – на 16,6 працэнта. Не збавілі тэмпаў і ў бягучым годзе, за пяць месяцаў выпушчана 1113 тон прадукцыі. За адпаведны перыяд мінулага года было атрымана 818 тон кармавога ўзбагачальніка. Сыравінай прадпрыемству служаць тэхналагічныя адходы ад забою птушкі з цэха ТАА “Вітконпрадукт”, што знаходзіцца ў Шуміліне, і адходы ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Сыравіна дастаўляецца ў спецыяльных кантэйнерах і паступае ў цэх для пераапрацоўкі, дзе для гэтых мэт задзейнічаны 4 спецыяльныя катлы. Трэба адзначыць, што зараз заканчваюцца пусканаладачныя работы і хутка ўключыцца ў працэс новы цэх з яшчэ двума катламі.

Уся гатовая прадукцыя праходзіць папярэдні кантроль якасці непасрэдна ў лабараторыі філіяла, а таксама ветэрынарны з выдачай адпаведнага пасведчання ў раённай ветлабараторыі. Пастаўляецца ж прадукцыя на філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, які больш вядомы як былы камбікормавы завод. 

– Пры наяўнасці сыравіны філіял працуе кругласутачна і без выхадных у тры змены. Сёння наш калектыў налічвае больш 60 чалавек, а калі завод аднаўляў сваю дзейнасць, было менш 30. Большая частка работнікаў – гэта жыхары Старога Сяла, а таксама людзі з Завячэлля, Мосара, Ушач і Лепеля. Некаторых працаўнікоў можна нават назваць старажыламі прадпрыемства, бо працавалі раней тут і вярнуліся пасля мадэрнізацыі – Г.Хвошч, А.Магерка, У.Байко, У.Плігаўка, – расказвае дырэктар філіяла Міхаіл Іванавіч Жарнасек, які паспяхова ўзначальвае калектыў з моманту яго аднаўлення.

Трэба адзначыць, што на прадпрыемстве ўдзяляюць увагу і добраўпарадкаванню, тэрыторыя каля галоўнага ўваходу засаджана разнастайнымі кветкамі – у гэтым заслуга лабаранта Таццяны Іванаўны Байко. Сваімі сіламі тут зрабілі бетонную агароджу і вылівалі тратуарную плітку.

Па ўсіх паказчыках і настроі працаўнікоў бачна, што спыняцца на дасягнутым у філіяле не збіраюцца і гатовы працаваць з максімальнай аддачай.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымках: аператары Ф.Аніскевіч, М.Салавей; лабарант Т.Байко.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *