Василий Маркиянович Клопов освобождал воевал на территории родной страны и за её пределами

70-годдзе Перамогі

Дзень Незалежнасці краіны і свята Вялікай Перамогі – самыя значныя святы для кожнага беларуса. У жыцці ж ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія глядзелі смерці ў вочы, перамагалі боль і страх, у свае няпоўныя дваццаць з гарачым юнацкім задорам ішлі ў бой і хавалі сяброў, – гэтыя даты дарагія ўдвая. Нямнога засталося тых, хто памятае, якія выпрабаванні выпалі на долю Беларусі і ўсёй вялікай савецкай краіны. Яшчэ менш – хто прайшоў вайну ад пачатку да апошняга дня. Зведаў горыч адступлення першых месяцаў, гераічна трымаў абарону ў 1942-­1943 гадах, а потым гнаў фашысцкую нечысць і вызваляў не толькі сваю зямлю, але і народы Еўропы. Яе геаграфія, нібы ў песні “Вяртанне” У.Мулявіна, – у медалях Васіля Маркіянавіча Клопава.

Іх шмат – “За абарону Каўказа”, “За абарону Кіева”, “За вызваленне Чэхаславакіі”, “За баявыя заслугі”, ордэн Айчыннай вайны, юбілейныя. Не так даўно побач з імі на парадным пінжаку ветэрана з’явіўся і медаль “70 год вызвалення Украіны ад фашысцкіх захопнікаў”. Яго ў чэрвені бягучага года начальнік адасобленай групы Ушацкага раёна ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Глінскі разам з прадстаўнікамі раённай улады, старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Фёдарам Раманавічам Пацэйкам уручылі чатыром ураджэнцам Ушаччыны, у ліку якіх і Васіль Маркіянавіч.

Падчас гэтага моманту франтавік не змог стрымаць слёз: “Мы так трымалі Кіеў! Каб не загад, загінулі, а не адступілі б…” – страты тэрыторый падчас цяжкіх баёў успрымаліся як асабістыя. Наводчык гарматнага разліку 126 гаўбічнай артылерыйскай брыгады В.М.Клопаў на службу ў арміі быў прызваны ў 1940 годзе – тады не мог нават і падумаць, што працягнецца яна шэсць год. Добра памятае пачатак вайны, бо амаль адразу апынуўся ў цэнтры баявых дзеянняў. На заходніх рубяжах краіны абараняў Львоў, потым – Кіеў і Харкаў, Каўказ, дзе на мяжы з Іранам чакаўся прарыў нямецкіх войск. Васіль Маркіянавіч спаўна паспытаў пакут ваеннага ліхалецця. Яго часць адносілася да рэзерву фронту, які накіроўвалі на самыя складаныя ўчасткі – абарона Сталінграда таксама значыцца ў гераічнай біяграфіі ветэрана, як і ўдзел у вызваленні Кракава, гарадоў Чэхаславакіі. У чэшскай Астраве ў маі 1945 старшына В.М.Клопаў сустрэў навіну аб капітуляцыі фашысцкай Германіі.

Былы салдат успамінае, што дзе б ні аказвалася яго часць, прагна слухаў звесткі з іншых франтоў. Сэрца балела за родную Ушаччыну, якая была пад акупацыяй, ведаў, якія нечалавечыя выпрабаванні прыходзілася выносіць мірнаму насельніцтву Беларусі. Пра іх больш падрабязна можа расказаць жонка франтавіка Любоў Ігнацьеўна, якая была сувязной інструктара райкама партыі Сцепаніды Барысаўны Боркар, з першых дзён супраціўлення дапамагала ў арганізацыі партызанскага руху на тэрыторыі раёна. А вось пасведчання ўдзельніка вайны не мае.

– Неяк не да таго было, не лічыла патрэбным, – расказвае Любоў Ігнацьеўна. – У партызанах я не лічылася, а пасля вызвалення працавалі, аднаўлялі гаспадарку, мужа даглядала: Васіль у вайну быў цяжка паранены, кантужаны – ён не любіць гэта ўспамінаць. Можна сказаць другі раз на свет з’явіўся: пад Сталінградам яго засыпала зямлёю пасля выбуху. На шчасце, гэта бачылі таварышы і своечасова адкапалі, інакш быў бы зажыва пахаваны…

Столькі часу прайшло, а ваенныя эпізоды не знікаюць з памяці. Акрамя баявых, беражліва захоўваюцца ў сям’і і працоўныя ўзнагароды. Васіль Маркіянавіч рэалізаваў сябе ў сям’і і кар’еры, зараз радуецца ўнукам і толькі дзіву даецца, у які прыгожы асабняк пераўтвараецца яго домік у райцэнтры дзякуючы працавітым рукам зяця. “Добра зараз жыць!” – кажа франтавік. Зрэшты, менавіта за гэта, за мірную будучыню, дабрабыт і стваральную працу нашчадкаў ён і ваяваў. Як і яго баявыя таварышы, якіх амаль не засталося – гэта адзінае, напэўна, што выклікае сёння сум у ветэрана.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *