Василий Захарович Ключонок и Евгений Семёнович Косьмин освобождали Беларусь от захватчиков

70-годдзе Перамогі

– Васіль, Захараў сын, не пазнаеш? – вітае аднавяскоўца В.З.Ключонак.

– З Брэста? – спрабуе разгледзець чалавека ў форме Яўген Сямёнавіч Касьмін.

Складана гэта зрабіць, паколькі зрок падводзіць, ды і не бачацца мужчыны гадамі. Аднак агульнага ў іх многа, галоўнае – гэта маладосць і малая радзіма. А таксама – вайна. Даведаўшыся, што Яўген Сямёнавіч атрымаў нядаўна медаль за вызваленне Украіны, Васіль Захаравіч дадае, што вызваляў не Украіну, а Беларусь, і не толькі ад фашыстаў, але і ад бандэраўцаў. Было гэта з 1944 па 1951, а да гэтага амаль два гады ў партызанскім атрадзе.

Спачатку – брыгады Дубава, куды Васіль падаўся ў жніўні 1942. Яго добра ведаў камандзір чацвёртага атрада Іван Карпавіч Голік – таксама з Апанаскавіч. Мабыць таму юнаку, які перад пачаткам вайны толькі скончыў сямігодку, адразу выдалі вінтоўку. І пачалася страявая падрыхтоўка, дазоры, выхад на чыгунку.

“Стаялі мы пад Пышна. Памятаю, аднойчы спусцілі з рэек састаў, які ішоў хутчэй за ўсё ў шпіталі. Там былі коўдры, тушонка, бялізна, многа патрэбнага ў гаспадарцы. У нашым “атэлье” з тых коўдраў потым шылі цёплыя штаны­ватнікі, з прасцін – анучы, а кансервы былі сапраўднай знаходкай. Насельніцтва ж не шыкавала. Хоць і дзялілася зернем, бульбай, салам, яйкамі, аднак жылі мы вельмі сціпла. У лесе пад штаб прыстасоўвалі, напрыклад, вясковы клуб, хаця асноўнымі пабудовамі былі зямлянкі з двума радамі нараў па баках. Пры пераездзе брыгады размяшчаліся непасрэдна ў вёсцы. Там жа былі майстэрні па шыцці, рамонце абутку, вясковыя жанчыны пяклі хлеб.

Ніколі не забуду паху зажыва спаленых людзей. Я ў тую ноч быў у дазоры. Выстаўлялі ж мы яго не перад стаянкай атрада – у Пышна, а далей, у Слабодцы. Чаргаваліся праз дзве гадзіны. Бліжэй да світання неба асвяцілі ўспышкі дзвюх ракет – немцы акружалі з розных бакоў. Мы зняліся і паскакалі падымаць атрад. Калі вярнуліся назад да вёскі – яна гарэла. Разам з людзьмі, якіх сагналі ў хату…”

А ў жніўні 1943 з часткі брыгады Дубава была створана новая – імя Кутузава, якую перакінулі ў Вілейскую вобласць. “Стаялі мы пад Плешчаніцамі, паколькі там было больш лесу. З сямі маладых людзей стварылі групу, якую вучылі падрыўной і разведвальнай справе. Бікфордаў шнур, міны магнітныя, замаруджанага дзеяння… спачатку была тэорыя”. А на практыцы – чатыры падарваныя саставы, безліч мастоў, за што ў 1944 Васіля Захаравіча ўзнагародзілі ордэнам Славы. Гэта яго асабісты ўдзел, а намнога больш пусцілі пад адхон саставаў з дапамогай тых мсціўцаў, якіх разведчыкі далучылі да супраціўлення. “Мы хадзілі па вёсках, вялі работу сярод насельніцтва, адбіралі надзейных людзей. Такім, напрыклад, быў абходчык чыгуначных саставаў, якому потым перадавалі магнітныя міны на цыстэрны з палівам. Блізка размяшчалася і два буйныя гарнізоны, адкуль да нас са зброяй пераходзілі групы паліцаяў. І нават калі мы летам 1944 сустрэліся з часткамі Чырвонай Арміі, яшчэ некалькі месяцаў вялі зачыстку тэрыторыі ад здраднікаў і бандытаў”.

Як аказалася, школа разведкі паслужыць Васілю Захаравічу і ў далейшым. Пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў ён будзе вызваляць яе ад бандэраўцаў, усталёўваць савецкую ўладу ў раёнах былой Заходняй Беларусі. А дакладней – Столінскага раёна, куды яго накіравалі пасля абучэння ў партыйнай школе.

“Нам адразу выдалі аўтамат, без яго я не хадзіў нікуды. Мяжа з Украінай давала аб сабе знаць – частка мясцовага насельніцтва падтрымлівала бандэраўцаў. Аднаго майго напарніка забілі, другі не вытрымаў і ўцёк, я ж так і праслужыў усё жыццё на Століншчыне. Пасля накіравання Пінскім абкамам партыі ў партыйную школу непрацяглы час быў інструктарам райкама партыі, а з 1946 па 1987 – участковым, абслугоўваў тры сельсаветы з насельніцтвам у 12 тысяч. Бандыты ў пасляваенныя гады проста жылі ў вёсцы ці прыходзілі да родных, знаёмых па начах. Вёскі там буйныя, практычна як нашы Ушачы, паспрабуй даведайся, хто свой і хто чужы. Я для канспірацыі днём быў у адным месцы, а начаваць ішоў у зусім іншае. На судзе, які, дарэчы, праходзіў над бандытамі ў 1953, мне паведамілі, што калі мяне клікалі на хрэсьбіны, на справе планавалі нападзенне. Апошняга бандыта мы ліквідавалі толькі ў 1951 годзе. Падчас наведвання аднаго з дамоў, гаспадара якога падазравалі ў крадзяжы, яны выдалі сябе, завязалася перас­трэлка, у якой я параніў уцякаючага кіраўніка банды. У вёсцы стаялі салдаты, падняўшы якіх мы ішлі па следзе, аднак у суседняй вёсцы яго паспелі перавязаць, пераапрануць, і ён часова знік з поля зроку. Аднак Камітэт дзяржаўнай бяспекі задзейнічаў дадатковыя рэсурсы і вылічыў месцазнаходжанне Івана Мацюха і рэшткаў яго банды, якая, дарэчы, адмовілася ад прапановы скласці зброю.

З цягам часу Століншчына стала роднай, я стварыў вельмі шырокую агентурную сетку, дзякуючы чаму было стопрацэнтнае раскрыццё злачынстваў і добрая прафілактычная работа. За што мне і прысвоена званне “Выдатнік органаў унутраных спраў”.

А на Ушаччыну Васіля Захаравіча Ключонка цягне заўсёды. Вось і на гэты раз, прыехаўшы да пляменнікаў, ён задаволена аглядае свае родныя Апанаскавічы, у якіх каля трыццаці аднавяскоўцаў пайшло на фронт і ў партызаны, і толькі яны ўдвух з Яўгенам Сямёнавічам Касьміным сустракаюць сёлетні Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Вольга КАРАЛЕНКА.

На здымку: Я.Касьмін, В.Ключонак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *