Кажуць, што па парадку на двары можна меркаваць пра гаспадара. Збожжаўборачныя камбайны пад навесамі чакаюць свайго часу, апрацоўчыя агрэгаты роўненька стаяць у адрамантаваных боксах, акуратна агароджаная і чыстая тэрыторыя. Мехдвор ААТ “Ільюшынскі” можна смела ставіць у прыклад многім, тым больш што менавіта ён заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні машынных двароў.
Мадэрнізацыю машыннага двара распачалі яшчэ летам мінулага года, калі трэба было падрамантаваць адзін з навесаў. Затым вырашылі прывесці ў належны стан і зрабіць узорнай усю тэрыторыю. Замянілі ўязныя вароты, абгарадзілі па перыметры ўвесь мехдвор высокай і надзейнай агароджай. Дарэчы, вельмі спатрэбілася пры ўсіх гэтых работах набытая бетонамяшалка, якую выкарыстоўвалі не толькі на гэтым аб’екце, а і на рэканструкцыі фермы ў Сержанах, іншых работах. Яна сябе ўжо акупіла і ў далейшым яшчэ спатрэбіцца не раз. Таксама цяпер за тэрыторыяй “назіраюць” чатыры відэакамеры, малюнак з якіх выведзены на камп’ютар у дыспетчарскай. Як адзначае кіраўніцтва гаспадаркі, такая мера спрыяе і больш строгай дысцыпліне працаўнікоў.
На ўсе работы сельгаспрадпрыемства затраціла больш за 200 мільёнаў рублёў. Але гэта той выпадак, калі зробленае яшчэ доўга будзе служыць і прыносіць карысць.
Усё зрабілі гаспадарчым спосабам. Была задзейнічана і ўласная будаўнічая брыгада, і брыгада тэхнічнага абслугоўвання. Значны ўклад ўнеслі і непасрэдна самі механізатары, кожны з якіх прыкладае рукі да рамонту не толькі сваіх “жалезных коней”, але і памяшканняў для іх утрымання. Напрыклад, пастаянныя перадавікі Уладзімір Лёля і Анатоль Спірыдзёнак рабілі яшчэ і вароты ў адным з боксаў.
– Хочацца адзначыць галоўнага інжынера А.Клопава, загадчыка мехмайстэрні В.Аўсіевіча, інжынера па тэхніцы бяспецы С.Каранеўскага, намесніка дырэктара А.Тарасевіча, работнікаў брыгад тэхнічнага абслугоўвання і будаўнічай, усіх механізатараў за старанную работу па навядзенні парадку, а таксама спецыялістаў, работнікаў бухгалтэрыі, якія ўпрыгожвалі тэрыторыю каля галоўнага ўваходу і садзілі кветкі, дэкаратыўныя расліны, – гаворыць дырэктар ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка.
Канечне, у “Ільюшынскім” і да гэтага ўдзялялася нямала ўвагі захоўванню тэхнікі, парадку на тэрыторыі, аднак цяпер за гэта ўзяліся яшчэ больш грунтоўна. Восенню, калі на базе гаспадаркі праходзіў абласны семінарнарада па пытаннях арганізацыі рамонту тэхнікі і падрыхтоўкі машыннага парка да палявых работ, яго ўдзельнікі адзначалі высокі ўзровень “Ільюшынскага”.
Работы ж па падтрыманні парадку, безумоўна, спыняцца не будуць, тым больш што цяпер сельгаспрадпрыемству трэба падтрымліваць высокую марку аднаго з самых лепшых мехдвароў.
Вольга КАМАРКОВА.