Штогод у першую суботу ліпеня адзначаецца Дзень кааперацыі. Сёлета гэтае прафесійнае свята для аднаго з самых шматколькасных калектываў раёна надзвычай адметнае – райспажыўтаварыства адзначае 100 гадоў з дня ўтварэння.
У канцы 19 стагоддзя ў краіне пачалі стварацца першыя спажывецкія кааператывы – арганізацыі, якія ўяўлялі сабой аб’яднанне простых працаўнікоў, дробных таваравытворцаў з мэтай больш паспяховай канкурэнцыі з буйнымі прадпрыемствамі. На Ушаччыне такі кааператыў быў створаны ў 1916 годзе, а ў 1917 на Віцебшчыне іх ужо налічвалася 138. Паколькі канкрэтная дата стварэння ўшацкага кааператыва невядома, то і святкаванне 100-гадовага юбілею арганізацыі прымеркавана да Дня кааперацыі.
***
Адным з самых старэйшых і вопытных работнікаў райспажыўтаварыства з’яўляецца Галіна Антонаўна Туфар – намеснік галоўнага бухгалтара па ўліку. 26 чэрвеня споўнілася 47 гадоў, як яна працуе ў арганізацыі. Напярэдадні 100-гадовага юбілею яна падзялілася з намі часцінкай гісторыі роднай арганізацыі.
Магазіны ў кожнай вёсцы
Пасля заканчэння Маладзечанскага ўліковапланавага тэхнікума, які скончыла з “чырвоным дыпломам”, павінна была накіравацца на працу ў Чашнікі, але так склалася, што працоўны шлях мой пачаўся ў родных Ушачах. Тады наша прадпрыемства мела іншую назву – райспажыўсаюз, у яго склад уваходзілі тры сельскія спажывецкія таварыствы – Ушацкае, Селішчанскае, Вялікадолецкае, якія абслугоўвалі свае зоны, а таксама Дубраўскі і Глыбачанскі рабочыя кааператывы. Кіраўніком у той час была Лідзія Данілаўна Юрчанка, а галоўным бухгалтарам Ніна Мікалаеўна Чарняўская. Мяне адразу назначылі на пасаду намесніка галоўнага бухгалтара па фінансах. Як зараз памятаю, што мой аклад на той час быў 117 рублёў 50 капеек. Гэта была даволі прыстойная зарплата, 10 рублёў з якой было прынята адкладваць “на кніжку”. У магазінах не было вялікага дэфіцыту і купіць можна было ўсё, што неабходна. У 1969 годзе насельніцтва раёна было больш 30 тысяч чалавек і магазін быў практычна ў кожнай вёсцы, калі не стацыянарны, то лаўка на доме.
Школа прадаўцоў
Пры райспажыўсаюзе існавала школа прадаўцоў, у якой абучалі адпаведнай прафесіі. У год рыхтавалі прыкладна па 20 прадаўцоў, якія потым працавалі ў гандлёвых кропках раёна. Я выкладала ў гэтай школе прадмет “Гаспадарчае вылічэнне”. Хачу дадаць, што ў тыя часы калектыў арганізацыі налічваў да тысячы чалавек.
Трымалі падсобную гаспадарку…
У кожным раёне райспажыўсаюз займаўся яшчэ і падсобнай гаспадаркай. Наша прадпрыемства, напрыклад, вырошчвала бычкоў і свіней, у іншых раёнах спецыялізаваліся на гусях, качках. Было ў нас і тры гектары зямлі, на якіх вырошчвалі агародніну – бульбу, буракі і іншае.
… і славіліся агуркамі
І зараз праязджаючы міма Лутаўскага возера можна ўбачыць драўляныя жэрдкі, якія бачны з вады. Многія часам задумваюцца, для чаго яны прызначаліся. Раней у насельніцтва райспажыўсаюз закупляў шмат агуркоў і рабіліся нарыхтоўкі: агуркі салілі, клалі ў спецыяльныя бочкі, замацоўвалі на драўляныя жэрдкі і апускалі на захоўванне ў ваду. Там нават пастаянна знаходзіўся вартаўнік, каб нарыхтоўкі былі захаваны. Зімой агуркі даставалі і адпраўлялі на продаж. Яны былі вельмі смачныя і славіліся ўшацкія агуркі на ўсю вобласць!
Бум будаўніцтва
У 80я гады пачаўся сапраўдны бум будаўніцтва. У буйных населеных пунктах будаваліся магазіны з вялікай гандлёвай плошчай, некаторыя нават будаваліся са сталовай, як напрыклад, у Касарах, Старым Сяле. Такія вялікія магазіны называлі гандлёвымі цэнтрамі. У 1989 быў пабудаваны і сучасны будынак праўлення, які змясціў і кропкі грамадскага харчавання, склады і многае іншае. Пакуль будавалася новае адміністрацыйнае памяшканне, мы размяшчаліся ў будынках таварыства, што знаходзяцца на завулку НіжнеНабярэжным, зараз там інтэрнаты райспажыўтаварыства. Дарэчы, там раней была і старая хлебапякарня.
Заняпад і адраджэнне
90я гады былі для прадпрыемства вельмі складанымі. Многія памятаюць той дэфіцыт, калі не хапала тавараў, калі, напрыклад, каб купіць каўбасы, трэба было адстаяць чатыры гадзіны ў чарзе. У гэты час калектыў узначаліў Дзмітрый Георгіевіч Баранаў – дальнабачны, патрабавальны кіраўнік, у якога было чаму павучыцца. Хачу адзначыць, што наш сённяшні кіраўнік Лілія Альбінаўна Долгая, якая на той час была галоўным бухгалтарам, пераняла ў яго такі ўдалы стыль кіравання. Мы ўсё пралічвалі, машыну не выпускалі ў рэйс, не разлічыўшы страты і даходы. Было вельмі цяжка, але паступова пачалі выходзіць з заняпаду і ўваходзіць у шасцёрку лепшых у вобласці. Менавіта пры гэтым кіраўніку ў пачатку 2000х гадоў, калі была канкурэнцыя збоку прыватнікаў, мы змаглі адстаяць свайго пакупніка. Тады ж у розных кропках Ушач з’явіліся новыя магазіныпавільёны.
Утрымліваем лідарства
Пасля Д.Г.Баранава калектыў на працягу многіх гадоў узначальваў Уладзімір Мікалаевіч Круглік, якому ўдалося не толькі замацаваць ужо заваяваныя пазіцыі, але і выйсці на новы ўзровень – Ушацкае райспажыўтаварыства стала ўваходзіць у лік лепшых у вобласці. За свой немалы стаж работы мне давялося папрацаваць з многімі кіраўнікамі. У розныя гады райспажыўтаварыства ўзначальвалі Яўген Міхайлавіч Пішчулёнак, Уладзімір Максімавіч Мядзелец, Мікалай Васільевіч Храмёнак, Аляксандр Віктаравіч Крацёнак, Пётр Мікалаевіч Смаргун, якія ўнеслі ўклад у развіццё Ушацкай спажывецкай кааперацыі. Зараз удала спраўляецца з абавязкамі кіраўніка Л.А.Долгая, прыемна адзначыць, што па выніках мінулага года па многіх пазіцыях мы ўтрымліваем лідарства ў вобласці і нават рэспубліцы. За гэты перыяд мяняліся назвы, структурныя падраздзяленні, але галоўнай мэтай заўсёды заставалася гандлёвае абслугоўванне людзей.
* * *
Сёння Галіна Антонаўна Туфар працягвае працаваць усё на той жа пасадзе намесніка галоўнага бухгалтара і проста не ўяўляе сябе без бухгалтарскіх разлікаў і складаных лічбаў: “Я шчаслівая ад таго, што працую, што мой вопыт і праца прыносяць карысць людзям. Мой калектыў – мая родная сям’я”.
Вольга КАМАРКОВА.
“Гандаль – мая біяграфія”
У райспажыўтаварыстве многа ветэранаў вытворчасці і толькі два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Працоўная біяграфія Кацярыны Мікалаеўны Васілеўскай – гэта і гісторыя станаўлення спажывецкай кааперацыі раёна.
У вольны час Кацярына Мікалаеўна чытае, наведвае царкву, прыгадвае мінулае, пры гэтым часта размаўляючы са сваімі пакаёвымі кветкамі. Яны для яе – жывыя істоты.
– Герань вунь як распушылася побач з парасткам лімона – любіць кампанію, зусім як я, – паказвае на падаконнік жанчына. – Я ж вырасла сярод людзей, паколькі ў тры гады, яшчэ да вайны, памёр бацька, у трынаццаць у пачатку вайны забілі маці, праз некалькі месяцаў не стала бабулі і я апынулася ў партызанскім атрадзе. Заўсёды кладу кветкі на магілу Макара Кузьміча Усцінава, які прывёў мяне, сірату, у партызанскую сям’ю. Потым сталовая, буфет, магазіны – увесь час на людзях. А заканчвала сваю працоўную дзейнасць у райспажыўтаварыстве дырэктарам усіх магазінаў раёна, якія адкрывалі па многіх вёсках.
У былым доме рамёстваў над рэчкай адразу пасля вайны была сталовая, у якую Кацярына ўладкавалася афіцыянткай. На абеды тады людзі хадзілі па картках, поварам была Матрона Іванаўна Багдановіч. На першае звычайна быў суп з канцэнтрату – амерыканская гуманітарная дапамога. Такі суп елі і яны – маладыя работніцы і толькі раз у тыдзень маглі дазволіць сабе выпісаць катлету. Афіцыянткі хадзілі не толькі з падносамі, а і з вялікім бярвеннем – тапілі печку, дровы на якую насілі з разбуранай царквы. Былі 19451946 гады, Беларусь толькі пачынала залечваць раны. Падчас працы ў сталовай 17гадовае дзяўчо стварыла сям’ю. Аднак сямейнае жыццё не задалося і з двума дзецьмі на руках яна зноў шукае работу і жыллё.
Пасля сталовай Кацярыну перавялі ў буфет. Работа, як прыгадвае ветэран, была вельмі складанай, цэлы дзень на нагах, людзей мора. А акрамя стацыянарнага гандлю наладжвалі “выязны” – буфетчыца з латком выходзіла гандляваць на базар. “З яе будзе толк, трэба даваць расці”, – паглядзеўшы на бойкі гандаль піражкамі і іншай дробяззю, гаварылі паміж сабой старшыня райсаюза Салавей і старшыня сельпо Даўгапольскі.
Сапраўдны штуршок да росту маладой супрацоўніцы дала загадчыца сталовай Алімпіяда Міхайлаўна Ільюшэнка. “Кацюша, трэба вучыцца”, – пераканала жанчына, паколькі ў 1941 годзе дзяўчына скончыла толькі пяць класаў. Дапамагалі навярстаць упушчанае настаўнікі Ушацкай школы, і яна паспяхова скончыла кааператыўны тэхнікум, некалькі раз на годзе пакідаючы дзяцей адных.
Вехі развіцця спажывецкай кааперацыі Ушаччыны ў яе настолькі цесна перапляліся з асабістым, паколькі работа была на першым плане ва ўсяго пасляваеннага пакалення. Ды і як інакш магло быць, калі дэкрэтны адпачынак быў толькі месяц да і пасля, ды і тое прыспешвалі, каб месца не было занята.
Хутка пасля заканчэння тэхнікума яе прызначылі дырэктарам па ўсіх вясковых магазінах.
– Прамысловымі ў гарпасёлку ведаў Сямён Іванавіч Бурак. А я адказвала за насычанасць прамысловых і харчовых тавараў вясковых кропак. Тавару не хапала, фонды з Полацкай размеркавальнай базы нам былі даведзены невялікія, а план рабіць трэба было, вось і шукалі дадатковыя крыніцы. Ды і размеркаванне тавару было нераўназначным, напрыклад, наша база была запоўнена розным таварам шырокага прызначэння – адзеннем, абуткам, а не хапала гаспадарчых тавараў. Сем’і зажываліся, і ў шасцідзесятыхсямідзесятых пачаліся запыты на дываны, мэблю, тэхніку. Таму і пастаяннымі былі ў нас камандзіроўкі. Ва Украіну, Малдавію везлі тое, што было на базе, а адтуль прадукты, іншыя дэфіцытныя рэчы. Памятаю, з Украіны прывозілі гарэлку, матацыклы, на якія таксама быў вялікі попыт. Аднойчы ў дарозе выйшаў са строю радыятар, Сцяпан Уладзіміравіч Шасцярэнь пайшоў пешшу за пяць кіламетраў, а я зімой засталася вартаваць тавар. І колькі падобных гісторый. Адсюль і хранічныя захворванні. А як адкрывалі магазіны. Ва Усвею, памятаю, дабіраліся праз Лепель. Дарога ж па вёсцы такая, што ісці па ёй проста немагчыма. Нагу ставіш, а яна вязне. Хадзіць жа даводзілася, паколькі сярод мясцовых жыхароў шукала загадчыкаў магазінаў. Пад магазіны прыстасоўвалі звычайныя вясковыя дамы, а калінебудзь нават частку іх. Да Стай, якія пад Вялікімі Дольцамі, дабрацца можна было толькі на “студэбекеры”, якім кіраваў Аляксей Кірылавіч Рубанік. Намнога прасцей стала, калі па раёне пайшлі аўтакрамы.
Праблемы былі і з дастаўкай тавараў, паколькі тэхнікі ў райспажыўтаварыстве не хапала і дапамогу мы знаходзілі ў дырэктараў саўгасаў і старшынь калгасаў. Старшыня райсаюза Лідзія Данілаўна Юрчанка загадвала нам у 8 ужо быць на рабоце, хоць пачынаўся дзень з 9, каб паспець звязацца з усімі шэфамі. Прасілі, і яны дапамагалі як з развозкай па раёне, так і з выездам за таварам за межы рэспублікі. Наогул многія праблемы мы здымалі самастойна. Трэба да адкрыцця “Прарыву” адрамантаваць магазін у ДворПліне – шукаю будаўнікоў, матэрыял і наводзім марафет у памяшканні. На адкрыццё не толькі яго перафарбавалі, але і для прадаўца падабралі памаду.
Складана было. Я не працую ў гандлі ўжо трыццаць гадоў. Канечне, тых пасляваенных і сённяшніх умоў не параўнаць. Зараз у гандлі зусім іншыя праблемы, хаця як тады, так і цяпер іх хапае, паколькі трэба, каб у кожным кутку быў асартымент, каб быў задаволены пакупнік.
Вольга КАРАЛЕНКА.