37 лет посвятила работе в торговле заведующий магазина агрогородка Ильюшино Ирина Бондарева

Общество

Магазін у Рагуцкіх, потым у Ільюшыне – на працягу вось ужо 37 гадоў на варце гандлёвага абслугоўвання жыхароў роднага Жарскага сельсавета стаіць Ірына Ягораўна Бондарава. Менавіта стаіць, бо прысесці на рабочым месцы даводзіцца вельмі рэдка.

– Гэта ў гандлёвых кропках гарпасёлка вузкая спецыялізацыя – магазіны прадуктовыя, будаўнічых або прамысловых тавараў, – расказвае загадчыца магазіна ў Ільюшыне Ірына Ягораўна, паказваючы паліцы ўтульнай залы. – Мы ж гандлюем таварамі ўсіх груп. У гарадскіх супермаркетах хтосьці толькі на касе працуе, асобныя работнікі займаюцца выкладкай тавараў на паліцы. А мы і касіры, і мерчэндайзеры, і грузчыкі.

Акрамя загадчыцы ў магазіне працуе малады прадавец Алеся Урбан, якая ў свой выхадны прыйшла на дапамогу Ірыне Ягораўне. Інакш нармальна пагутарыць на рабочым месцы з загадчыцай не ўдалося б – у магазін раз­пораз заходзілі пакупнікі. Гандлёвая кропка ў вёсцы – сапраўдны інфармацыйны і культурны цэнтр. Падчас “шопінгу” жанчыны і мужчыны абмяркоўваюць мясцовыя навіны. Нават у прадаўца запытваюцца: “Што новага ў свеце чутна?”

Летам, калі да бабуль і дзядуляў прыязджаюць унукі, узрастае попыт на разнастайныя ласункі. Увогуле, пачынаючы з канца вясны і да позняй восені пакупнікоў больш – з гарадоў спяшаюцца на прыроду дачнікі. Вось і пры мне “зялёненькі ручнік і адэкалон” набыў яўна не мясцовы жыхар. “Гэта вы ўдала трапілі – бывае, што з прамысловай групы тавараў за дзень нічога не купяць”, – кажа загадчыца. Аснову плана магазіна складаюць харчовыя тавары. Яйкі, малако, мяса – раней такія прадукты везлі з вёсак у гарады, а зараз не кожны можа трымаць падсобную гаспадарку. Таму малако і мясныя паўфабрыкаты карыстаюцца попытам на працягу года. Сама ж Ірына Ягораўна яшчэ даглядае кароўку, з’яўляецца адным з самых актыўных малаказдатчыкаў аграгарадка. Шчыра прызнаецца, што ў гэтым вялікая заслуга мужа, работніка мехмайстэрні ААТ “Ільюшынскі”.

Адным словам, у магазіне ёсць усё неабходнае для вясковага чалавека. Усё навідавоку, акуратна раскладзена і расстаўлена, расцэнена і прамаркіравана. Ільюшынцам пашанцавала, што ў іхняй сельскай гандлёвай кропцы працуе такая абаяльная, шчырая, добрасумленная жанчына. У магазін прыемна завітаць, там чысціня, парадак. Адна з пакупніц прызналася, што сорамна бывае пайсці без пакупкі, бо загадчыца так ветліва да людзей адносіцца, заўсёды параіць, што лепей набыць, рэкламуе тавар.

Прамысловую групу тавараў дастаўляюць са склада і магазінаў райцэнтра па заяўках насельніцтва. Жадаючыя могуць тут набыць бытавую тэхніку: тэлевізар, халадзільнік, пральную машыну, у сезон карыстаюцца попытам цэмент і іншыя будаўнічыя матэрыялы.

Хварэюць жа работнікі магазіна толькі за справу, а ўласным здароўем стараюцца займацца падчас водпускаў. “Сур’ёзна, можаце ў кадрах запытаць, – кажа І.Я.Бондарава. – На бальнічныя не ходзім, няма калі!” Прызнаецца загадчыца, што хоць у Ільюшыне жыхароў нямала, але вывучыла пажаданні мясцовых людзей, ведае, каму што прапанаваць. Вясковы народ гаваркі, адкрыты, усе адзін пра аднаго ўсё ведаюць: “Калі да іх з душой, то і яны да цябе таксама”, – упэўнена Ірына Ягораўна.

Адчуваеш, што за гэтымі словамі не толькі продаж – асноўны абавязак, а нешта большае. Людзі павінны мець павагу і давер да чалавека, які іх абслугоўвае. І.Я.Бондарава іх заслужыла даўно, а апраўдвае кожны дзень.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *