Водителя-продавца автомагазина Евгения Михейко всегда ждути любят жителе маленьких деревень Ушаччины

Общество

Сёння на Ушаччыне нямала вёсак, дзе няма магазіна. Жывуць там па некалькі пенсіянераў, якім не па сілах пайсці за прадуктамі ў суседнюю вёску. Ды і навошта, калі цесную сувязь з такой глыбінкай трымаюць вадзіцелі­прадаўцы аўтамагазінаў райспажыўтаварыства. На мінулым тыдні мы пазнаёміліся з адным з іх – Я.У.Міхейкам – і разам з ім праехаліся па некаторых населеных пунктах.

Яўген Уладзіміравіч усіх сваіх “падапечных” ведае ў твар. А ў яго на абслугоўванні паўтара дзясятка населеных пунктаў. Згодна з графікам пяць разоў на тыдзень курсіруе яго магазін на колах па некалькіх маршрутах. Ён заязджае ў Ціханяты, Крыскавічы, Стайкі, Заполле, Мазуліна, Судзілавічы, Гушчынскую Слабодку, Папоўку, Чарнаручча… Працягласць кожнага маршрута – каля 100 кіламетраў.

Рабочы дзень вадзіцеля­прадаўца пачынаецца практычна са світанкам. Каб не губляць час і выехаць раней у рэйс, на хлебазавод Яўген стараецца трапіць яшчэ да 7 гадзін раніцы. “Нават у выхадныя па заяўках грамадзян даводзіцца закупляць штосьці ў магазінах ці на рынку, – расказвае малады чалавек. – Хтосьці просіць асаблівых далікатэсаў, а бывае, што і лекі ў аптэцы набыць неабходна”.

Любяць свайго ветлівага прадаўца ў вёсках. Яшчэ б – ён і сумку з прадуктамі дапаможа ў дом занесці, калі некаму не хапае на гэта сілы. Не забудзецца прывезці тое, што заказвалі ў  яго мінулы прыезд. “Пачакайце хвілінку, я зараз да Уладзіміра Філіпавіча забягу, – прыпыніўшыся ля дома жыхара Крыскавіч, агучыў Яўген. – Пасля перанесенага інсульту пажылому мужчыну цяжка выходзіць да аўталаўкі – вось я сам і заходжу да яго”.

Шэсць гадоў нязменна працуе Я.Міхейка за рулём свайго аўтамагазіна. За гэты час займеў нямала сяброў. Сярод іх – Ганна Мікалаеўна Шкаруба з Ціханят. “Па стане здароўя не маю магчымасці даглядаць агарод, таму кожную восень прашу Жэню прывезці мне таннай агародніны, – расказвае жанчына. – Рэгулярна прывозіць для мяне мяса і дыябетычныя хлябцы, без якіх не ўяўляю свайго рацыёну. А калі нядаўна распачала рамонт, па маёй просьбе даставіў неабходныя будаўнічыя матэрыялы. У Бярэзінскім раёне, адкуль я родам, такога клопату аб пакупніках наўрад ці сустрэнеш!”

Бывае цяжка “ўпакаваць” у фургон усё, што хочацца, але вадзіцель­прадавец умее захоўваць асартымент і максімальна яго абагачаць. Спецыяльнае халадзільнае абсталяванне дазваляе даставіць вяскоўцам усё, што яны маглі б купіць і ў горадзе. Асабліва ўдзячныя за гэта разбалаваныя дэсертамі гараджане­дачнікі.

Адказны, акуратны, камунікабельны – менавіта так характарызавалі вадзіцеля­прадаўца аўтакрамы Яўгена Міхейку вяскоўцы, з якімі нам давялося пагутарыць. Ну а ў тым, як ён хутка і прафесійна абслугоўвае пакупнікоў, упэўніліся на свае вочы: не паспееш азірнуцца – як зноў за рулём. А колькі цікавых гісторый ён расказаў па дарозе: і пра звяроў, якіх бачыць амаль кожны дзень, і як вяскоўцы віншуюць яго з днём нараджэння, частуюць рознымі прысмакамі. Словам, у кожнае такое падарожжа Я.У.Міхейка адпраўляецца з добрым настроем, паколькі ведае: сустрэчы з ім чакаюць і заўсёды жадаюць шчаслівага шляху.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *