Водитель Петр Мостяев доставляет в торговые точки района разную продукцию

Общество

Вадзіцеля райспажыўтаварыства Пятра Масцяева штодня чакаюць у розных гандлёвых кропках раёна – у яго асноўныя абавязкі ўваходзіць дастаўка рознай прадукцыі ў магазіны Ушаччыны.

У калектыў Ушацкага райспажыўтаварыства П.Масцяеў прыйшоў працаваць у 2012 годзе. Да гэтага часу хлопец адслужыў у арміі, з дзяцінства яго прыцягвала тэхніка, а таму вырашыў атрымаць адпаведную спецыяльнасць у Лепельскім прафесіянальна­тэхнічным ліцэі. Па размеркаванні Пётр трапіў на ўшацкі прамкамбінат, паспеў таксама папрацаваць і ў дарожнай арганізацыі. Аднак менавіта ў райспажыўтаварыстве знайшоў, як кажуць, сваё месца.

Кожны дзень з раніцы Пётр спяшаецца загрузіць свой аўтамабіль неабходнымі таварамі і накіроўваецца “на раён”. Паколькі ўмяшчальнасць яго “Газэлі” не надта вялікая, то загружацца і выгружацца прыходзіцца па некалькі разоў, рабіць за дзень не адзін рэйс.

Дарэчы, складана назваць яго проста вадзіцелем. Прыехаўшы ў той ці іншы магазін, імкнецца дапамагчы хутчэй выгрузіць тавары і ператвараецца ў грузчыка. Ужо зношаны за гады аўтамабіль перыядычна ламаецца – тады перакваліфікуецца ў слесара. Калі не надта сур’ёзная паломка, стараецца справіцца з ёй сам. Хоць і не бывае ў П.Масцяева дальніх рэйсаў, аднак за дзень намотвае нямала кіламетраў. Вядома ж, яшчэ больш напружана прыходзіцца працаваць у святочныя дні – такая спецыфіка гандлёвай сферы. Ды і ў будні часта рабочы дзень не ўкладваецца ў вызначаныя гадзіны, але да ўсяго гэтага вадзіцель адносіцца  з разуменнем.

– На гэтага маладога работніка заўсёды можна разлічваць, сумленна выконвае сваю справу і ніколі не падводзіць калектыў. А яшчэ заўсёды абараняе гонар нашага прадпрыемства на розных спартыўных мерапрыемствах. Такую моладзь мы цэнім! – гаворыць намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства па кадрах Марыя Васільеўна Храмёнак.

Быць працавітым, старанным і сумленным Пятра Масцяева заўсёды вучылі яго бацькі – простыя вясковыя людзі. А яшчэ ў ліку найпершых яго прыярытэтаў – сям’я, а таму вольны ад работы час П.Масцяеў заўсёды імкнецца праводзіць з жонкай і маленькім сынам.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *