У тым, што лічба 13 – шчаслівая, сумнявацца не прыходзіцца: менавіта столькі чалавек з ліку працуючай моладзі Ушаччыны сёлета трапілі на своеасаблівую Дошку гонару, з якой мы пазнаёмілі нашых чытачоў у мінулым нумары “Патрыёта”. А ў пятніцу ўсе яны – працавітыя і таленавітыя – былі запрошаны ў РДК на традыцыйную ўрачыстасць, прымеркаваную да Дня моладзі.
– Шчыра кажучы, не чакала аказацца ў ліку галоўных віноўнікаў сённяшняй урачыстасці, бо сваю працоўную дзейнасць пачала ўсяго год таму, – сказала прадстаўніца калектыву ДРБУ-105 Анастасія Лёля. – Вельмі прыемна, што ўсе мае старанні былі ацэнены. Што ж, цяпер не маю права на паслабленні – буду старацца пацвярджаць званне лепшай.
– Адчуваю сябе крыху непрывычна, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Пётр Алексяёнак. – На падобных мерапрыемствах мне як самадзейнаму артысту, былому работніку культуры звычайна прыходзіцца выступаць, а не проста сядзець вось так у зале. Нават калі падчас узнагароджання пачуў сваё прозвішча і выйшаў на сцэну, ледзь стрымаўся, каб не расказаць гумарэску і не папрасіць вынесці мне гармонік.
Ва ўрачыстай атмасферы намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч узнагародзіла маладых работнікаў Ушаччыны. Яна адзначыла, што падобныя мерапрыемствы – даніна прызнання іх мэтанакіраванасці, ініцыятывы, працаздольнасці.
– Нягледзячы на тое, што вы толькі пачынаеце свой жыццёвы і працоўны шлях, у вас ужо атрымалася ўнесці ўклад у эканамічнае, духоўнае і грамадскае развіццё роднага раёна. Вы – будучыня раёна і краіны ў цэлым, – падкрэсліла Наталля Мікалаеўна.
Падтрымаць юнакоў і дзяўчат прыйшлі ў гэты дзень на ўрачыстасць іх калегі, сябры, родныя. Радасць і гонар перапаўнялі жонку інспектара ДПС аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі Мікалая Гаўрылюка, які выходзіў на сцэну ў час ушанавання. Дарэчы, Юлія (дзявочае прозвішча – Спірыдзёнак) у мінулым годзе і сама вылучалася на маладзёжную Дошку гонару. Вялікая група падтрымкі аказалася ў прадстаўніцы, бадай, самага малога калектыву з прадстаўленых – цэнтральнай аптэкі – Марыны Жынь. Не шкадавалі апладысментаў гледачы ў зале і для астатніх віноўнікаў урачыстасці.
У гэты дзень маладыя людзі былі адзначаны не толькі за працоўныя заслугі, але і за актыўную грамадскую дзейнасць. Выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Рыта Півульская ўзнагародзіла памятнымі падарункамі актывістаў аб’яднання Кацярыну Гарадко, Дар’ю Мяжуй, Івана Шугалея. Не атрымалася прыйсці на мерапрыемства Ірыне Хамёнак і Аляксандру Бехаву – заслужаныя ўзнагароды яны атрымалі пазней.
Завяршылася святочнае мерапрыемства выдатнымі канцэртнымі нумарамі ў выкананні такіх жа актыўных, творчых, крэатыўных маладых людзей Ушаччыны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.