Сотрудники государственного музея белорусской литературы и литературного музея Петруся Бровки в день рождения поэта посетили Ушаччину

Культура

Здзейсніць падарожжа на Ушаччыну, якая дала свету столькі славутых паэтаў і пісьменнікаў, супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Дзяржаўнага літаратурнага музея Петруся Броўкі, іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі беларускай сталіцы планавалі даўно. Ажыццявілі ж сваю мару 25 чэрвеня – у дзень нараджэння Пятра Усцінавіча, які з’явіўся на свет 111 год таму.

“У гэтых трох адзінках заключаны яркі сімвалізм, – лічаць арганізатары літаратурнай вандроўкі дырэктар музея П.Броўкі Наталля Мізон і прадстаўнік Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Лебедзь. – Броўка, Быкаў, Барадулін – кожны з гэтых трох ураджэнцаў Ушацкага краю з’яўляецца зоркай першай велічыні на творчым небасхіле. Сімвалічным падаецца і тое, што іх прозвішчы пачынаюцца з адной літары: гэта быццам падкрэслівае еднасць іх творчасці – рознай па форме і змесце, але аднолькава прасякнутай гарачай любоўю да роднай Беларусі і да сваёй маленькай Ушаччыны”.

Вельмі трапна падкрэслілі сэнс мерапрыемства і тры вялікія партрэты нашых славутых літаратараў, якія ўпрыгожылі ўтульную актавую залу музея імя У.Е.Лабанка. Іх аўтарства належыць ушацкаму мастаку Міхаілу Аляксандравічу Багдановічу, а тое, што работы атрымаліся вельмі ўдалымі, канстатавалі літаральна ўсе ўдзельнікі імпрэзы, якая разам з экскурсіяй па музеі распачала насычаную праграму літаратурнай вандроўкі. Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч шчыра прывітала гасцей на Ушаччыне, а начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Васільеўна Азевіч пазнаёміла са славутасцямі, на якія багаты наш край, расказала пра вялікую работу, якая вядзецца ў раёне па ўшанаванні памяці і захаванні творчай спадчыны знакамітых землякоў. У сваю чаргу, супрацоўнікі сталічных музеяў распавялі пра свае новыя праекты, запрасілі жыхароў нашага раёна абавязкова наведаць экспазіцыі. Дарэчы, у якасці падарунка ўшачанам яны прывезлі перасоўную выставу, прысвечаную жыццю і творчасці Петруся Броўкі.

А колькі цікавых фактаў з жыцця літаратараў пачулі ўдзельнікі творчага фэсту. Шмат гісторый прыгадаў паэт Ганад Чарказян, які быў добра знаёмы з усімі трыма славутымі ўшачанамі. “Менавіта Броўка першым працягнуў мне, нікому не вядомаму ўсходняму хлопцу, руку сябра, дапамог выдаць першую кнігу вершаў”, – расказвае Г.Чарказян. Барадулін жа, па яго словах, не проста пераклаў вершы, а і перавёў яго паэзію “на беларускую плоскасць”. Цесныя стасункі былі ў іх і з Быкавым, які вельмі рэдка пісаў прадмовы, але для зборніка твораў Ганата Бадрыевіча зрабіў выключэнне. Не застаўся няўдзячным і той: неяк Васіль Уладзіміравіч абмовіўся, што яго дачны дом вельмі халодны, і Чарказян (будаўнік па прафесіі) зрабіў прыбудову над яго гаражом – гэты сонечны пакой стаў любімым месцам Быкава.

Вершы Броўкі і Барадуліна прагучалі ў выкананні вядомага акцёра і дыктара Алега Вінярскага, голас якога знаёмы многім ушачанам па радыёперадачы “Сустрэча з песняй”. Дарэчы, сустрэліся з песняй і ўдзельнікі вандроўкі – рамансы на вершы Рыгора Барадуліна выканаў беларускі бард Алесь Камоцкі.

Песні і ўспаміны можна было пачуць і на сядзібе Р.Барадуліна, куды накіраваліся ўдзельнікі літаратурнай вандроўкі. Многія з іх бывалі тут вельмі часта – як, напрыклад, паэтэса Наталля Давыдзенка, якая рыхтавала да выпуску добра вядомы нашым чытачам “Вушацкі словазбор”, а зараз працуе над чарговым томам “Дзённікаў і запісаў” паэта. А некаторыя, як малады навуковы супрацоўнік музея П.Броўкі Ліна Мядзведзева, трапілі на ўшацкую зямлю ўпершыню, а таму не хавалі моцных уражанняў ад наведвання сядзібы­музея Васіля Быкава, хаты­музея Петруся Броўкі, праз якія пралёг далейшы маршрут вандроўкі. “Здзейснілася адна з маіх мар – убачыць мясціны, якія далі свету такіх літаратурных мэтраў!” – прызналася дзяўчына.

Трэба сказаць, што ўшачане добра падрыхтаваліся да сустрэчы гасцей: у Бычках, напрыклад, яны змаглі паглядзець літаратурна­музычную кампазіцыю, набыць кнігі і сувеніры на адмысловай выставе, а таксама пачаставацца ўшацкімі стравамі, якія прыгатавалі ўдзельніцы народнага клуба “Прысмакі”.

І, вядома ж, нікога не пакінула абыякавым экскурсія на мемарыяльны комплекс “Прарыў”. І, напэўна, думкі ўсіх удзельнікаў літаратурнай вандроўкі трапна выказала дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч: “Хочацца пакланіцца вашай мужнай і таленавітай ушацкай зямлі!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *