Сотрудники прокуратуры Ушачского района обладают высокими профессиональными и моральными качествами

К профессиональному празднику

На органах пракуратуры ў нашым грамадстве ляжыць вельмі важная функцыя – яны абараняюць правы і свабоды грамадзян, каардынуюць барацьбу са злачыннасцю і карупцыяй, вядуць вялікую прафілактычную работу. Менавіта ад дзейнасці пракуратуры ў многім залежыць фарміраванне Беларусі як прававой дзяржавы. Для выканання гэтых адказных задач пракурорскія работнікі надзелены шырокімі паўнамоцтвамі, а таму і патрабаванні да іх адпаведныя – на службу ў гэтыя органы прымаюцца толькі людзі, якія валодаюць высокімі прафесійнымі і маральнымі якасцямі. Менавіта такія спецыялісты працуюць ва Ушацкай пракуратуры.

Як ужо адзначалася, дзейнасць гэтага органа шырокая і разнастайная. Так, з пачатку года пракурорскімі работнікамі раёна падтрымана абвінавачванне па 27 крымінальных справах, яны прымалі ўдзел у разгляданні 39 грамадзянскіх спраў. Вынесена 16 прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, 16 прадпісанняў, 7 пратэстаў на незаконныя рашэнні, загады, па патрабаванні пракурора 17 пасадных асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку 10 – за несвоечасовую выплату заработнай платы.

Пракуратурай раёна сёлета разгледжаны 31 зварот грамадзян і юрыдычных асоб – у асноўным яны датычыліся парушэнняў працоўных правоў. Сярод іх, напрыклад, выпадак завышанага кошту ўрону на ўтрыманне з заробку двух работнікаў КУСГП “Глыбачаны” – пасля пратэсту пракуратуры прыказ адменены. Такім жа быў вынік разгляду прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці работніка УП “Ушацкая ПМС”.

Пад увагай пракуратуры знаходзяцца ўсе праблемныя для нашага раёна пытанні, такія, напрыклад, як алкагалізацыя насельніцтва і звязанае з ёй бытавое насілле, браканьерства і іншыя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, навядзенне парадку на зямлі.

Штодня дзверы Ушацкай пракуратуры адчыняюць дзясяткі людзей – з рознымі нагодай і праблемамі, але з аднолькавай упэўненасцю, што тут іх уважліва выслухаюць і дапамогуць устанавіць справядлівасць. Прынцыповасць, інтэлігентнасць, дасведчанасць ва ўсіх сферах ведаў – гэтыя характарыстыкі цалкам падыходзяць усім яе работнікам. Тры гады ўзначальвае яе пракурор раёна Максім Міхайлавіч Падворны. За гэты час ён зарэкамендаваў сябе і граматным кіраўніком, і надзвычай дасведчаным і бескампрамісным юрыстам. “Пад кіраўніцтвам такога чалавека нам па плячы любыя задачы”, – кажуць пра яго члены калектыву. Гонарам і сумленнем пракуратуры з’яўляецца Віталь Эдуардавіч Банеўскі, які прысвяціў ёй 30 год свайго жыцця. У нашым раёне, стаўшым за такі час для яго родным, гэты чалавек з’яўляецца эталонам добрасумленнасці і прыстойнасці. У павазе да яго прызнаюцца нават тыя асобы, у бок якіх на судзе Віталь Эдуардавіч выступаў абвінаваўцам, бо ўпэўнены, што гэты юрыст запатрабуе такое пакаранне, якое чалавек заслугоўвае. Памочнік пракурора Наталля Фёдараўна Аваднёва хоць і мае значна меншы стаж работы ў пракуратуры, аднак з’яўляецца яе надзейнай “баявой адзінкай”. Вялікі багаж юрыдычных ведаў, імкненне да самаўдасканалення, ідэйнасць і прынцыповасць маладога юрыста адзначаюць усе, хто мае з ёй справу. Прызнаннем яе заслуг стаў і той факт, што нядаўна Наталля Фёдараўна атрымала ўдзячнасць пракурора Віцебскай вобласці Г.Дыско. Зладжанай рабоце пракуратуры садзейнічаюць і прадстаўнікі тэхнічнага забеспячэння: загадчыца канцылярыі Таццяна Уладзіміраўна Латышава, вадзіцель Віктар Рыгоравіч Крахотка, адказная за чысціню і парадак Алеся Віктараўна Целепень.

– Вельмі прыемна ўзначальваць калектыў аднадумцаў, – адзначае М.М.Падворны. – Вось ужо некалькі год наш склад застаецца нязменным – а гэта значыць, што ва Ушацкай пракуратуры выпадковых людзей няма. Усіх сваіх калег шчыра віншую з прафесійным святам, жадаю і надалей высока несці ганаровае званне пракурорскага работніка. Здароўя, шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: В.Банеўскі, М.Падворны, В.Крахотка, Т.Латышава, Н.Аваднёва, А.Целепень.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *