23 чэрвеня завяршыўся прадстаўнічы форум краіны – пяты Усебеларускі народны сход.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі дзве з паловай тысячы чалавек. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльнакультурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Яго дэлегатамі сталі таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў. З добрым настроем ехала на сход дэлегацыя Віцебшчыны: Прыдзвінскі рэгіён па выніках сацыяльнаэканамічнага развіцця ў 2011-2015 гадах заняў другое месца ў краіне і занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.
На пятым Усебеларускім народным сходзе была прынята рэзалюцыя, у якой гаворыцца, што ключавой задачай на наступнае пяцігоддзе павінна быць аднаўленне і забеспячэнне далейшага ўстойлівага эканамічнага росту як асновы для паспяховага жыцця будучых пакаленняў, ёй адобраны асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльнаэканамічнага развіцця Беларусі на 20162020 гады. Пасля дапрацоўкі, з улікам прапаноў, якіх у ходзе абмеркавання паступіла больш 150, дакумент ляжа на подпіс Прэзідэнту краіны. Аднак асноўныя прыярытэты праграмы развіцця рэспублікі на бліжэйшую пяцігодку застануцца нязменнымі. ІНВЕСТЫЦЫІ – гэта развіццё і рост эканомікі. Гэта не толькі грошы, але і навейшы вопыт і тэхналогіі. ЗАНЯТАСЦЬ – гэта магчымасць кожнага грамадзяніна сваёй працай забяспечыць сябе і сваю сям’ю. ЭКСПАРТ – аснова нашай адкрытай эканомікі, паступленне валюты ў краіны, прыбытак прадпрыемстваў, падаткаў у бюджэт. ІНФАРМАТЫЗАЦЫЯ – гэта наша канкурэнтаздольнасць у сучасным свеце. МОЛАДЗЬ – гэта галоўны патэнцыял дзяржавы і будучыня краіны.
Прэзідэнт краіны ў першы дзень форума выступіў перад дэлегатамі з дакладам “Разам – за моцную, квітнеючую Беларусь”. Былі падведзены вынікі мінулай пяцігодкі і акрэслены асноўныя напрамкі на бліжэйшую.
Многія і ў грамадстве, і ў СМІ звярнулі ўвагу на дату правядзення Усебеларускага народнага сходу – 22 чэрвеня. “Гэта сапраўды сімвалічная, трагічная і – самае галоўнае – павучальная дата. Роўна 75 гадоў таму пачалася самая страшная і кровапралітная вайна ў гісторыі. Мы добра памятаем яе ўрокі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. “І галоўны ўрок у тым, што любую, нават самую вялікую бяду можна адолець толькі разам, – прадоўжыў Прэзідэнт. – Калі перад тварам цяжкасцей народ аб’ядноўваецца, а людзі не падаюць духам, то любыя перашкоды пераадольныя і любыя мэты дасягальныя. Адзінства народа дае магчымасць зберагчы мір у краіне і саму краіну”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі вызначаны перспектывы фарміравання высокатэхналагічнага бізнесу з упорам на інвестыцыі і новыя сістэмы кіравання. “Усё гэта для таго, каб забяспечыць няўхільны рост дабрабыту нашых людзей, дынамічнае развіццё беларускай дзяржавы, умацаванне яе пазіцый у міжнароднай супольнасці”.
Прэзідэнт краіны расказаў пра канкрэтныя планы па развіцці рэгіёнаў. Вялікі аб’ём работ па рэканструкцыі і нарошчванні вытворчасці прадугледжваецца ў Віцебскай вобласці. Гэта датычыцца такіх буйных прадпрыемстваў, як “Нафтан”, Аршанскі льнокамбінат, прадпрыемстваў абутковай і швейнай прамысловасці. Плануецца пабудаваць завод па выпуску металічнага ліста ў Міёрскім раёне, узвесці тры гідраэлектрастанцыі.
У заключным слове Прэзідэнт зазначыў: “Форум з усёй відавочнасцю паказаў, што народаўладдзе з’яўляецца важнейшым інструментам прыняцця лёсавызначальных рашэнняў у Беларусі. Адчувалася, што дэлегаты прымаюць ускладзены на іх груз адказнасці за рашэнні, што вызначаюць будучыню як грамадства, так і дзяржавы. Я ўдзячны ўсім дэлегатам за падтрымку, разуменне, актыўны ўдзел у распрацоўцы і прыняцці праграмных дакументаў”.
У час правядзення пятага Усебеларускага народнага сходу была адкрыта “гарачая лінія”, на якую мог звярнуцца кожны жадаючы, каб задаць пытанні, выказаць пажаданні. На яе паступіла каля 500 зваротаў, якія будуць разгледжаны ў хуткім часе.
Вольга Мікалаеўна Захарэнка, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Перапаўняе пачуццё патрыятызму, гонару за нашу Беларусь. Гэтае пачуццё не пакідала ні на хвіліну падчас выступлення Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Асаблівую гордасць за беларускі народ адчувала і падчас выступленняў замежных удзельнікаў форума. Прадстаўнікі Сербіі, Кітая, дыпламаты многіх іншых краін падкрэслівалі граматны курс краіны на развіццё як дзякуючы асабіста Прэзідэнту, так і мудрасці беларускага народа – надзейнага партнёра, сябра, на падтрымку якога яны заўсёды могуць разлічваць. Я пераканана, што менавіта патрыятызм, любоў да сваёй краіны з’яўляюцца ўнутраным стрыжнем для стваральнай працы, а без гэтага не будзе выніку, якой бы дакладнай ні была прынятая праграма. Такім патрыётам Беларусі з’яўляецца Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, такімі павінны быць усе мы. Прычым патрыётамі не толькі падчас грамадскіх акцый, а і кожны дзень, на кожным працоўным месцы. Мы павінны быць патрыётамі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, трэба ўжо гаварыць пра патрыятызм у эканоміцы. І гэта не толькі заклік “купляйце беларускае”, гэта перш за ўсё выпуск якаснай прадукцыі, гэта прафесійнае выкананне абавязкаў на кожным працоўным месцы.
Падчас форума асабліва адчувалася адзінства беларускага народа. У Палацы рэспублікі сабраліся як прадстаўнікі кожнага куточка Беларусі, так і людзі самых розных прафесій. Гэта таксама неперадавальнае словамі пачуццё ўзнёсласці, што разам нам усё па плячы. Пачуццё адказнасці і гордасці, перш за ўсё за людзей працы. Я назірала за нашымі дэлегатамі Аляксандрам Віктаравічам Шарыпенкам, Рымай Леанідаўнай Аніскевіч, бачыла, як іскрыліся іх вочы, якімі ўсхваляванымі яны былі, і шчыра ганарылася імі, людзьмі працы, якія заслужылі быць дэлегатамі такога высокага народнага форума. Я ўяўляла, як ганарацца за іх родныя, члены іх працоўных калектываў. Наогул была гордасць за Віцебшчыну, за яе добрыя дасягненні ў прайшоўшай пяцігодцы. Ганарылася за нашых выступаючых і за тое, якія важныя тэмы яны ўздымалі. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў падняў адно з самых хвалюючых пытанняў – развіцця беларускай вёскі, глыбінкі, сельскай гаспадаркі.
Пераканана, што літаральна ўсе дэлегаты сходу пакідалі Палац рэспублікі з адным настроем – працаваць яшчэ больш аддана. Паколькі толькі працай, працай стваральнай, ініцыятыўнай, з разуменнем, наколькі імкліва развіваецца свет, з пошукам унутраных рэзерваў, якія ёсць на кожным прадпрыемстве, мы зможам ажыццявіць усе тыя напрамкі, якія і закладзены ў Праграму сацыяльнаэканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку. І наша, дэлегатаў, задача – данесці гэта да прадстаўнікоў кожнага працоўнага калектыву раёна.
Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка, дырэктар ААТ “Дземенец”:
– Асноўны лейтматыў гэтага народнага форума можна ёміста характарызаваць адным выразам – як зрабіць жыццё грамадзян Беларусі лепшым. Нас, прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны, на сходзе было 250 чалавек, і прыемна, што тэме развіцця вёскі, хлебаробскай справе была ўдзелена значная ўвага. Прэзідэнт краіны А.Лукашэнка адзначыў: будучае беларускай вёскі – пытанне вострае, нягледзячы на ўжо ўкладзеныя дзяржавай сродкі. Каб гэтыя ўкладанні далі сапраўдны эфект, у стратэгіі падтрымкі сяла патрэбны змены. Я згодны з тым, што ўвагу ўлады неабходна накіраваць не толькі на буйныя вёскі з развітай інфраструктурай, але і на малыя населеныя пункты, аказваючы дапамогу і падтрымку іх жыхарам. На месцах трэба вырашаць, якім чынам гэта зрабіць – праз развіццё аграэкатурызму ці стварэнне фермерскіх гаспадарак. Мне, як і кіраўніку краіны, таксама не хацелася б, каб у Беларусі ды і нашым раёне засталіся толькі аграгарадкі.
А.Р.Лукашэнка падкрэсліў, што прадпрымальнасць павінна стаць галоўнай рухаючай сілай павелічэння вытворчасці – мы даўно пайшлі па гэтым шляху, эксперыментуем, не баімся ўводзіць у севазварот новыя культуры, навучыліся нават у нашых кліматычных умовах атрымліваць неблагія ўраджаі зерневых, рапсу, лубіну, грэчкі. За мінулую пяцігодку наша гаспадарка стала адным з асноўных вытворцаў прадукцыі раслінаводства ў раёне. Пры гэтым у нас невялікі калектыў, дзе пасапраўднаму няма “лішніх” людзей. Дзякуючы дзяржпадтрымцы маем неблагую тэхніку айчыннай вытворчасці.
Што да агучаных задач у нашай сферы дзейнасці, то яны дасягальныя, а калектыў “Дземенца” пастараецца ўнесці свой уклад у іх вырашэнне. Трэба толькі праяўляць разумную ініцыятыву, бо кіраўнікам на месцах больш зразумела, што гаспадарцы выгадней вырошчваць – справядліва прагучала ў выступленні Прэзідэнта: “Жыццё настолькі разнастайнае, што ўсё немагчыма прапісаць у адным дакуменце”.
Удзячны дэлегатам раённага сходу за давер прадстаўляць раён на рэспубліканскім узроўні. Стратэгія развіцця абрана, жыццё пакажа, наколькі яна сябе апраўдае. А для таго, каб асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльнаэканамічнага развіцця сталі рэаліямі і прынеслі станоўчыя змены грамадству, трэба працаваць, падкасаўшы рукавы.
Рыма Леанідаўна Аніскевіч: дырэктар Вялікадолецкай дзіцячага сада сярэдней школы:
– Уражанні проста захлістваюць. Як ад дасканаласці арганізацыі самога форума, яго насычанасці, так і ад дзелавых, канструктыўных выступленняў. Прыемна было бачыць на сцэне прадстаўнікоў Віцебшчыны – старшыню абласнога Савета дэпутатаў і старшыню Бешанковіцкага райвыканкама. Вельмі дзелавой была атмасфера форума, канкрэтнымі выступленні яго ўдзельнікаў. Ніхто не ўтойваў праблем, якія існуюць, і пры гэтым вельмі прыемна было асэнсоўваць на прыкладзе тых жа перадавых прадпрыемстваў, бізнесменаў, як многа намі зроблена за мінулую пяцігодку. Заснавальнік “Конте”, напрыклад, расказаў, што пачынаў справу з 20 тысяч долараў, а сёння гэта фірма вядома далёка за межамі Беларусі. Канечне, уважліва слухала тое, што датычылася адукацыі, і поўнасцю падтрымліваю словы Прэзідэнта, што выпускніку трэба даць магчымасць паступіць у ВНУ, а там ужо загружаць яго. Таксама правільным лічу, што студэнтаў трэба больш вучыць практычна, бо здараецца, што атрымаўшы годныя тэарэтычныя веды, яны не ведаюць вытворчасці, справы, якой будуць займацца. Яшчэ доўга буду асэнсоўваць пачутае. Разумею, што каб нам здзейсніць намечанае, трэба ўпарта працаваць – кожнаму на сваім месцы. І да гэтага часу не веру, што мне пашчасціла пабываць на такім прадстаўнічым форуме!
Уважліва сачылі за работай форума і ўшачане. Вось водгукі некаторых з іх.
Людміла Уладзіміраўна Елісеева:
– Я поўнасцю падтрымліваю як ранейшы курс Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на развіццё краіны, так і новы, прыняты на форуме. Лічу, што сярод былых рэспублік Савецкага Саюза менавіта Беларусь паспяхова развіваецца. Самае галоўнае, што і падкрэсліў у сваім выступленні Прэзідэнт, гэта адзінства нацыі. Толькі ідэалогія гордасці за сваю краіну, імкненне кожнага працаваць на яе дабрабыт і можа прывесці да далейшага росквіту. А нам ёсць чым ганарыцца. У прадпрыемствах вялікая доля дзяржаўнага фонду, яны не аддаюцца на водкуп прыватнікам, а пры гэтым створаны выдатны мікраклімат для развіцця бізнесу. У мяне ёсць з чым параўноўваць, паколькі не так даўно давялося пажыць ва Украіне. Практычна ўсе прадпрыемствы там у руках прыватнікаў, пенсіі на ўзроўні 40 долараў, карупцыя, расслаенне грамадства і самае галоўнае – поўнасцю нівеліраваны тыя каштоўнасці, на якіх я вырасла і за што ваяваў мой бацька. Пануе ідэалогія ўтрыманства, якая, на жаль, ёсць і сярод нас. А ўсё, лічу, таму, што людзі не бачаць далей уласнага дома, палітычна блізарукія, інакш паіншаму ставіліся б да таго, што маюць. Няхай і невялікія зарплаты, аднак не зварочваюцца сацыяльныя праграмы. Дачка прыехала з Прыбалтыкі – людзі не садзяць агародаў зза падатку і на зямлю, і на тое, што на ёй вырасла. Ля пад’ездаў дамоў не ўбачыш столькі машын, як у нас. Не засталося мясцовай прамысловасці, усё з Еўрасаюза. Мы ж на рынак апошняга пастаўляем сваю прадукцыю. А які парадак ва ўсіх населеных пунктах, у Кіеве ж нават ля Рады на дрэвах пакеты вісяць! І што апошняя можа даць свайму народу, калі кожнае яе пасяджэнне – гэта высвятленне адносін паміж сабой. Паверце, я не ехала назад дадому, я ляцела ў сваю Беларусь. І заклікаю ўшачан цаніць тое, што маем, каб потым, як у той прымаўцы – не плакаць.
Уладзімір Іванавіч Багрэц, пенсіянер:
– Падтрымліваю прынятую Ваенную дактрыну. Яна накіравана на абарону Беларусі, аднак многа ўвагі ўдзяляецца падтрыманню боегатоўнасці войска, аб чым сведчаць і апошнія вучэнні, пуск “Паланеза”. Актывізуецца зараз і работа з запаснікамі. Лічу, што менавіта гэты накірунак вельмі важны і, на маю думку, павінен быць задзейнічаны яшчэ больш. Я адпрацаваў увесь час на “Паліміры”, праз два гады выклікаўся на зборы, быў у хімічных войсках, і калі б што здарылася, быў бы гатовы да абароны. Адной прафесійнай арміі з гэтым не справіцца. Мяне гэта так цікавіць яшчэ і таму, што ваявалі бацькі і хочацца, каб гэтага не паўтарылася. Маці Александрына Фёдараўна Багрэц з вёскі Адэліна была партызанкай, падчас аднаго з баёў здабыла сабе артылерыйскі нямецкі карабін. І мае дзеці і ўнукі ведаюць і ганарацца сваёй бабуляй, прабабкай, якая нават у палоне насіла зашыты ў бялізне дакумент аб тым, што яна партызанка брыгады Чапаева, хоць аднаго гэтага хапіла б для расстрэлу. Патрыятычнаму выхаванню, і перш за ўсё ў сем’ях, трэба больш удзяляць увагі. Калі я атрымаў ордэн Чырвонага сцяга, сказаў бацьку – я не падвёў цябе. А сёння ганаруся сваёй унучкай – неаднаразовай стыпендыяткай фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, залатой медалісткай, якая абрала рэдкую спецыяльнасць нанатэхналогій, на “выдатна” вучыцца ў СанктПецярбургу і марыць працаваць у беларускай Сіліконавай даліне. У пераемнасці традыцый сям’і – пераемнасць пакаленняў нацыі.
Наталля Аляксандраўна і Крысціна Долгія:
– Як маці траіх дачок мяне цікавіць будучыня маіх дзяцей. Мы с дачкой абмяркоўвалі выступленне Аляксандра Рыгоравіча аб тым, што заданні на цэнтралізаваным тэсціраванні павінны быць прасцей, каб яны былі па сілах выпускнікам любых школ, каб на гэта не патрэбны былі рэпетытары. Крысціна марыць стаць стаматолагам, з наступнага года будзе займацца ў 10 класе Арэхаўскай школы з паглыбленым вывучэннем хіміі, і я думаю, што ўсё ў нас атрымаецца. Я працую санітаркай у бальніцы, бачу, колькі моладзі прыходзіць на працу ў нашу ўстанову, аднак далёка не ўсе застаюцца. Гэта актуальнае пытанне для невялікіх райцэнтраў. Не хапае медыцынскіх спецыялістаў і ў гарадах. Таму наогул прыемна, што столькі ўвагі не форуме прысвячалася пытанням моладзі. Згодна, што патрэбна больш практычных заняткаў пры навучанні. Толькі так можна зразумець, ці правільны ты зрабіў выбар. Мне прыемна, што старэйшая дачка, якая працуе фельчарамгінеколагам, з задавальненнем ідзе на работу, поўнасцю задаволена абранай прафесіяй. Гэта ж і ёсць шчасце, калі займаешся любімай справай.
Тамара Васільеўна Зімніцкая, дэпутат раённага Савета дэпутатаў.
– Мне імпанавала тое, што на наступную пяцігодку акрэслены рэальныя лічбы прыросту валавога ўнутранага прадукту, інфляцыі, росту рэальных даходаў. Наогул ўсё, што абмяркоўвалася, павінна служыць павышэнню дабрабыту беларусаў. Выступленне Прэзідэнта было такім адкрытым, даступным кожнаму. Калі ж я слухала, якімі якасцямі павінен валодаць дэпутат Парламента – удасканальваць прававую базу, развіваць супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, умацаваць пазіцыі Беларусі на міжнароднай арэне, я бачыла нашага дэпутата ў Парламенце У.П.Андрэйчанку. А як маці двух сыноў, якія пакуль што не маюць уласнага жылля, мне прыемна было пачуць, што кожная сям’я зможа пабудаваць сабе жыллё, што сродкі, якія жыхары патрацяць на яго набыццё або будаўніцтва, будуць вызвалены ад падаткаў.
На здымках: выступае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка; дэлегацыя Ушацкага раёна: А.Шарыпенка, Р.Аніскевіч, В.Захарэнка, В.Родзіч.