Митинг-реквием 22 июня июня в Ушачах

Общество

Мітынг­-рэквіем, які адбыўся 22 чэрвеня ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у райцэнтры, атрымаўся сёлета асабліва ўзнёслым і шчымлівым: прайшло 75 гадоў з бадай самага трагічнага моманту нашай гісторыі – пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая стала суровым выпрабаваннем для ўсяго савецкага народу.

З першага дня Беларусь аказалася арэнай самых жорсткіх бітваў. На франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш як 1,3 мільёна нашых землякоў. Доўгія тры гады знемагала пад фашысцкім ярмом беларуская зямля. Гітлераўцы чынілі на ёй небывалыя зверствы. У межах рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета, карнікамі спалена больш 9 тысяч вёсак. Шмат пакут вынесла і Ушаччына, страціўшая 7747 сваіх жыхароў. Усе гэтыя трагічныя факты прыгадалі ў сваіх прамовах на мітынгу намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ф.Р.Пацэйка, выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Р.У.Півульская.

Памяць ахвяр фашызму прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання. Сімвалам жалобы і смутку сталі запаленыя лампадкі, вянкі і кветкі, якія прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, прадпрыемстваў і арганізацый, жыхары Ушаччыны ўсклалі да падножжа помніка і пліт з прозвішчамі загінуўшых.

У нашым раёне няма бадай ніводнай сям’і, дзе б не мелася свайго франтавіка. Інвалідам вайны быў бацька Людмілы Уладзіміраўны Елісеевай, якога жонка і дзеці называлі “наш герой”. Пры вызваленні Польшчы загінуў дзед Барыса Аляксеевіча Шараева, а прозвішча дзядулі яго жонкі Трафіма Барысавіча Белавусава значыцца на адной з мемарыяльных пліт ля ўшацкага помніка – менавіта да яе ляглі ярка­чырвоныя ружы, што прынеслі ў гэты жалобны дзень на мітынг­рэквіем работнікі ветстанцыі. Гэтыя прыгожыя кветкі, якія яны разам з калегамі вырасцілі ў двары арганізацыі, нібыта перадалі загінуўшым героям цеплыню ўдзячных сэрцаў і працавітых рук патомкаў.

Усё больш часу аддаляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінуўшых у баях, трагедыі мільёнаў бязвінных людзей ніколі не будуць забыты на нашай шчодра палітай крывёю зямлі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *