Свой чарговы працоўны водпуск работнік райветстанцыі Міхаіл Фёдаравіч Гардзіёнак праводзіць… на працы. Не на сваім рабочым месцы, але і не на дачы – багаты вопыт механізатарскай дзейнасці і працаздольнасць мужчыны кожны год запатрабаваны ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, большасці з якіх ён прыходзіў на дапамогу на корманарыхтоўцы. Вось і сёлета не адмовіў дырэктару ААТ “Дземенец” А.В.Шарыпенку і з пачатку касавіцы далучыўся да невялікага мехатрада гаспадаркі.
Зараз яны працуюць на дубраўскіх плошчах. А сенажу, нарыхтаванага на глыбацкіх участках, ужо амаль хопіць для зімоўкі невялікага статку гаспадаркі. Па стане на 22 чэрвеня ў “Дземенцы” заклалі 1807 тон зялёнага корму з неабходных 1950, нарыхтавалі 100 з запланаваных 150 тон сена. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы гэта дае ў суме 29,16 цэнтнера кармавых адзінак і з’яўляецца найлепшым паказчыкам сярод усіх гаспадарак Віцебшчыны! Зрэшты, у сельгаспрадпрыемстве разумеюць умоўнасць такога лідарства: “У нас тону заклаў – ужо кармавая адзінка! Пагалоўе ж зусім невялікае”, – кажа брыгадзір Аляксандр Уладзіміравіч Яловік.
Для дасягнення паказчыка скасіць прыйшлося плошчы ўдвая больш запланаваных – 371 гектар. Звалкаваных участкаў хапала, і ў сераду граблі не працавалі. Касіў травы першага году М.У.Яловік. Перасеў сёлета Мікалай Уладзіміравіч на МТЗ1221, а на энерганасычаным МТЗ-3022 яго ўдала падмяніў Віктар Рыгоравіч Шэўчанка, які быў сярод раённых перадавікоў на сяўбе, адказна працуе і на адвозцы зялёнай масы. На гэтым відзе работ задзейнічаны і браты Грачовы. Абкатаны МТЗ-3522 Анатоля Валер’евіча, атрыманы гаспадаркай на мінулагодніх абласных “Дажынках”, з лёгкасцю цягнуў шматтонны прычэп да сянажнай траншэі ў Хадакове. Ну а Руслан Валер’евіч на МАЗ-555 бярэ хуткасцю – ад Стай, дзе працаваў КВК800 М.Гардзіёнка да месца закладкі сенажу трэба было пераадольваць амаль 10 кіламетраў. Гэта ўсё роўна куды бліжэй, чым у сваю Глыбачку, таму месцам закладкі і была абрана траншэя комплексу Хадакова.
Кукурузу ў “Дземенцы” сёлета не сеялі, але колькасць кармавых адзінак у гаспадарцы будзе расці, бо касіць яшчэ ёсць дзе. Таму не факт, што корм, які механізатары нарыхтоўвалі ля Стай, пойдзе на патрэбы сваёй жывёле – хутчэй за ўсё сельгаспрадпрыемства прадасць сянаж, тым больш што попыт на яго сёлета будзе.
Не такімі тэмпамі як “Дземенец”, але да ўзроўню мінулага года на нарыхтоўцы кармоў плюсуюць амаль усе гаспадаркі. Ніжэй мінулагодніх паказчыкі ў ААТ “Ільюшынскі”, што абумоўлена выхадам са строю аднаго з двух КВК-800 – амаль тыдзень комплекс прастойваў зза адсутнасці дэфіцытнай дэталі. Але ў сераду зноў прыступіў да работы. Усяго сельгаспрадпрыемствы раёна скасілі 91,4 працэнта траў першага ўкосу, нарыхтавана 21665 тон сенажу. Па агульным танажу ў лідарах гаспадаркі з самым буйным пагалоўем – ААТ “Ільюшынскі”, “Ушацкі райаграсэрвіс” і КУСГП “Вялікадолецкае”. Але для нармальнай зімоўкі жывёлы ім неабходна яшчэ шмат папрацаваць – у адрозненне ад “Дземенца”, паказчык забяспечанасці кармамі тут складае адпаведна 7,04, 5,98 і 8,0 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.