Строительство физкультурно-оздоровительного комплекса «Юность» в Ушачах

Общество

“Што за завод узводзіцца ў вас?” – цікавіліся камандзіраваныя ва Ушачы работнікі аблгаза. Прыйшлося спачатку ўдакладняць месца, а потым тлумачыць, што будуецца не прамысловае прадпрыемства, а “фабрыка здароўя”, якой павінен стаць новы фізкультурна­-аздараўленчы комплекс “Юнацтва”.

Ушачане ўжо прывыклі да віду новага велічнага будынка, які міжволі прыцягвае ўвагу гасцей гарпасёлка і нават цяжка паверыць, што ўсяго чатыры гады таму на гэтым месцы была пустэча. Зараз жа ўсё часцей даводзіцца чуць пытанні аб тэрмінах здачы аб’екта. Работы на ім не спыняюцца, а генеральны падрадчык КУП “Полацксельбуд” задзейнічае на будоўлі шэраг сваіх даччыных арганізацый. На мінулым тыдні, калі наведаў комплекс, тут працавалі работнікі трох ПМК. Першымі сустрэў нашых будаўнікоў – брыгада Аляксандра Вітальевіча Касіча ўстанаўлівала бардзюры пешаходнай дарожкі, якую потым збіраліся выкладваць тратуарнай пліткай. Работы хапае і ўнутры будынка, але ж і аб’ёмы на добраўпарадкаванні вялікай тэрыторыі ўражваюць – толькі пліткі неабходна пакласці  3800 квадратных метраў!

На месцы будучага 25­-метровага басейна з чатырма дарожкамі пакуль толькі катлаван. А вось памеры і выгляд спартыўнай залы, дзе тынкоўкай займаліся работнікі Шаркоўшчынскай ПМК-­68, можна ўжо ацаніць, бо адна тарцовая сцяна была пафарбавана. Гатова і аснова пад трыбуну, якая змесціць звыш 200 гледачоў. Адсюль зручна будзе назіраць валейбольныя, баскетбольныя, міні­футбольныя, гандбольныя баталіі – універсальная зала адпавядае стандартам для правядзення матчаў па гульнявых відах спорту на самым высокім узроўні. Зона адпачынку, сауна, як і шэраг іншых памяшканняў таксама размесцяцца на першым паверсе.

А на другім, у будучай зале для шэйпінгу, вырываліся снапы іскраў з­пад зварачных апаратаў. Тут манціравалі металаканструкцыі перагародак прадстаўнікі Глыбоцкай ПМК-­48. Побач размесціцца і яшчэ адно памяшканне, якога ва Ушацкай дзіцяча­-юнацкай спартыўнай школе чакаюць напэўна больш, чым басейн. У дзюдаістаў нарэшце з’явіцца спецыялізаваная зала барацьбы, якая будзе суседнічаць з дарожкамі для моднага зараз боўлінга. Сама сутнасць комплексу прадугледжвае аказанне наведвальнікам шэрагу паслуг. Зразумела, што адведзена месца і для усіх неабходных дапаможных памяшканняў – раздзявальняў, санвузлоў, душавых кабін, пакояў для трэнераў, захоўвання спартыўнага інвентару. У комплекс таксама ўвойдзе гасцініца для спартсменаў, якая дасць магчымасць прыняць цэлую каманду да 20 чалавек. Гэта яшчэ адзін несумненны плюс будоўлі, бо ўмовы, калі пад адным дахам размешчаны і залы для трэніровак, і месца пражывання, павінны прыцягнуць патэнцыяльных арандатараў – у комплексе вучэбна­трэніровачныя зборы можна будзе праводзіць нават камандам майстроў.

Пры ўсіх фінансавых цяжкасцях работы на комплексе не спыняюцца і аб’ект не ператварыўся ў даўгабуд. Гэта не можа не радаваць. У гэтым, як і ў факце самога будаўніцтва, безумоўная заслуга нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, які кожны год спрыяе, каб ушацкі ФАК застаўся ў рэспубліканскай праграме будаўніцтва. Фінансаванне праекта ажыццяўляецца за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. У будаўніцтва ўжо ўкладзена каля 70 мільярдаў рублёў, а работы на дадзены момант выкананы прыкладна на 65 працэнтаў. Падчас візітаў на Ушаччыну Уладзімір Паўлавіч заўсёды наведвае будоўлю, цікавіцца ходам работ, аказвае дапамогу ў вырашэнні бягучых пытанняў. Таму, калі наша “фабрыка здароўя” нарэшце расчыніць дзверы для наведвальнікаў, ён будзе самым чаканым сярод ганаровых гасцей.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *