“Сонейка” сагравае эмоцыямі
Як адпачыць летам, каб яркія ўражанні і ўспаміны засталіся надоўга? Адказ на гэтае пытанне дакладна ведаюць юныя ўшачане, якім пашчасціла трапіць на змену ў дзённы аздараўленчы лагер “Сонейка”. Летнік на базе Ушацкай школы гасцінна адчыняе дзверы для вучняў малодшых класаў кожны год, і настолькі ён прывабны, што многія хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць сюды не раз.
Прыцягальнага тут, сапраўды, шмат. Сёлета, для прыкладу, тут утварылася вялізная сям’я – колькасць выхаванцаў дасягнула ажно 110. Усе 4 атрады сябруюць паміж сабой, хоць і існуе своеасаблівае спаборніцтва: за большую колькасць перамог у конкурсах, лепшыя паводзіны.
– Бягучая змена ў рамках акцыі “Лета на карысць” праходзіць у нас пад дэвізам “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю”, – расказвае начальнік лагера “Сонейка” Наталля Віктараўна Лыбзікава. – На кожны дзень распрацаваны самыя розныя мерапрыемствы: наведанне музея і бібліятэкі, інтэлектуальныя шоу, экскурсіі, спартыўныя гульні. Ёсць у нас і свае традыцыі. Так, напрыклад, штогод праводзім конкурсы “Містэр і Міс лагера”, своеасаблівыя Алімпійскія гульні і Дзень памяці, прымеркаваны да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Палёту ж фантазіі спрыяе і малады калектыў выхавальнікаў: акрамя вопытных педагогаў у летніку працуюць важатыя з ліку вучняў 78 класаў школы.
Лічаныя дні засталіся да закрыцця лагера. І ўжо зараз яго выхаванцы з энтузіязмам плануюць свой наступны “сонечны” адпачынак.
…і прыгажосцю
І зноў сцэна прасторнай залы Ушацкай школы расквітнела святочным убранствам: практычна пры поўным аншлагу тут прайшоў дзіцячы конкурс прыгажосці і кемлівасці “Міс Лагера-2016”, які штогод збірае нямала прыхільнікаў. Сёлета ж мерапрыемства атрымалася на рэдкасць масавым: удзел у конкурснай праграме пажадалі прыняць ажно 16 дзяўчынак, выхаванак аздараўленчага лагера “Сонейка”. А гэта Ксенія Курбака, Віка Харак, Маша Ладзік, Саша Пячура, Маша Мялешка, Віка Салавей, Паліна Жалейка, Даша Ладзік, Аня Лабань, Ліза Раманава, Ксенія Манух, Вераніка Габідуліна, Ксенія Мялешка, Дзіяна Тычына, Паліна Раманоўская і Віка Белая.
Візітныя карткі дзяўчат былі пасвойму цікавыя. Маленькія прыгажуні выкарысталі ўсе магчымыя сродкі самавыражэння – фатаграфію, відэаролікі, харэаграфічныя кампазіцыі, вершы, каб расказаць пра сваё жыццё, вучобу, хобі. Часам рабілі гэта сур’ёзна, часам з гумарам – усё ўспрымалася залай добразычліва і падтрымлівалася шчодрымі апладысментамі. Парадавалі прысутных інтэлектуальныя, танцавальныя і тэатральныя спаборніцтвы, а таксама дэфіле, без якога не абыходзіцца любы конкурс прыгажосці.
Некалькі гадзін доўжылася дзейства, падрыхтаванае старшай важатай лагера, педагогамарганізатарам школы Святланай Міхайлаўнай Ільюшэнка. Тым не менш, час як для ўдзельніц, так і для балельшчыкаў праляцеў імгненна. Кульмінацыйным жа момантам конкурсу, вядома, стала абвяшчэнне яго вынікаў і хвалюючая цырымонія ўзнагароджання. Так, тытул “Міс лагера – 2016” дастаўся Лізе Раманавай, на другім месцы – Паліна Раманоўская, на трэцім – Віка Салавей. І ўсё ж, думаецца, галоўнай перамогай для кожнай з дзяўчат стала іх смеласць, якая дазволіла выйсці на сцэну і гучна заявіць пра сябе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.