Инвалиды должны чувствовать себя полноправными членами общества

Общество

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму нашаму грамадзяніну права на працу, адпачынак, адукацыю, удзел у культурным жыцці, свабоду перамяшчэння. Але ёсць катэгорыя людзей, якой рэалізаваць гэтыя правы не так проста – маю на ўвазе асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Менавіта іх адаптацыі ў грамадстве прысвечана падпраграма “Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб” Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016­2020 гады, закліканая паспрыяць ухіленню натуральных, інфармацыйна­камунікацыйных і архітэктурных перашкод, што абмяжоўваюць доступ інвалідаў да сацыяльных аб’ектаў, замінаюць іх руху.

Менавіта апошняя праблема асабліва хвалюе жыхара райцэнтра, інваліда­калясачніка Уладзіміра Іванавіча Лазарэнку, які неаднойчы праз газету выказваў свае меркаванні па гэтай тэме. У прыватнасці, год таму мужчына ўзнімаў на нашых старонках пытанне неадпаведнасці існуючым нормам і міжнародным стандартам вуглоў з’езду паміж дарогай і тратуарамі на перакрыжаванні Ленінскай і Савецкай, наракаў на адсутнасць яго ў канцы тратуара ля павароту ў двор дома №16 па Ленінскай, немагчымасць узняцца па існаваўшым у той час пандусе будынку РКБА. Нагадаем, што частка ўзнятых інвалідам першай групы пытанняў была аператыўна знята: у прыватнасці, быў пераабсталяваны прыгаданы пандус. Зроблены і з’езд з выкладзенага пліткай тратуару непадалёк ад будынку, вось толькі зноў жа з яўным парушэннем тэхнічных нарматываў – вугал ухілу, які павінен складаць ад 8 да 20 градусаў, тут намнога большы, а таму заехаць па ім на тратуар інваліду­калясачніку немагчыма. Вядома ж, падоўжыць з’езд за кошт даволі вузкай праезнай часткі дарогі нельга, але ж гэтае патрабаванне трэба было ўлічыць пры будаўніцтве тратуара, зрабіўшы, напрыклад, яго паніжэнне, як гэта звычайна робіцца ў гарадах. Вельмі добра, што зараз будуюцца плітачныя тратуары ў цэнтры гарпасёлка, але ва У.І.Лазарэнкі і іншых ушацкіх інвалідаў ёсць сумненні, што яны змогуць карыстацца гэтымі камфортнымі пешаходнымі дарожкамі.

– Дзе гэтыя інваліды? Навошта для некалькіх чалавек, якія будуць падымацца па пандусах, выдаткоўваць на іх сродкі? – такое часам даводзіцца чуць ад асобных грамадзян, – з сумам зазначае Уладзімір Іванавіч. – Але ж яны не ўлічваюць той горкі фактар, што ніхто не застрахаваны ад захворванняў, няшчасных выпадкаў, траўматызму, што цягне за сабой інваліднасць і звязаныя з ёй нязручнасці. Мы не патрабуем нічога асаблівага – мы проста хочам адчуваць сябе паўнапраўнымі членамі нашага грамадства, а для гэта патрэбна, каб спецыялісты, адказныя за выкананне існуючых патрабаванняў, сумленна выконвалі свае абавязкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

У Беларусі пражывае каля 20 тысяч інвалідаў­калясачнікаў, больш трох дзясяткаў такіх людзей жывуць у нашым раёне.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *