Звук самолётов возвращает Евгению Николаевну Гриневич в тот страшный день начала войны

70-годдзе Перамогі

На пачатак вайны мне было 13 гадоў. Жылі мы ў вёсцы Андрэйчыкі, што зусім блізка ад мястэчка Кублічы. У нядзелю, 22 чэрвеня я атрымала заданне ад маці аднесці нешта цётцы Марылі ў Двор Кублічы (і зараз старажылы падзяляюць Кублічы і Двор Кублічы). Бегла, падскокваючы, пакуль не з’явіліся самалёты. Многа самалётаў. Вярнулася дамоў я хутка – самалёты праляцелі, а людзі ў вёсцы плакалі, казалі, што пачалася вайна. Дзядзьку Івану Фёдаравічу Андрэйчыку прыйшла павестка явіцца ў ваенкамат. А тату Мікалая Барысавіча Андрэйчыка не выклікалі, таму што ён з дзяцінства не бачыў адным вокам. Працаваў ён рабочым у камендатуры. Да вайны ў нас на тэрыторыі Кубліцкага сельсавета было дзве пагранічныя заставы: Кір’янава знаходзілася за Кляпцамі, а Левашова каля Лісічына. Называлі іх так па прозвішчах пагранічнікаў, начальнікаў застаў.

Падчас вайны ў нашым доме некалькі разоў спыняліся партызаны, у прыватнасці, камбрыг Фёдар Фёдаравіч Дубаў (Дуброўскі) з трыма вартавымі. Ён быў знаёмы з татам яшчэ да вайны, калі працаваў у Кубліцкім сельсавеце. Калі ж былі партызаны з камбрыгам Талаквадзэ, спыняліся ў доме Соф’і Сцяпанаўны Ушаковай – пасля вайны завуча Кубліцкай школы. Мама клікала камбрыга Дубавым, а ён сказаў: “Ганна Якаўлеўна, называйце мяне Дуброўскім”. Я дапамагала маці гатаваць партызанам ежу, мыла посуд.

Аднойчы да нас прывезлі лётчыкаў, якіх збілі ля возера Шо. Іх давялося пераапранаць у цывільнае адзенне: маці дала рэчы сына Міхаіла, а суседка Кацярына Андрэйчык – свайго мужа. Хавалі іх позна ўвечары, баяліся, каб не заўважылі немцы, якія стаялі ў Кублічах. Рэчы ж лётчыкаў (бушлаты, абутак, шапкі і іншыя) я закапала за агародам каля дубкоў.

Аднойчы самалёты ляцелі нізка-нізка і разварочваліся прама над нашым домам. Я чысціла бульбу, бачыла іх праз акно і баялася выйсці з дому. Прыбег партызан, схапіў мяне і мы пабеглі хавацца пад масток у канаву. Павыскоквалі ў ніжняй бялізне і партызаны, якія тапілі ў нас лазню. Мяркую, што немцы атрымалі заданне бамбіць школу ў Кублічах. Андрэйчыкі бамбілі пазней – скідвалі скрыні з запальнымі бутэлькамі. Адна з іх трапіла зусім блізка ад дома, аднак ён не загарэўся – быў адзіны цагляны ў вёсцы. Ён і зараз стаіць у Андрэйчыках – чырвоны, літарай “Г” – на дзве сям’і, які будаваў дзед Барыс, а пазней жылі сем’і двух братоў: майго таты Мікалая і дзядзькі Васіля. У вайну ў Андрэйчыках і ўцалела толькі два дамы.

Калі вызвалілі раён, я пайшла ў 5 клас Кубліцкай школы, а было мне 16 гадоў. Аднойчы прыйшоў дадому старшыня калгаса Міхаіл Гаўрылавіч Верташонак і сказаў, што трэба ісці за каровамі для раёна. Спачатку мы з Жэняй Паршонак хадзілі пешшу за камандзіроўкамі ў Полацк, а праз некалькі дзён чыгункай даехалі да Познані, з намі было шмат дзяўчат з раёна. У Польшчы яшчэ ішла вайна, мы былі прыкамандзіраваны да Першага Беларускага фронту, якім камандаваў Жукаў. Дапамагалі гатаваць на кухні, потым нас пазнаёмілі з карабінамі, былі нарады і выклікі па трывозе. Я неаднойчы бачыла Жукава, які выступаў перад салдатамі з трыбуны. Там жа ў Познані і сустрэла Дзень Перамогі.

Пасля яшчэ папрацавалі ў часці, а потым нам выдалі замест кароў коней. Яны былі запрэжаны ў дышла, некаторыя яшчэ і прывязаны за хвасты, так мы і ехалі. Вельмі страшна было перабірацца праз пантонныя масты, якія бачыла ўпершыню. Памятаю Варшаву, якая была ўся ў руінах. Да Брэста нас суправаджалі салдаты, паколькі было небяспечна, а ў Брэсце мы здалі карабіны і паехалі самастойна.

Калі вярнулася, дома ўжо была карова – выдалі як сям’і, страціўшай на фронце сына. Брат Міхаіл прапаў без вестак. Служыць у Чырвоную Армію ён пайшоў на год раней, у 17 гадоў – у ваенкамаце яго залічылі “па выглядзе” – быў высокім, здаровым, стройным, прыгожым. Служыў на востраве Эйзель у Эстоніі ў супрацьпаветраных войсках. У яго лістах дадому чулася, што будзе вайна. Суседка Нюра Андрэйчык не раз перачытвала з мамай лісты і пыталася, адкуль ён гэта ведае. Пасля года службы ён збіраў дакументы, хацеў паступіць у лётнае вучылішча, аднак пачалася вайна. Той ліст з паўвострава быў апошнім. Салдат эвакуіравалі на сушу, дзе Міша быў паранены. У запісцы, якую перадаў знаёмым, напісаў, што знаходзіцца ў цяжкім стане. Магчыма, ён і памёр ад ран.

А вось яго мару стаць лётчыкам ажыццявіў мой дваюрадны брат Мікалай Васільевіч Андрэйчык, пра якога можна прачытаць у кнізе “Памяць. Ушацкі раён”. Дарэчы, памылкова ён запісаны там не Мікалаем, а Міхаілам. Марыць стаць лётчыкам і мой праўнук Уладзік, якому зараз 7 гадоў. Я ж гул самалётаў не люблю і зараз, бо кожны раз яны вяртаюць мяне у той страшны дзень пачатку вайны.

Я.ГРЫНЕВІЧ.

Гэты аповед мая маці Яўгенія Мікалаеўна Грыневіч (Андрэйчык) расказала 1 чэрвеня школьнікам Плінскай школы, якія завіталі да яе ў госці з кветкамі з бісеру невыпадкова. Ведала, што ў матулі быў дзень нараджэння, ёй споўнілася 88 гадоў, іх класны кіраўнік Галіна Сяргееўна Данілёнак. Уладу Калачову, Маргарыту і Крысціну Федарэнка, Таццяну Крывёнак я памятала як і сваіх вучняў. Рада была я сустрэчы з былымі калегамі Уладзімірам Барысёнкам і Ірынай Марковіч. Удзельнікі падарожжа спачатку пабылі на адноўленым “Прарыве”, у сядзібе-музеі Быкава, а на начлег разбілі палаткі ля нашага возера Горнава, якое так любіў Васіль Быкаў. Тут жа ў свой час здымалі фрагмент стужкі “Балада аб мужнасці і любві”. Памятаю, мы з татам, Браніславам Антонавічам Грыневічам, у той дзень перавозілі сена, ехалі з апошнім возам, калі пачалася страшэнная навальніца. Калі ж на прэзентацыі фільма пайшлі кадры з навальніцай, людзі, што сядзелі ззаду, пачалі казаць, у нас такой не бывае, маўляў, выразалі з іншых стужак. Запэўніла іх, што навальніца наша – белюкоўшчынская. Вось і нашым вучням з Плінскай школы мы казалі, калі будзе дождж – калі ласка на начлег у дом.

Цудоўная адбылася сустрэча, пазнавальная для дзяцей і вельмі прыемная для дзіця вайны – маёй матулі.

Л.ШАХ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *