Главный врач Ушачской ЦРБ Сергей Моисеев — мастер спорта международного класса по стрельбе и чемпион Беларуси

К профессиональному празднику

Зусім хутка мы пачнём перажываць за айчынных алімпійцаў, якія будуць адстойваць гонар краіны ў бразільскай сталіцы. Сярод відаў спорту, з якімі ў беларусаў традыцыйна звязаны медальныя надзеі, – кулявая стральба. Яшчэ і зараз у многіх у памяці залаты трыумф Сяргея Мартынава на мінулай Алімпіядзе ў Лондане, гэты ўнікальны стралок прынёс Беларусі дзве бронзы і на папярэдніх гульнях. Аж на трох алімпіядах заваёўваў медалі легендарны спартсмен Ігар Басінскі. З золатам вярнулася з Сеула Ірына Шылава, а з Барселоны – Канстанцін Лукашык. Такім чынам, стралковыя падзеі ў Рыа дэ ­Жанейра мусяць быць для нас цікавымі. Але ёсць на Ушаччыне чалавек, які будзе сачыць за імі з асаблівай увагай – гэта майстар спорту міжнароднага класа па кулявой стральбе, чэмпіён Беларусі, пераможца і прызёр шэрагу ўсесаюзных спаборніцтваў і міжнародных турніраў, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Анатольевіч Маісееў.

У стралковы спорт ён прыйшоў у 10 год: у той час якраз выйшаў на савецкія экраны фільм пра мушкецёраў, і літаральна ўсе хлопчыкі пачалі запісвацца ў секцыі па фехтаванні і стральбе. У віцебскай школе, дзе вучыўся Сяргей, быў сучасны цір, і ўжо першыя стралковыя практыкаванні паказалі, што ў хлопчыка вялікі талент, а рысы характару дапамогуць яго развіць. Гэты від спорту вельмі спецыфічны, бо ў ім трэба змагацца не з сапернікам, а з сабой. Калі ў большасці іншых у момант выхаду на пляцоўку, рынг, памост спартсмену варта максімальна сканцэнтравацца, то тут, наадварот, выйграе той, хто здолее расслабіцца, абстрагавацца ад таго, што адбываецца наўкол. “Уявіце сабе, “дзясятка” мішэні ў практыкаванні стральба з пнеўматычнай вінтоўкі з адлегласці 10 метраў мае дыяметр 0,5 міліметра. Любая дробязь у момант націскання на курок – няправільны ўздых, шоргат, прамільгнуўшая думка – і куля пойдзе ўбок. Калі думаць пра тое, як зрабіць удалы выстрал, ён ні ў якім разе не атрымаецца”, – расказвае Сяргей Анатольевіч. Стралкі высокага ўзроўню як правіла і ў жыцці спакойныя, ураўнаважаныя, вытрыманыя. Прынамсі, усіх пералічаных вышэй знакамітых спартсменаў Сяргей Анатольевіч ведае асабіста, бо ў свой час абараняў разам з імі гонар Беларусі ў складзе нацыянальнай зборнай. Расказвае, напрыклад, што Сяргей Мартынаў нешматслоўны і вельмі прыстойны чалавек, які ўсё жыццё падпарадкаваў адной мэце – стаць лепшым у сваёй справе. А вось самы адкрыты і вясёлы – Косця Лукашык. Зрэшты, у звычайнай кампаніі і ён, напэўна, паказаўся б занудай: жартаўнікігарэзы ў гэтым спорце – нонсэнс. Увогуле ў дзевяностыя гады, на якія ў асноўным прыпала спартыўная кар’ера Сяргея Маісеева, у зборных па стральбе панавала жалезная дысцыпліна. За курэнне, напрыклад, пагражала адлічэнне, а алкаголь у стральбе наогул лічыцца допінгам. Строгае захаванне спартыўнага рэжыму дазваляла беларусам дабівацца высокіх рэзультатаў. Неаднойчы выйграваў міжнародныя спаборніцтвы і Сяргей – напрыклад, на турніры ў Мюнхене паказаны ім вынік толькі на 2 ачкі не дасягнуў рэкорду свету.

У складзе беларускай зборнай С.Маісееў аб’ездзіў усю Еўропу. І пры гэтым змог паспяхова сумяшчаць вялікі спорт з прафесійнай кар’ерай – скончыў Віцебскі медінстытут, атрымаўшы спецыяльнасць урачапульманолага, і неўзабаве ўзначаліў адпаведнае аддзяленне Віцебскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Высокі прафесійны ўзровень маладога медыка не застаўся незаўважаны: у трыццаць год ён ужо быў галоўным урачом ТМА Чыгуначнага раёна Віцебска, пазней узначальваў бальніцу Віцебскага раёна. На прапанову паспрабаваць сябе ў якасці кіраўніка медыцынскай галіны Ушаччыны згадзіўся з цікавасцю: прызнаецца, што хоць і з’яўляецца карэнным гараджанінам, пажыць у глыбінцы хацеў заўсёды, да таго ж нашы мясціны лічыць амаль роднымі: маці Сяргея Анатольевіча родам з Полаччыны. За той час, што жыве і працуе ва Ушачах, паспеў не толькі ацаніць прыгажосць нашых мясцін, але і скласці ўяўленне пра тутэйшых людзей, а найперш – пра сваіх калег.

– Адразу зразумеў, што мне пашчасціла ўзначаліць згуртаваны, здольны да вырашэння любых задач працоўны калектыў. Магу сказаць, што ў цэлым па ўзроўні падрыхтоўкі ўшацкія ўрачы ні ў чым не саступаюць гарадскім, але пры гэтым яны больш універсальныя спецыялісты. А ў плане чуласці, шчырасці адносін да пацыентаў увогуле дадуць фору многім калегам з цэнтральных клінік. Для работнікаў Ушацкай ЦРБ – урачоў, медсясцёр, вадзіцеляў – абсалютна ў парадку рэчаў, кінуўшы ўсе справы, тэрмінова прыбыць на працоўнае месца ноччу ці ў выхадны дзень, калі ў гэтым узнікла патрэба. Зараз ва Ушачах працуюць спецыялісты, якія б “задавалі тон” і ў лепшых гарадскіх клініках – такія, напрыклад, як Анатоль Уладзіміравіч Кісялёў, Аляксандр Віктаравіч Паншын, Таццяна Мікалаеўна Сідарэнка і многія іншыя. Вельмі дастойнае ў нас і новае пакаленне ўрачоў – Наталля Дрозд, Таццяна Бумажэнка, Вольга Шлёнская, Вольга Ярмош, Кацярына і Вадзім Наўцэні, іншыя маладыя спецыялісты ўжо паспелі даказаць, што лячыць людзей – іх прызванне. Карыстаючыся выпадкам, усіх ушацкіх медыцынскіх работнікаў, ветэранаў нашай сферы хачу сардэчна павіншаваць з прафесійным святам і пажадаць, канечне, моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, асабістага шчасця і дабрабыту.

Некаторыя людзі мяркуюць, што са сваімі хваробамі лепш ехаць у гарадскія клінікі – маўляў, там больш магчымасцяў. З вышыні свайго ўрачэбнага вопыту магу запэўніць, што гэта далёка не так. Калі выстаўлены дакладны дыягназ, пратакол лячэння будзе аднолькавы ў любой установе (за выключэннем складаных выпадкаў, калі патрабуецца спецыяльнае абсталяванне). Узровень жа тэхнічнай аснашчанасці нашай ЦРБ цалкам адпавядае ўсім патрабаванням. Гэта плён дзяржаўнай палітыкі ў галіне медыцыны, пастаяннай увагі і падтрымкі з боку нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, раённай улады.

Свае словы пра годны ўзровень ушацкай медыцыны Сяргей Анатольевіч праілюстраваў такім прыкладам. Не так даўно давялося яму пабываць у блізкіх людзей у Наваполацку. Паназіраўшы за гаспадаром дома, ён выказаў меркаванне, што ў мужчыны ёсць праблемы са здароўем. Той запэўніў, што з ім усё ў парадку, бо зусім нядаўна быў на абследаванні ў мясцовай паліклініцы, аднак згадзіўся прайсці паўторнае ва Ушачах. У выніку нашы спецыялісты дыягнаставалі ў гараджаніна небяспечную паталогію сэрца – зараз ён рыхтуецца да аперацыі.

Аднак ніякія ўрачы не змогуць вылечыць і тым больш папярэдзіць хваробу, калі ў гэтым не зацікаўлены сам пацыент. “Нават калі нічога не непакоіць, абавязкова трэба не радзей чым раз у год бываць у паліклініцы ці хаця б на ФАПе. Бо здараецца так, што бяда ўжо на парозе, а мы не хочам сабе ў гэтым прызнацца, адцягваем візіт да доктара, губляючы дарагі час”, – разважае С.А.Маісееў. А таксама падкрэслівае, што наша самаадчуванне найперш залежыць ад двух фактараў: ладу жыцця і харчавання. Нягледзячы на прывабнасць далёкіх краін, жыць пажадана там, дзе ты нарадзіўся: наш генатып на прамую звязаны з роднай зямлёй, з мясцовымі прадуктамі, а ўсялякая модная экзотыка нічога акрамя алергіі і непатрэбных выпрабаванняў для страўніка не прыносіць. Мы лічым сваю маленькую радзіму звыклай, будзённай і часта не ўсведамляем, што кожная мясцовасць пасвойму ўнікальная, што побач жывуць надзвычай цікавыя людзі, якія дасягнулі выбітных поспехаў у сваіх прафесіях, занятках, захапленнях.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *